«Арэшнік» паставяць на баявое дзяжурства ў Беларусі ў снежні
Расійскі ракетны комплекс «Арэшнік» будзе пастаўлены на баявое дзяжурства ў Беларусі ў снежні 2025 года, паведаміла агенцтву ТАСС прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
Фота: Omar Zaghloul/Anadolu via Getty Images
«Стварэнне ўмоў для размяшчэння «Арэшніка» ў Рэспубліцы Беларусь заканчваецца. У снежні бягучага года ён будзе пастаўлены на баявое дзяжурства, таму ўсякія размовы, быць ці не быць «Арэшніку», на гэтым вычарпаныя», — заявіла Наталля Эйсмант.
Пра сістэму «Арэшнік» стала вядома ў лістападзе 2024 года, калі расійскія вайскоўцы ўпершыню выкарысталі гэтую гіпергукавую ракету, нанёсшы ўдар па прадпрыемстве ВПК Украіны ў Дняпры. Тады прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас вялікай прэс-канферэнцыі адзначыў, што на сённяшні дзень нібыта няма сістэм супрацьпаветранай абароны, здольных супрацьстаяць «Арэшніку». Праўда, ягоныя словы пасля многім ставіліся пад сумнеў.
У снежні 2024 года пасля пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета «Саюзнай дзяржавы» ў Мінску Лукашэнка папрасіў Пуціна паставіць ракеты ў Беларусь. Той адказаў, што гэта магчыма, і паведаміў, што перадача комплексаў можа адбыцца ў другой палове 2025 года. У чэрвені гэтую дату пацвердзіў дзяржсакратар Рады Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.
Падчас сёлетняй сустрэчы з Лукашэнкам на Валааме, Пуцін адзначыў, што расійскія і беларускія спецыялісты нібыта ўжо выбіраюць пазіцыі для размяшчэння «Арэшніка». 25 верасня ён падчас знаходжання ў Маскве на Глабальным атамным форуме паведаміў, што новая расійская ракетная сістэма «Арэшнік» ужо на шляху ў Беларусь.
Чытайце таксама:
Лукашэнка: Расіі і Беларусі эскалацыя не патрэбная
Лукашэнка заявіў, што «Арэшнік» ужо ў дарозе да Беларусі
За 60 кіламетраў ад Мінска будуюць сакрэтную вайсковую базу
Палкоўнік з Вайсковай акадэміі лічыць, што беларускае войска даспела да касмічнай групоўкі
На вучэннях «Захад-2025» адпрацуюць планаванне прымянення ядзернай зброі і «Арэшніка»