БЕЛ Ł РУС

ЗША выпрабавалі ракету Minuteman III, а Пуцін сабраў Раду бяспекі

5.11.2025 / 23:4

Nashaniva.com

Злучаныя Штаты Амерыкі правялі выпрабавальны запуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты Minuteman III без баявой часткі. Як паведамілі ў Камандаванні касмічных сіл ЗША, запуск адбыўся 5 лістапада ў 01:35 па ціхаакіянскім часе з авіябазы Вандэнберг у Каліфорніі.

Падрыхтоўка ракеты Minuteman III. Здымак ілюстрацыйны. Фота: John Turner / U.S. Air Force via AP

Ракета праляцела каля 6700 кіламетраў і дасягнула палігона на атоле на Маршалавых астравах. Паводле даных вайскоўцаў, выпрабаванне было планавым і прызначалася для праверкі надзейнасці, дакладнасці і баявой гатоўнасці комплексу Minuteman III, максімальная далёкасць якога складае каля 9500 кіламетраў.

У Камандаванні касмічных сіл ЗША падкрэслілі, што запуск не мае дачынення да нядаўняй заявы Дональда Трампа адносна магчымага аднаўлення ядзерных выпрабаванняў у ЗША.

Тым часам прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін даручыў МЗС, Міністэрству абароны, спецслужбам і іншым ведамствам падрыхтаваць прапановы наконт магчымасці аднаўлення ядзерных выпрабаванняў — упершыню за апошнія 35 гадоў. Пра гэта ён паведаміў падчас нарады з пастаяннымі членамі Рады бяспекі ў Крамлі.

Па словах Пуціна, усе гэтыя структуры павінны сабраць дадатковую інфармацыю, прааналізаваць яе і прадставіць узгодненыя прапановы аб тым, ці варта пачынаць падрыхтоўку да выпрабаванняў.

Міністр абароны Андрэй Белавусаў прапанаваў пачаць падрыхтоўку да поўнамаштабных выпрабаванняў на палігоне Новая Зямля ў Архангельскай вобласці, дзе апошні ядзерны выбух адбыўся ў 1990 годзе.

Раней Пуцін заяўляў пра завяршэнне выпрабаванняў расійскіх ядзерных распрацовак — ракеты «Буравеснік» і ядзернай тарпеды «Пасейдон».

Чытайце таксама:

На гэтым тыдні ЗША правядуць выпрабаванне міжкантынентальнай балістычнай ракеты

Ядзерныя міжкантынентальныя балістычныя ракеты робяцца непрыдатнымі нашмат хутчэй, чым лічылася раней

Мядзведзеў пагражае сцерці Бельгію з зямлі

Беларусь забяспечвае тэхнічнае абслугоўванне элементаў расійскіх стратэгічных ядзерных сіл — «Белпол»

Каментары да артыкула