На Ноч расстраляных паэтаў Ціханоўская прачытала верш Алеся Дудара
У гэты дзень беларусы ўспамінаюць тых, хто загінуў за свае погляды, праўду і свабоду слова ад рук савецкіх уладаў. У такія моманты асабліва востра адчуваецца, як многа значыць чалавечы голас і магчымасць быць пачутым. У гэтым годзе дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская абрала для чытання натхняльны верш Алеся Дудара «І ў нязнанай цьмянай далі».
Скрыншот з відэа
«Сёння гэты верш Алеся Дудара асабліва рэзануе з беларускай рэчаіснасцю. Праз столькі год ён застаецца актуальным і адгукаецца ў сэрцы. Для мяне гэтыя радкі — пра пошук, надзею і тое, што нават у цемры застаецца святло, якое нельга знішчыць», — адзначыла Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.
Алесь Дудар. І ў нязнанай цьмянай далі
І ў нязнанай цьмянай далі словаў новых мы шукалі,
Словаў новых мы шукалі і не здолелі знайсці,
А ў жытнёвым у прасторы рассыпалі песні зоры,
Рассыпалі песні зоры каля возера ў трысці.
І не думалі ніколі, што ў нашай моцы доля.
Што ў нашай моцы доля і не вырвецца ад нас;
Не магло нам і прысніцца — нашых думак калясніца,
Нашых думак калясніца — гэта свету апаяс.
Хто ж казаў, што ў цьмянай далі словаў новых мы шукалі,
Словаў новых мы шукалі і не здолелі знайсці?
Новы дзень не за гарамі. Наша доля будзе з намі,
Наша доля будзе з нам днямі новымі цвісці.
Алесь Дудар (сапр. Аляксандр Дайлідовіч, 1904—1937) — беларускі паэт, крытык і перакладчык. Нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі цяперашняга Петрыкаўскага раёна. У часы Першай сусветнай вайны сям’я была ў бежанстве ў Тамбоўскай губерні.
У 1921 годзе дэбютаваў як паэт, быў удзельнікам літаратурнага аб’яднання «Маладняк» і пазней «Полымя». Вучыўся ў БДУ, але праз рэпрэсіі пакінуў універсітэт. Неаднаразова арыштоўваўся НКВД за свае творы і па палітычных падазрэннях. 29 кастрычніка 1937 года расстраляны ў Мінску.
Алесь Дудар стварыў зборнікі вершаў і паэм, пісаў крытычныя артыкулы і перакладаў з рускай, нямецкай ды французскай моў.
Чытайце таксама:
Да Ночы расстраляных паэтаў Зміцер Дашкевіч апублікаваў верш, напісаны ў ШІЗА
Сёння за мяжой пройдуць мерапрыемствы да «Ночы (не)расстраляных паэтаў»