Украінскія войскі працягваюць адступаць на гуляйпольскім кірунку
Украінскія войскі адступілі з некалькіх населеных пунктаў на паўднёвым усходзе Запарожскай вобласці, дзе працягваецца наступ расійскіх войскаў.
Фота ілюстрацыйнае
Паводле паведамленняў камандавання Сіл абароны Поўдня, украінскія вайскоўцы перамясціліся на «больш выгадныя пазіцыі, каб захаваць жыццё асабовага складу». У Кіеве падкрэсліваюць, што далейшае прасоўванне расійскіх войскаў у гэтым раёне спынена, аднак баі па-ранейшаму вядуцца вельмі цяжкія.
Асабліва напружаная сітуацыя захоўваецца на аляксандраўскім і гуляйпольскім кірунках. Там расійская армія наносіць масіраваныя ўдары і вядзе штурмавыя дзеянні каля населеных пунктаў Прывольнае, Зялёны Гай, Раўнаполле, Паўлаўка, Вараное, Стэпавае і Навапаўлаўскае.
Праект DeepState паведаміў, што расійскай арміі ўдалося акупаваць адразу два сяла — Новае і Наваўспенаўку, а таксама захапіць новыя тэрыторыі каля сёлаў Салодкае, Раўнаполле і Яблыкава. Да паўночных ускраін Гуляйполя арміі РФ застаецца ўсяго 7 кіламетраў.
Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі паведаміў, што сітуацыя на ўсходзе вобласці «значна пагоршылася». Па яго словах, праціўнік, маючы перавагу ў колькасці людзей і тэхнікі, у жорсткіх баях здолеў прасунуцца і заняць тры населеныя пункты. Ён таксама адзначыў, што расійскія войскі выкарыстоўваюць шчыльны туман, каб пранікаць паміж украінскімі пазіцыямі.
На гэтым фоне ўлады Украіны абвясцілі пра абавязковую эвакуацыю сем’яў з дзецьмі з пасёлка Малакацярынаўка ў Запарожскай вобласці. Жыхарам раяць не адкладаць выезд і выконваць указанні службаў, бо галоўная мэта — бяспека людзей.
Эвакуацыя арганізаваная таксама ў прыфрантавым горадзе Гуляйполе. Паводле мясцовай адміністрацыі, цяпер у горадзе засталося менш за 500 чалавек з амаль 12,8 тысячы, якія жылі там да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе.
DeepState стаў фіксаваць прасоўванне арміі Расіі на поўнач ад Гуляйполя прыблізна з 5 лістапада — з тых часоў расіяне пераадолелі прыблізна 10 кіламетраў. Украінскі Генштаб раніцай 12 лістапада паведаміў пра 23 атакі на аляксандраўскім і 3‑х — на суседнім гуляйпольскім — за мінулыя суткі.
Чытайце таксама:
Расійскія войскі занялі чатыры сялы пад Запарожжам, пагроза навісла над горадам Гуляйполе
«Гэта сапраўдная небяспека для Украіны». Ва УСУ расце колькасць выпадкаў самаволак і дэзерцірства
З'явілася ВІДЭА ўезду расійскіх вайскоўцаў у Пакроўск
Прыхаванае пранікненне: якія змены ў тактыцы расійскай арміі паказаў штурм Пакроўска?