Саакашвілі папрасіў Зяленскага ўключыць яго ў спісы ваеннапалонных
Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які адбывае прысуджаны яму вялікі тэрмін зняволення на радзіме, апублікаваў у фэйсбуку зварот да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. У ім палітык сцвярджае, што крымінальныя справы ў Грузіі супраць яго завялі праз ягоную дзейнасць ва Украіне.
Міхаіл Саакашвілі
«У гэтым кантэксце абсалютна відавочна, што мае ганенні і мой лёс звязаны з вайной. Я грамадзянін Украіны і старшыня выканкама Нацыянальнай рады рэформаў, дзе меў гонар працаваць пад вашым кіраўніцтвам. Хачу папрасіць вас, як і ў 2019 годзе, калі вы вярнулі мне незаконна адабранае грамадзянства, уключыць мяне ў якасці былога старшыні Адэскай АДА, старшыні выканкама Нацыянальнай рады рэформаў, які незаконна ўтрымліваецца прарасійскім рэжымам Грузіі, у спіс цывільных ваеннапалонных гэтай вайны з адпаведнымі прававымі наступствамі.
Я ведаю, што ўкраінцы не кідаюць сваіх, і я разлічваю на вас», — піша Саакашвілі.
12 лістапада стала вядома, што Міхаіла Саакашвілі перавялі з бальніцы назад у турму. Апошнія тры гады ён правёў у клініцы з-за праблем са здароўем.
Міхаіла Саакашвілі затрымалі ў кастрычніку 2021 года, калі ён вярнуўся, будучы ў вышуку, у Грузію напярэдадні парламенцкіх выбараў, і потым асудзілі на тры гады зняволення, потым яшчэ на тры.
У сёлетнім сакавіку яго асудзілі дадаткова ў агульным ліку на 12,5 гадоў па справах аб незаконным перасячэнні мяжы Грузіі і растраце дзяржаўных сродкаў. Нядаўна супраць яго і іншых грузінскіх апазіцыянераў распачалі чарговую крымінальную справу, таму тэрмін неўзабаве можа павялічыцца.
Чытайце таксама:
Міхаіла Саакашвілі выпісалі з бальніцы і вярнулі ў турму
Саакашвілі абвінавацілі ў злачынствах супраць дзяржавы
Што Саакашвілі казаў Лукашэнку, каб вызвалілі палітвязняў
Саакашвілі: Я ўпэўнены, што Макея забіла Масква і гэта было апошнім папярэджаннем Лукашэнку