БЕЛ Ł РУС

Усяго 7 рублёў на дзень траціць трэнер з Бараўлян на здаровае харчаванне

2.11.2025 / 19:44

Nashaniva.com

Як так атрымліваецца і што ён есць?

Глеб Шутаў. Фота: «Прысталічча»

Трэнер Глеб Шутаў з Бараўлян перакананы, што здаровае харчаванне можа быць танным.

Глеб цяпер у стадыі набору мышачнай масы (важыць каля 90 кг), траціць на ежу каля 210‑220 рублёў у месяц, піша «Прысталічча».

«Каб набіраць «магутную» масу, у мяне ідзе парадку 7‑8 рублёў у дзень на харчаванне. Я бяру бялкі не з ласося, а з тварагу, курынай грудкі і яек. Вугляводы — з грэчкі і рысу. Гэтыя прадукты даюць столькі ж сіл для трэніровак, што і дарагія аналагі», — сцвярджае трэнер.

Яго штодзённы рацыён просты: напрыклад, на сняданак — два яйкі з рысам і тварог, на абед — курыца з грэчкай. Такі падыход эканоміць не толькі грошы, але і час на гатаванне і падлік калорый.

«Мне прасцей лічыць бялкі і вугляводы, калі я ем адно і тое ж. Тады не трэба кожны раз пералічваць. Я ўжо прывык, і мяне ўсё задавальняе. Але пры жаданні разнастайнасць уносіць можна і трэба», — раіць трэнер.

Глеб скептычна ставіцца да суперфудаў і дабавак.

«Арганізму ўсё роўна, возьмем мы бялок з тварагу ці з «супермегадабаўкі» — у страўніку ўсё расшчапляецца на амінакіслоты. Яму неістотна, адкуль мы іх узялі».

На думку трэнера, пераход на здаровы лад жыцця — гэта не дадатковыя траты, а, наадварот, эканомія.

«Калі ў мяне заўтра цяжкая трэніроўка, я ўвечары не пайду траціць грошы на кактэйлі. Гэта ўжо эканомія, — прыводзіць прыклад Глеб. — Калі чалавек не высыпаецца, арганізм знаходзіцца ў стрэсе і імкнецца з'есці тлустую і багатую на вугляводы ежу для хуткай энергіі. І калі высыпацца і есці дастаткова бялку, то знікае сама цяга да спантанных перакусаў прысмакамі».

Чытайце таксама:

Сацсеткі ў захапленні ад метыленавага сіняга. Ён сапраўды дапамагае?

Cіла поціску рукі ў 50 гадоў можа прадказаць ваша здароўе ў 70: вынікі даследавання

Новы трэнд: цыбульны сок, каб валасы сталі здаравейшыя. Гэта праўда працуе?

Каментары да артыкула