БЕЛ Ł РУС

Вядомага бізнэсмена Юрыя Марозава асудзілі ў Мінску па палітычнай справе. Жонку пасадзілі таксама

29.10.2025 / 19:4

Nashaniva.com

Крымінальную справу супраць 60‑гадовага бізнэсмена і былога ганаровага консула Беларусі ў Мексіцы Юрыя Марозава разгледзелі ў Мінскім гарадскім судзе 29 кастрычніка. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 і 2 арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Вясна». 

Юрый Марозаў. Фота: citydog.com

Сутнасць абвінавачвання праваабаронцам невядомая. Юрыю прызначылі пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Вядома, што Юрый Марозаў жыве ў Мінску. Разам з жонкай Марынай яны выхоўваюць дзвюх дочак. Паводле інфармацыі Belpol, Марозаў узначальваў кампанію «Белфармайс», якая займалася аптовым гандлем фармацэўтычнымі, ветэрынарнымі, медыцынскімі і артапедычнымі таварамі. Ён быў адным са стваральнікаў беларуска-нямецкага прадпрыемства «Белфарм», а таксама яго генеральным дырэктарам.

У афіцыйных дакументах пазначана, што ў 1997—2004 гадах ён уваходзіў у сакратарыят Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Падчас перадвыбарчай кампаніі ён прыпыніў сяброўства ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а ўжо ў траўні 2001 года ўзначаліў дэпутацкую групу «Адзінства».

Акрамя палітычнай і бізнэс-дзейнасці, Марозаў быў ганаровым консулам Беларусі ў Мексіцы. У 2016 годзе Юрый Марозаў таксама фігураваў сярод акцыянераў мінскай крамы «Лакомка».

Ягоную жонку Марыну Марозаву асудзілі ў судзе Савецкага раёна г. Мінска паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Ёй прызначылі два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 17 кастрычніка жанчыну ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў». 

Чытайце таксама:

Сузаснавальніка Wargaming прысудзілі да 13 гадоў зняволення і штрафу на 2,1 мільёна рублёў

Пасадзілі падпалкоўніка і былога выкладчыка Вайсковай акадэміі. Ён падтрымаў народ у 2020-м

Выкладчыцы Гомельскага медуніверсітэта далі калонію па шасці палітычных артыкулах за актыўнасць у тэлеграме

Тром жанчынам далі калонію і велізарныя штрафы за дваровы чат. Сярод іх 62‑гадовая завуч

Каментары да артыкула