БЕЛ Ł РУС

Беларус назірае за палякамі. І не толькі

30.10.2025 / 20:42

Зося Лугавая

«Цягнік да Познаня» Аляксея Правалоцкага — гэта назіранні за польскім жыццём. Але гэта адначасова і пра тую Беларусь, якая працягвае жыць у эмігрантах, піша Зося Лугавая.

Культавая выкладчыца Ліцэя БДУ Марына Казлоўская — а яна гурман беларускай літаратуры — пасля працы з тэкстамі Аляксея Правалоцкага назвала яго сваім любімцам. 

У ягоных тэкстах глыбокія рэфлексіі і выдатная беларуская мова. Свайго эмігранцкага досведу ён не ідэалізуе, але знаходзіць у ім шмат цікавага. Усё ўбачанае прапускае праз беларускую прызму. Бо і не імкнецца стаць кімсьці іншым.

Аляксей Правалоцкі шмат чэрпае з назіранняў за людзьмі, але выбудоўвае на гэтым свой сусвет: назіранне, таямніца, здагадка, абгрунтаванне, туман фіналу. Аўтар назірае за выпадковымі мінакамі і суседзямі, збірае фрагменты штодзённага жыцця, робіць здагадкі і выбудоўвае тэорыі пра незнаёмых яму людзей. Часам прызнаецца, што ўсё можа быць інакш, гэта толькі яго версія. І ты задаешся пытаннем: колькі тут праўды? І потым: а ці патрэбная яна тут? 

Аляксей Правалоцкі — былы выкладчык Лінгвістычнага ўніверсітэта ў Мінску, дзе ён працаваў цягам 10 год. Звольніўся ў лістападзе 2020 года, пасля пратэстаў, калі пачалі заводзіць крыміналкі. Пераехаў у Кіеў, потым больш за год пражыў у Адэсе. Напярэдадні вайны паехаў у Варшаву, дзе і застаецца дагэтуль.

Былы выкладчык Іняза перайшоў на беларускую ў эміграцыі. Ён разважае пра лёс універсітэта, беларусаў за мяжой і адрозненне нас ад палякаў

Раней ён пісаў па-расейску і па-англійску. У эміграцыі стаў пісаць па-беларуску. 

Беларуская мова ў аўтара багатая і адначасова лёгкая. Былая выкладчыца Ліцэя БДУ Марыя Казлоўская пасля працы з тэкстамі Аляксея Правалоцкага назвала яго сваім любімцам. 

Аляксей Правалоцкі — пераможца конкурсу «Шуфлядка» і мае ўжо дзве выдадзеныя кнігі. Першая, «Жыццё ў 12 апавяданнях», выйшла ў электронным фармаце ў выдавецтве «Янушкевіч». У ёй беларускі герой, жыццё якога мы назіраем на розных этапах і ў розных дэкарацыях. Другая кніга пад назвай «Цягнік да Познаня» выйшла на паперы ў выдавецтве «Гутэнберг» у сярэдзіне лета. Яна пабудаваная на назіраннях за палякамі і польскім жыццём.

Пераважна ў Варшаве, але не толькі. Тут таксама Лодзь, Беласток, Кракаў, нават Асвенцім-Бжэзінка. Кніга быццам пра палякаў, але ў ёй шмат беларускага: досведу, успамінаў і, не пабаюся гэтага слова, філасофіі.

Што можа адгукнуцца чытачам у тэкстах Аляксея Правалоцкага? Эмігрантам — трапнае фіксаванне эмігранцкага досведу. Гэта добра знаёмае адчуванне сябе не да канца сваім нават там, дзе быццам бы табе камфортна.

«Нават калі я вывучу польскую мову, калі пазбаўлюся акцэнту і атрымаю пашпарт… я ўсё роўна буду вось так стаяць вонкі і ў самотным захапленні глядзець, як незнаёмыя дзеці танчаць пад старыя польскія мелодыі». 

Тонкае адчуванне таго, што тут ты можаш многае зразумець і адчуць, але ўсё адно ты не будзеш да канца дома. Найбольш кранальна гэта гучыць пры канцы кнігі «Цягнік да Познаня», у зале з карцінамі Марка Шагала:

«…Віцебск, у якім я ніколі не быў, але які адразу ж напаўняе сэрца пахам і цяплом. Шагал робіць гэта штрыхамі ды пункцірамі, і вось я ўжо пазнаю дамы, калодзежы, яблыкі. Гэта Беларусь, якую я ведаю і разумею з паўслова». 

І гэтая цытата адразу ж дэманструе і тое, што могуць знайсці для сябе чытачы ў Беларусі. Тую Беларусь, якая працягвае жыць у эмігрантах. Якую яны нясуць у сабе, праз якую глядзяць на свет, якая ўсё яшчэ яднае нас, няхай часам можа падавацца, што эмігранты з галавой сышлі ў свой штодзённы клопат ды інтэграцыю ў новае грамадства.

«Ён ведае, што ў эміграцыі нічога не робіцца на ўзмах рукі, і дыскамфорт — гэта проста факт жыцця».

Што знойдзе ў тэкстах Аляксея Правалоцкага любы чытач, дзе б ён ні знаходзіўся? Якасны тэкст, напісаны назіральным, чуллівым аўтарам.

«У чэрвені кожны спяшаецца паспець нешта зрабіць, бо лета толькі пачалося, і ёсць яшчэ падманлівая надзея, што можна ўтрымаць яго, і зразумець і неяк расцягнуць. У ліпені будзе лянота і спёка, і ніхто ўжо не будзе спрачацца з бегам часу. І пагатоў ніхто не будзе рабіць гэтага ў жніўні, калі лета пачне паміраць, непазбежна і хваравіта, і да часу нават не дакранешся — не тое каб паспрабаваць яго спыніць».

І тым не менш аўтар спыняе імгненні, разбірае на дэталі і штрыхі. Гэтае чытанне — як тэрапія альбо медытацыя. Каб прыгадаць, што кожны наш дзень варты таго, каб адчуць яго і пражыць напоўніцу, а не паспешліва ператрываць. 

Аляксей Правалоцкі. Цягнік да Познаня. — Кракаў: Гутэнберг-паблішэр, 2025

Аляксей Правалоцкі. Жыццё ў дванаццаці апавяданнях. — Варшава: Янушкевіч, 2025

Чытайце таксама:

Не ўпаіцельны ў Нароўлі вечары. Водгук на кнігу Андрэя Горвата

Замест вайны сланы ў новай кнізе Сашы Філіпенкі. І Масква

«Не спяшы, Юр’еўна. Не тарапісь. А то апаздаеш». У беларусаў з’явілася свая міс Марпл

«Мая ты бабка родненькая»: новая кніга пра Беларусь, хто ж яе напісаў?

Каментары да артыкула