БЕЛ Ł РУС

Рутэ: Краіны НАТА ўжо апярэджваюць Расію не толькі ў якасці боепрыпасаў, але і ў колькасці

8.11.2025 / 19:23

Nashaniva.com

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ заявіў, што альянс цяпер выпускае больш боепрыпасаў, чым Расія, і гэта сведчыць пра пералом у шматгадовай тэндэнцыі, калі Масква пераўзыходзіла Захад у аб'ёмах вытворчасці, піша The Washington Times.

Марк Рутэ. Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert

Марк Рутэ нагадаў, што яшчэ ў ліпені расійскія заводы выпускалі ў тры разы больш боепрыпасаў за тры месяцы, чым НАТА за год, але цяпер сітуацыя змянілася. Пра гэта ён паведаміў на форуме NATO-Industry Forum у румынскім Бухарэсце.

Паводле слоў генеральнага сакратара НАТА, нават калі раней альянс саступаў Расіі ў колькасці выпушчаных снарадаў, НАТА заўсёды мела перавагу ў якасці ўзбраення. Аднак неабходна было хутка павялічыць і аб’ёмы вытворчасці ды скараціць тэрміны паставак.

«Па ўсёй тэрыторыі альянсу цяпер адкрываюцца дзясяткі новых вытворчых ліній, а тыя, што ёсць, пашыраюцца», — падкрэсліў Рутэ.

Ён адзначыў, што НАТА вырабляе ўжо цяпер больш боепрыпасаў, чым за апошнія дзесяцігоддзі, але праца працягваецца. Асаблівая ўвага будзе нададзеная павелічэнню вытворчасці сродкаў СПА і танных перахопнікаў беспілотнікаў, дзе «колькасць мае вырашальнае значэнне».

Рутэ таксама падкрэсліў, што моцная абаронная прамысловасць — аснова моцнага альянсу, і нагадаў, што краіны-чальцы дамовіліся павялічыць выдаткі на абарону да 5% ВУП да 2035 года.

«Гэта сур’ёзныя выдаткі, але без іх мы не здолеем гарантаваць сваю бяспеку», — сказаў ён.

Паводле слоў генеральнага сакратара НАТА, краіны альянсу плануюць набываць больш сучаснай тэхнікі — самалёты, танкі, караблі, дроны, боепрыпасы, а таксама сродкі кіберабароны і касмічныя тэхналогіі.

Рутэ адзначыў, што поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну ў 2022 годзе стала найбольш відавочным прыкладам пагрозы, з якой сутыкаецца альянс. Пры гэтым небяспека не знікне нават пасля заканчэння вайны, бо Расія застанецца дэстабілізацыйнай сілай у Еўропе і свеце.

«Расія не адна. Яна супрацоўнічае з Кітаем, Паўночнай Карэяй, Іранам і іншымі краінамі. Яны ўзмацняюць сваю вайсковую кааперацыю і рыхтуюцца да працяглага супрацьстаяння. Мы не можам быць наіўнымі — трэба быць гатовымі», — заявіў кіраўнік НАТА.

Чытайце таксама:

Трамп заявіў, што трэба паўгода, каб навучыцца выкарыстоўваць ракеты «Тамагаўк», але ЗША не будуць вучыць гэтаму іншых

Генеральны сакратар НАТА падтрымаў ідэю Трампа спыніць вайну ва Украіне па лініі фронту

«Мы ў 25 разоў большыя». Генсак НАТА заклікаў не перабольшваць вайсковы патэнцыял Пуціна

«Паляванне на найбліжэйшага механіка». Марк Рутэ пасмяяўся з Расіі праз паломку яе падводнай лодкі

Марк Рутэ абвясціў пра запуск спецыяльнай праграмы НАТА для абароны ўсходняга флангу альянсу

Каментары да артыкула