У Беларусі зноў загаварылі пра бліскучыя перспектывы на афрыканскім рынку
Як паведаміў віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч пасля нарады ў Лукашэнкі, у найбліжэйшы час пастаўкі беларускай прадукцыі на афрыканскі кантынент павінны дасягнуць як мінімум $1 млрд. Паводле слоў чыноўніка, апошнія два гады назіраецца стабільны рост экспарту тавараў і паслуг, таму цяпер перад краінай ставяцца яшчэ больш амбіцыйныя задачы, піша БелТА.
Лукашэнку сустракаюць у Зімбабвэ ў 2023 годзе
«Мы павінны працаваць далей. Ставім больш напружаныя задачы. Трэба павялічваць мінімум да $1 млрд пастаўкі прадукцыі на Афрыканскі кантынент. Гэтая задача стаіць, і ўсе нацэлены на яе выкананне. Гэта трэба рабіць хутка», — заявіў Каранкевіч.
Афрыка, адзначыў чыноўнік, — вельмі перспектыўны рэгіён. Беларусь, па яго словах, ужо мае станоўчы вопыт працы з Нігерыяй і Зімбабвэ. У гэтых краінах выкарыстоўваецца комплексны падыход: спачатку пастаўляецца тэхніка, ствараюцца сэрвісныя цэнтры і навучаецца мясцовы персанал, пасля арганізуецца зборка тэхнікі, а з цягам часу — сумесныя вытворчасці, у тым ліку па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.
Акрамя эканамічных праектаў, супрацоўніцтва пашыраецца і ў іншых сферах — адукацыі і ахове здароўя. Беларусь гатова прымаць студэнтаў і спецыялістаў з афрыканскіх краін, перадаваць вопыт у медыцыне і пастаўляць абсталяванне ды лекі.
Таксама разглядаецца магчымасць сумесных праектаў у галіне разведкі і здабычы карысных выкапняў. Як адзначыў Каранкевіч, кожны такі праект будзе ацэньвацца асобна — з улікам эканамічнай мэтазгоднасці і канкрэтных умоў.
Пра перспектывы афрыканскага рынку беларускія чыноўнікі нават самага высокага ўзроўню гавораць не першы год, але часам сярод аптымістычных рэляцый праскоквае і расчараванне. Так, два гады таму тагачасны прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка казаў, што добрыя адносіны з кіраўніцтвам некаторых краін кантынента, а таксама палітычныя кантакты на найвышэйшым узроўні не даюць канкрэтных вынікаў у выглядзе новых і паспяховых гандлёва-эканамічных праектаў. Больш таго — у гандлі з афрыканскімі краінамі тады назіраўся нават негатыўны трэнд.
Чытайце таксама:
У Нігерыі запусцілі праграму працаўладкавання ў Беларусі
Ад палітычных кантактаў у Афрыцы пакуль няма толку для эканомікі — Галоўчанка