Байкерскія боты вяртаюцца ў моду. Як іх насіць?
Галоўны трэнд сезона — байкерскія боты. Яны вярнуліся, каб дадаць упэўненасці і крыху бунтарства нават самым стрыманым вобразам. Расказваем, як насіць іх і што ёсць у беларускіх крамах.
Боты ад Chloé, Banana Republic
Калісьці байкерскія боты былі выключна практычнай рэччу — часткай вайсковага рыштунку ці экіпіроўкі матацыклістаў. Але паступова яны ператварыліся ў сімвал бунтарства, незалежнасці і адметнага стылю. У сярэдзіне ХХ стагоддзя яны сталі вядомымі дзякуючы кіно. З таго часу байкерскія боты трывала замацаваліся і ў модзе, і ў масавай культуры.
Сёння яны зноў на хвалі папулярнасці.
Боты ад Prada, Reformation
Масіўная падэшва, рамяні, металічныя элементы і лёгкая грубаватасць робяць гэты абутак ідэальным для восені і зімы — ён і зручны, і надае вобразу ўпэўненасці.
Вось якія варыянты гэтай мадэлі прапануюць беларускія крамы:
Боты ад Marko
Боты ад Megatop
Боты ад Tamaris, La Pinta
Боты ад Romer, Rieker (сетка крам К+С)
Байкерскія боты лёгка спалучаюцца з адзеннем розных сезонаў. Вось шэсць спосабаў іх насіць, якія рэкамендуе Vogue (некаторыя з варыянтаў падкажуць, як насіць гэты абутак і пасля халадоў).
1. Трэнч і лёгкая сукенка
Белая або малочная міні-сукенка ў спалучэнні з высокімі байкерскімі ботамі выглядае асабліва стыльна, калі зверху надзець цёмны трэнч. Вобраз атрымліваецца кантрасны і гарадскі — ідэальны для міжсезоння.
2. Кароткія шорты і цёплы світар
Для больш нефармальнага настрою паспрабуйце насіць боты з шортамі, лёгкай кашуляй і шэрым світарам з V-падобным выразам. Калі надзець празрыстыя калготкі і сонечныя акуляры, атрымаецца ідэальны восеньскі камплект для шпацыру па горадзе.
3. Спадніца ў клетку і паліто
Байкерскія боты нечакана добра сябруюць з вобразамі ў акадэмічным стылі. Смела апранайце іх са спадніцай у клетку, шчыльнымі калготкамі і цёплым паліто ці простай курткай з накладнымі кішэнямі. Такі камплект — гэта класіка, якой дадалі сучаснага бунтарскага настрою.
Фота: Andrea Izzotti / Vecteezy
4. Рамантычная мідзі-сукенка і замшавая кашуля
Калі хочаце пагуляць з кантрастамі, спалучыце далікатную мідзі-сукенку з байкерскімі ботамі. Зверху можна надзець замшавую кашулю-куртку цёплага колеру. Гэта спалучэнне рамантычнасці і рашучасці — якраз тое, што робіць вобраз запамінальным.
5. Спартыўная куртка і трэніровачныя штаны
Байкерскія боты пасуюць і да спартыўнага вобраза. Напрыклад, спалучайце іх з мяккай спартыўнай зіп-курткай і трэніровачнымі штанамі. Гэта нечакана, але выглядае сучасна і дадае «жорсткасці» звычайнаму штодзённаму вобразу.
6. Скураная куртка і цёмныя джынсы
Класіка, якая ніколі не падводзіць. Чорная скураная куртка, цёмна-сінія або чорныя джынсы і просты світар — вобраз, які пераносіць «байкерскі» настрой у паўсядзённасць. Калі хочаце зрабіць яго больш «гарадскім», абярыце світар колеру віна або шчаўя.
Чытайце таксама:
Носіце пінжак з джынсамі? Вось памылкі, якія многія робяць
На Тыдні моды ў Парыжы мадэлі выйшлі ў касцюмах голага мужчынскага цела
Не насіце гэтых гадзіннікаў з касцюмам! Правілы выбару мужчынскіх гадзіннікаў