У Расіі загадалі перавесці ўсе дамавыя чаты ў месенджар Max
Міністр будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Расіі Ірэк Файзулін абвясціў, што ўсе дамавыя чаты шматкватэрных дамоў у Расіі да канца 2025 года павінны быць перанесеныя ў месенджар Max, паведамляе ТАСС.
Калаж: Xpert.Digital
Гэта азначае, што кожны расійскі дом павінен стварыць афіцыйны чат у гэтым месенджары і перавесці ў яго ўсе наяўныя камунікацыі, якія раней былі ў Telegram і WhatsApp. Пры гэтым чат будзе афіцыйна прызнаны «дамавым чатам».
Ірэк Файзулін адзначыў, што гэтая задача вельмі маштабная: гаворка ідзе пра амаль мільён шматкватэрных дамоў па ўсёй краіне. Але ён не ўдакладніў, якім чынам урад збіраецца прымусіць жыхароў перайсці на Max.
Месенджар Max афіцыйна пазіцыянуецца як нацыянальны месенджар Расіі. Хоць ён пакуль знаходзіцца на стадыі тэставання, ужо вядзецца шырокая рэкламная і інфармацыйная кампанія, каб перавесці карыстальнікаў з замежных сэрвісаў на яго. Адначасова расійскія ўлады абмяжоўваюць працу двух самых папулярных замежных месенджараў — Telegram і WhatsApp. Напрыклад, са жніўня ў гэтых сэрвісах забароненыя званкі.
Чытайце таксама:
Месенджар Max стаў самым папулярным у Беларусі? Лухта, і вось чаму
У Telegram пачалі рэкламаваць прыкладанне Telega, але яго стварылі ў Расіі
VK стварае аналаг усеахопнага кітайскага WeChat з дзяржпаслугамі і плацяжамі