Голда Мэір і самая правільная тактыка для малых народаў
Голда Мэір была першай жанчынай на пасадзе прэм'ер-міністра Ізраіля і адной з першых жанчын на чале ўрада ў свеце. Яе жыццёвы шлях пачаўся ў Кіеве, але быў непарыўна звязаны з Пінскам, дзе прайшло яе ранняе дзяцінства. Яе доля — доля цэлага пакалення яўрэяў: ад жаху пагромаў у Расійскай імперыі праз мару аб сіянізме ў Амерыцы да стварэння і абароны ўласнай дзяржавы. Яна прымала найважнейшыя ваенныя рашэнні не ў штабах, а ў сябе на кухні. Голда Мэір была адначасова і «бабуляй нацыі», і бескампрамісным палітыкам. Кіраванне Мэір стала часам, калі Ізраіль упершыню паказаў сваю магутнасць, але завяршылася трагедыяй, якая назаўсёды пакінула цень на яе спадчыне. Чаму нас, прадстаўнікоў іншай невялікай нацыі, вучаць жыццё і памылкі Мэір?
Прэм'ер-міністр Ізраіля Голда Мэір. 1970 год. Фота: AP Photo
Голда нарадзілася 3 мая 1898 года ў Кіеве, які тады ўваходзіў у склад Расійскай імперыі. Яе бацька, Мошэ Мабовіч, быў цесляром, а маці, Блюма Найдзіч, займалася гаспадаркай. Сям'я была вялікай, але з васьмі дзяцей выжылі толькі тры дачкі: Шэйна (1889), Голда (1898) і Цыпке, або Клара (1902). Пасля нараджэння Цыпке Голду нянчыла 12‑гадовая Шэйна.
У пачатку 1903 года з-за крайняй беднасці і нястачы працы ў Кіеве сям'я пераехала ў родны горад маці, Пінск, дзе яны пасяліліся ў доме бацькоў Блюмы.
Самая ранняя з вядомых фатаграфій Голды. Крыніца: Wikimedia Commons
У Пінску здарылася тое, што яна будзе памятаць усё жыццё. Увесну 1903 года, пасля крывавага яўрэйскага пагрому ў Кішынёве, па ўсёй «мяжы аселасці» пакацілася хваля страху. Калі па Пінску папаўзлі чуткі аб немінучым пагроме, на вачах у пяцігадовай Голды бацька забіваў дошкамі дзверы, а старэйшая сястра Шэйна стаяла побач з кухонным нажом. Саму Голду з малодшай сястрой схавалі ў суседзяў.
Пагром так і не здарыўся, але перажыты жах назаўсёды застаўся ў памяці Голды і паўплываў на фармаванне ў яе пераканання ў неабходнасці, каб яўрэйскі народ атрымаў сабе бяспечны дом.
Неўзабаве пасля гэтага Мошэ, як і многія іншыя яўрэі, вырашыў эміграваць у Злучаныя Штаты. Ён паехаў адзін, каб уладкавацца і сабраць грошы на пераезд сям'і.
У той перыяд, пакуль сям'я ў Пінску чакала вестак ад бацькі, які паехаў у Амерыку, старэйшая сястра Шэйна, тады яшчэ падлетак, з галавой акунулася ў палітыку. Насуперак волі і страхам маці, якая баялася, што сям'я можа стаць мішэнню для царскага рэжыму, Шэйна далучылася да гуртка палітычна актыўнай моладзі, у якім абмяркоўваліся самыя гарачыя ідэі таго часу: сацыялізм, які абяцаў роўнасць для ўсіх працоўных, і сіянізм — вучэнне Тэадора Герцля аб стварэнні ўласнай яўрэйскай дзяржавы ў Палесціне.
Шэйна аказала велізарны ўплыў на палітычнае станаўленне Голды. Яна навучыла яе не толькі чытаць і пісаць, але і думаць пра лёс свайго народа.
Амерыканскі перыяд: станаўленне асобы
У 1906 годзе сям'я нарэшце ўз'ядналася ў амерыканскім горадзе Мілуокі. Васьмігадовай Голдзе Амерыка здалася раем: яна з задавальненнем вучылася ў школе на Чацвёртай вуліцы (цяпер школа імя Голды Мэір), а галоўнае — тут можна было не баяцца пагромаў.
Яе старэйшая сястра Шэйна, як і раней, не мірылася з традыцыйным укладам і бацькоўскім кантролем. Дзяўчыне не падабалася стаяць за прылаўкам у прадуктовай краме, якую адкрыла маці, і неўзабаве яна здзейсніла свой першы бунтарскі ўчынак у Амерыцы — збегла ў Чыкага працаваць на швейную фабрыку. Пазней яна пераехала ў Дэнвер, дзе выйшла замуж па ўласным выбары, канчаткова сцвердзіўшы сваю незалежнасць ад сям'і.
У 1912 годзе, нягледзячы на тое, што Голда з адзнакай скончыла пачатковую школу, бацькі, прытрымліваючыся традыцыйных поглядаў, хацелі, каб пасля заканчэння пачатковай школы Голда засталася дома і рыхтавалася да шлюбу. Але Шэйна падбіла Голду працягваць адукацыю, і яна той жа восенню паступіла ў сярэднюю школу.
Усяго праз некалькі месяцаў пасля таго, як Голда пачала вучыцца ў сярэдняй школе, маці паведаміла ёй, што знайшла для яе ідэальнага мужа — 30‑гадовага рыэлтара. Абураная такой перспектывай, 14-гадовая Голда, натхнёная прыкладам сястры, у лютым 1913 года ўцякла з дому ў Дэнвер, дзе жыла са сваім мужам Шэйна.
Голда Мэір у 16 гадоў. 1914 год. Мілуокі, ЗША. Фота: Wikimedia Commons
У Дэнверы Голда не толькі працягнула вучобу ў школе, але і трапіла ў цэнтр інтэлектуальнага і палітычнага жыцця. У кватэры Шэйны і яе мужа збіраліся маладыя яўрэйскія імігранты — сацыялісты, анархісты, сіяністы. Яны дапазна спрачаліся пра будучыню свету і лёс яўрэйскага народа. Менавіта там яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам, 21‑гадовым Морысам Мэерсонам, мастаком і сацыялістычным актывістам, які адкрыў для яе свет музыкі і паэзіі.
У 1915 годзе яна вярнулася ў Мілуокі па просьбе бацькоў і там скончыла сярэднюю школу. Морыс застаўся ў Дэнверы, але інтэнсіўна ёй пісаў. Іх адносіны прайшлі сур'ёзнае выпрабаванне, калі Голда паставіла ўльтыматум: яна выйдзе за яго замуж толькі пры ўмове, што ён пагодзіцца пераехаць з ёй у Палесціну, каб будаваць там яўрэйскую дзяржаву. Для спакойнага і неамбіцыйнага Морыса гэта была цяжкая ахвяра, але ён саступіў. 24 снежня 1917 года яны пажаніліся.
Мара аб Палесціне: кібуц, сям'я і пачатак кар'еры
З-за Першай сусветнай вайны маладая пара адразу выехаць у Палесціну не змагла. У гэты час Голда актыўна ўдзельнічала ў дзейнасці сіянісцкай арганізацыі «Паалей Цыён». Яна была выдатным прамоўцам і ездзіла па Амерыцы, збіраючы сродкі і натхняючы людзей.
Улетку 1921 года мара здзейснілася. Голда, Морыс, а таксама Шэйна са сваёй сям'ёй прыбылі ў Палесціну. Рэальнасць аказалася далёкай ад ідэалістычных уяўленняў: Палесціна была бедным, брудным, глухім кутком. Голда імкнулася далучыцца да кібуца — сельскагаспадарчай камуны. Два разы ёй адмаўлялі, на трэці раз яна пераканала камунараў, і сям'ю Мэерсон прынялі на выпрабавальны тэрмін у кібуц Мерхавія.
Голда на працы ў кібуцы. Фота: Wikimedia Commons
Голда з энтузіязмам бралася за любую працу: даіла кароў, працавала на птушкаферме, на кухні. Яна хацела даказаць, што жанчына можа быць роўнай мужчыну ва ўсім. Аднак Морыс, чалавек больш стрыманы і інтравертны, не змог прыжыцца ў калектыўным жыцці і захварэў на малярыю. У 1924 годзе пара пакінула кібуц і пераехала спачатку ў Тэль-Авіў, а потым у Іерусалім.
Сям'я жыла зусім небагата. У 1924 годзе ў іх нарадзіўся сын Менахем, а праз два гады — дачка Сара. Голда адчувала сябе глыбока нешчаслівай, адарванай ад палітычнага жыцця.
«Я вечна спяшалася — на працу, дадому, на мітынг, на заняткі музыкі з сынам, да доктара з дачкой, у краму, да пліты, зноў на працу і зноў дахаты. Я ўставала па начах наварыць дзецям абед. Я цыравала ім адзенне, я хадзіла з імі на канцэрты і ў кіно. Але маці вінаваціла мяне ў тым, што я не даю дзецям таго, што ім належыць. Ці ганарыліся яны мною? Мне хочацца думаць, што так. Але я не ўпэўненая, што гонар за маці кампенсуе тое, што мяне часта не было дома», — прыгадвала Голда.
У 1927 годзе Голда атрымала прапанову стаць сакратаром Савета працоўных жанчын пры «Гістадруце» — Усеагульнай федэрацыі працы. Яна з радасцю пагадзілася і вярнулася ў вір палітычнага жыцця — у Тэль-Авіў. Яна ўзяла з сабой дзяцей, муж застаўся ў Іерусаліме.
Хоць яны так і не развяліся афіцыйна, з гэтага моманту іх дарогі разышліся. Голда цалкам прысвяціла сябе палітыцы. Морыс Мэерсон памёр ад сардэчнага прыступу ў 1951 годзе.
«Я зразумела, што мой шлюб аказаўся няўдалы. Я горка шкадую аб тым, што хоць мы з Морысам і засталіся мужам і жонкай, і любілі адно аднаго да самай яго смерці, мне ўсё ж не ўдалося зрабіць нашу сям'ю шчаслівай. Трагедыя была не ў тым, што Морыс мяне не разумеў. Наадварот, ён занадта добра мяне разумеў і ведаў, што не можа мяне ні змяніць, ні перарабіць. Я заставалася сабой. А з-за гэтага ў яго не магло быць такой жонкі, якая яму была трэба», — пісала Голда.
Прысвяціўшы сябе палітыцы, жанчына хутка стала прыкметнай фігурай. Яна шмат падарожнічала, збіраючы сродкі для сіянісцкага руху ў ЗША і Еўропе. Яе амерыканскае выхаванне і свабоднае валоданне англійскай мовай рабілі яе надзвычай эфектыўным прамоўцам. Аднак кар'ера патрабавала ахвяр: яе дзеці часта адчувалі сябе кінутымі, бо яна ўвесь час ездзіла. Пазней яна прызнавалася, што пачуццё віны перад імі не пакідала яе ўсё жыццё.
На шляху да дзяржаўнасці
У 1930‑я гады, з прыходам нацыстаў да ўлады ў Германіі, паток яўрэйскіх імігрантаў у Палесціну павялічыўся. Голда займалася іх размяшчэннем і працаўладкаваннем. У 1937 годзе яна рэзка выступіла супраць плана камісіі Піля, які прапаноўваў падзяліць Палесціну і аддаць яўрэям толькі невялікую частку тэрыторыі.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны, на Эвіянскай канферэнцыі 1938 года, яна з горыччу назірала, як прадстаўнікі 32 краін выказвалі спачуванне яўрэйскім бежанцам, але адмаўляліся прымаць іх. У гэты ж перыяд яна ўдзельнічала ў нелегальнай іміграцыі яўрэяў з нацысцкай Еўропы.
Голда Мэерсон выступае ў прафсаюзе «Гістадрут», 1946 год. Фота: Wikimedia Commons
Пасля вайны, калі Вялікабрытанія працягвала абмяжоўваць яўрэйскую іміграцыю ў Палесціну, Голда падтрымала ўзброеную барацьбу супраць брытанскіх уладаў. У 1946 годзе, выступаючы перад Англа-амерыканскай камісіяй, яна заявіла, што адзіным рашэннем «бессэнсоўнасці яўрэйскага жыцця і яўрэйскай смерці» з'яўляецца стварэнне незалежнай яўрэйскай дзяржавы.
У лістападзе 1947 года, напярэдадні галасавання ААН па плане падзелу Палесціны на арабскую і яўрэйскую часткі, яна правяла таемныя перамовы з каралём Трансіярданіі Абдалой, спрабуючы пераканаць яго не ўступаць у вайну супраць будучай яўрэйскай дзяржавы. 29 лістапада 1947 года Генеральная Асамблея ААН ухваліла план падзелу. Адразу пасля гэтага пачаліся ўзброеныя сутыкненні паміж арабамі і яўрэямі. Голда адказвала за абарону Іерусаліма, а ў студзені 1948 года зноў адправілася ў ЗША, дзе сабрала больш за 50 мільёнаў долараў на закупку зброі — у тыя часы гэта была ладная сума.
14 мая 1948 года Давід Бен-Гурыён абвясціў аб стварэнні Дзяржавы Ізраіль. Сярод 37 падпісантаў Дэкларацыі незалежнасці была і 50-гадовая Голда Мэерсон.
Голда Мэерсон падпісвае Дэкларацыю незалежнасці Ізраіля. Фота: Wikimedia Commons
Міністр і дыпламат
Пасля стварэння дзяржавы Голда была прызначаная першым паслом Ізраіля ў Савецкім Саюзе. Гэта была асабліва важная пазіцыя з улікам вагі СССР у пасляваенны час і колькасці яўрэяў у Саюзе. Прыезд Голды Мэір у Маскву выклікаў небывалы энтузіязм у савецкіх яўрэяў. Калі яна наведала Маскоўскую харальную сінагогу на свята Рош Ха-Шана (яўрэйскі Новы год), яе віталі тысячы людзей.
Крэмль убачыў у гэтым праяву «буржуазнага нацыяналізму» і нелаяльнасці савецкіх грамадзян. Гэты эпізод стаў адным з каталізатараў новай хвалі антысемітызму ў СССР, вядомай як «барацьба з касмапалітызмам». Місія Голды як дыпламата зайшла ў тупік, а яе далейшае знаходжанне ў Маскве стала небяспечным для тых самых людзей, якія бачылі ў ёй надзею. Таму пабыць паслом ёй давялося ўсяго некалькі месяцаў.
Пасол Ізраіля ў СССР Голда Мэерсон у атачэнні яўрэяў каля Маскоўскай харальнай сінагогі ў першы дзень Рош Ха-Шана, верасень 1948 года. Гэтую выяву ў 1984 годзе Ізраіль размясціў на банкноце 10000 шэкеляў. Фота: Wikimedia Commons
Ужо ў сакавіку 1949 года Голду адклікалі на радзіму, дзе яна заняла пасаду міністра працы. На яе плечы легла задача забеспячэння жыллём і працай сотняў тысяч новых імігрантаў. На гэтай пасадзе Голда адпрацавала сем гадоў, і менавіта яе дзейнасць у якасці міністра працы шмат у чым вызначыла сацыяльнае аблічча маладой дзяржавы Ізраіль.
Яна ініцыявала маштабныя праграмы будаўніцтва жылля і інфраструктуры, распрацавала сістэму грамадскіх работ, каб змагацца з масавым беспрацоўем, прасунула і дамаглася прыняцця закона аб нацыянальным страхаванні, які заклаў асновы ізраільскай сацыяльнай дзяржавы, гарантуючы дапамогу па старасці, хваробе і беспрацоўі.
Голда Мэерсон у 1950 годзе. Фота: Wikimedia Commons
У 1956 годзе Давід Бен-Гурыён, прэм'ер-міністр і «бацька-заснавальнік» Ізраіля, праводзіў перастаноўкі ва ўрадзе. Пасада міністра замежных спраў, адна з ключавых у дзяржаве, вызвалілася, і Бен-Гурыён бачыў на ёй толькі аднаго чалавека — Голду Мэерсон. Яна ўжо зарэкамендавала сябе як выдатны міністр працы, бліскучы прамоўца і непахісны абаронца інтарэсаў Ізраіля. Ён прапанаваў ёй гэтую пасаду, але з адной жорсткай умовай.
Гэтая ўмова выцякала з аднаго з самых галоўных, амаль фанатычных перакананняў Бен-Гурыёна — неабходнасці іўрытызацыі. Ён лічыў, што стварэнне новай ізраільскай нацыі патрабуе сімвалічнага разрыву з мінулым жыццём у дыяспары (галуце). Прозвішчы, якія яўрэі насілі ў Еўропе — рускія, польскія, нямецкія — нагадвалі яму пра стагоддзі прыніжэння і бяспраўя. Бен-Гурыён (сам народжаны Давідам Грынам) патрабаваў гэтага ад усіх: ад афіцэраў арміі, дыпламатаў і, у першую чаргу, ад членаў свайго ўрада.
Голда Мэерсон спачатку катэгарычна адмаўлялася мяняць прозвішча. Яно было звязана з яе ўжо нежывым мужам Морысам, і для яе гэта было ўсё адно як адрачыся яго памяці.
Але Бен-Гурыён быў непахісны. Ён сказаў ёй, што не можа прызначыць на пасаду міністра замежных спраў, які будзе прадстаўляць Ізраіль на міжнароднай арэне, чалавека з «негабрэйскім» прозвішчам. Гэта была прынцыповая пазіцыя.
У якасці новага прозвішча яна выбрала Мэір (מאיר). Гэты выбар не быў выпадковым. Па-першае, яно было сугучна з «Мэерсон», што рабіла пераход менш рэзкім. Па-другое, на іўрыце «Мэір» азначае «той, хто асвятляе», «той, хто нясе святло». Гэта было вельмі сімвалічна для чалавека, які павінен быў стаць «тварам» Ізраіля для ўсяго свету.
На пасадзе міністра замежных спраў Голда Мэір апынулася ў цэнтры Суэцкага крызісу 1956 года, абараняючы дзеянні Ізраіля ў ААН. Яна таксама адыграла ключавую ролю ва ўсталяванні адносін з маладымі афрыканскімі дзяржавамі, якія атрымалі незалежнасць, разглядаючы іх як натуральных саюзнікаў у барацьбе з каланіялізмам.
Міністр замежных спраў Ізраіля Голда Мэір і прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джон Кэнедзі. 1962 год. Фота: Wikimedia Commons
У пачатку 1960‑х яна ўступіла ў жорсткі палітычны канфлікт з Бен-Гурыёнам і яго маладымі паплечнікамі, што ў выніку прывяло да адстаўкі «бацькі-заснавальніка» ў 1963 годзе. У студзені 1966 годзе Мэір сама пакінула пасаду міністра, бо ў яе выявілі рак. Аднак яна засталася ўплывовай фігурай у Партыі працы.
Згадваючы той час, Голда пісала: «Я засталася дэпутатам кнэсэта і членам ЦК партыі. Але ўпершыню за доўгія гады я магла сама хадзіць у крамы, ездзіць у аўтобусе, не думаць пра тое, што ў любое надвор'е мяне чакае шафёр. Я гатавала, я прасавала, я прыбірала. Гэта было такое задавальненне! Я пайшла ў адстаўку своечасова, раней, чым хто-небудзь мог бы сказаць: «Божа, калі ж гэтая старая зразумее, што ёй пара пайсці».
Прэм'ер-міністр: трыумф і трагедыя
Але ў лютым 1969 года пасля раптоўнай смерці прэм'ер-міністра Леві Эшколя Партыя працы, каб пазбегнуць расколу паміж канкуруючымі кандыдатамі, звярнулася да 70‑гадовай Голды Мэір з просьбай узначаліць урад. Яна неахвотна пагадзілася і стала першай жанчынай-прэм'ерам у гісторыі Ізраіля. Яна пачала кіраваць краінай, якая знаходзілася ў эйфарыі пасля перамогі ў «Шасцідзённай вайне» 1967 года, але адначасова была ўцягнута ў новыя, зацяжныя канфлікты.
Віла «Гарун аль-Рашыд», якая ў 1960‑я гады была афіцыйнай рэзідэнцыяй прэм'ер-міністраў Ізраіля. Фота: Wikimedia Commons
Голда Мэір была вядомая сваім нетрадыцыйным стылем кіравання. Яна не выносіла бюракратыі і фармальнасцей, таму самыя складаныя пытанні лічыла за лепшае абмяркоўваць у нефармальнай абстаноўцы. Стаўшы прэм'ер-міністрам, яна дазволіла курыць падчас пасяджэнняў урада (сама яна была заўзятым курцом), каб зрабіць іх як мага менш афіцыёзнымі і спрыяць прамым, шчырым размовам.
Але найважнейшыя рашэнні прымаліся не ў афіцыйных кабінетах. Увечары, у сябе дома на кухні, яна збірала блізкае кола ключавых міністраў і дарадцаў. Гэтыя сустрэчы сталі легендарнымі і атрымалі назву «кухонны кабінет» (ха-мітбахон). У нефармальнай атмасферы, за кубкам гарбаты ці кавы, якую яна заварвала сама, вырашаліся лёсы краіны, а пасяджэнні нярэдка зацягваліся далёка за поўнач.
На міжнароднай арэне Голда Мэір праводзіла жорсткую і бескампрамісную палітыку, заснаваную на адным прынцыпе: бяспека Ізраіля вышэй за ўсё. Яе прэм'ерства пачалося ва ўмовах «Вайны на знясіленне» — жорсткага пазіцыйнага канфлікту з Егіптам уздоўж Суэцкага канала. Яна адхіляла любыя мірныя ініцыятывы, у тым ліку і амерыканскі «план Роджэрса», якія прадугледжвалі адыход Ізраіля з акупаваных у ходзе «Шасцідзённай вайны» тэрыторый у абмен на туманныя абяцанні міру.
Яе логіка, была простай: тэрыторыі — гэта адзіная рэальная гарантыя бяспекі, і саступаць іх можна толькі ў абмен на прамыя перамовы і трывалы мір, а не пад ціскам міжнароднай супольнасці.
Адначасова з гэтым актывізаваўся палесцінскі тэрарызм, які выйшаў на сусветную арэну. Захопы самалётаў і напады на ізраільцян за мяжой сталі новай рэальнасцю. Кульмінацыяй гэтага тэрору стала трагедыя на Алімпіядзе ў Мюнхене ў верасні 1972 года, дзе палесцінскія тэрарысты з групоўкі «Чорны верасень» забілі 11 ізраільскіх спартоўцаў.
Адзін з тэрарыстаў на балконе будынка ў алімпійскай вёсцы, у якім трымалі ізраільскіх спартоўцаў у закладніках. Мюнхен, 5 верасня 1972 года. Фота: Wikimedia Commons
Гэтая падзея ўзрушыла ўвесь свет, але для Мэір яна стала пацвярджэннем таго, што ворагі Ізраіля не спыняцца ні перад чым. Яе адказ быў імгненным і бязлітасным. Яна санкцыянавала аперацыю «Гнеў Божы» — сакрэтную кампанію «Масада» па выяўленні і знішчэнні ўсіх, хто быў датычны да мюнхенскага тэракту, па ўсім свеце. Гэтым рашэннем яна ўвяла прынцып, якога Ізраіль прытрымліваецца і сёння: ніводзін тэрарыстычны акт супраць яго грамадзян не застанецца без адплаты.
Але пакуль уся ўвага была прыкавана да знешніх франтоў, унутры краіны ўспыхнуў канфлікт, якога Мэір не чакала і сутнасці якога так і не змагла зразумець. У бедных кварталах Іерусаліма ўзнік рух «Чорныя пантэры», які аб'яднаў маладых ізраільцян, чые сем'і паходзілі з краін Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу (яўрэяў-мізрахі).
Яны пратэставалі супраць галечы, дрэнных жыллёвых умоў і адсутнасці роўных магчымасцей, лічачы, што кіруючая эліта, якая складалася пераважна з еўрапейскіх яўрэяў (ашкеназі), іх дыскрымінуе. Гэта быў голас «другога Ізраіля», які адчуваў сябе чужым ва ўласнай краіне.
Рэакцыя Голды Мэір была рэзкай і непрымірымай. У яе свядомасці Ізраіль быў пабудаваны як дом для ўсіх яўрэяў, і сама думка пра дыскрымінацыю яўрэяў яўрэямі здавалася ёй абсурднай і абразлівай. Яна публічна назвала пратэстоўцаў «кепскімі хлопцамі» і адмаўляла існаванне сістэмнай праблемы, спісваючы ўсё на хуліганства.
Замест дыялогу яна абрала жорсткую лінію, сцвярджаючы, што ўсе рэсурсы павінны ісці на абарону, а не на вырашэнне сацыяльных пытанняў. Такая пазіцыя не толькі не вырашыла канфлікт, але і глыбока абразіла сотні тысяч людзей, паглыбіўшы раскол у грамадстве, наступствы якога адчуваюцца ў Ізраілі і сёння.
Апагеем яе кіравання і самай вялікай трагедыяй стала Вайна Суднага дня ў кастрычніку 1973 года. Ізраільскае грамадства і вайсковае кіраўніцтва, уключаючы Мэір і харызматычнага міністра абароны Машэ Даяна, жылі ў палоне пераканання, што пасля разгрому 1967 года арабскія краіны не адважацца на новую вайну.
Таму, нягледзячы на трывожныя папярэджанні разведкі, магчымасць раптоўнага нападу Егіпта і Сірыі праігнаравалі. Першыя дні вайны былі катастрафічнымі: Ізраіль панёс цяжкія страты, а на некаторых участках фронту апынуўся на мяжы поўнага разгрому.
Прэм'ер-міністра Ізраіля Голда Мэір на прэс-канферэнцыі 13 кастрычніка 1973 года. Фота: Wikimedia Commons
У гэты крытычны момант Голда Мэір праявіла свой жалезны характар. Яна не паддалася паніцы, узяла кіраванне арміяй у свае рукі і змагла мабілізаваць нацыю. Хоць у выніку Армія абароны Ізраіля змагла пераламаць ход вайны і атрымаць ваенную перамогу, маральная цана была велізарнай. Шок ад непадрыхтаванасці і велізарных страт быў настолькі глыбокім, што грамадства ўсклала ўсю адказнасць на Мэір і Даяна. Хоць Партыя працы здолела перамагчы на выбарах у снежні 1973 года, яе пазіцыі былі сур'ёзна падарваныя. У красавіку 1974 года, пад ціскам грамадскай думкі, Голда Мэір узяла на сябе адказнасць за правал і падала ў адстаўку.
Апошнія гады
Пасля адстаўкі яна заставалася жывой легендай. Яе аўтабіяграфія «Маё жыццё», апублікаваная ў 1975 годзе, імгненна стала сусветным бэстсэлерам. Яе жыццё нават стала сюжэтам для брадвейскай п'есы «Голда». У лістападзе 1977 года Мэір прысутнічала на прэм'еры, але, паводле сведчанняў, засталася глыбока расчараванай тым, як яе вобраз быў увасоблены на сцэне.
Актрыса Эн Бэнкрафт (злева), якая выканала ролю Голды Мэір у спектаклі «Голда» на Брадвеі, і Голда Мэір у Нью-Ёрку пасля прэм’еры пастаноўкі. 6 лістапада 1977 года. Фота: Ron Frehm / AP Photo
Аднак усяго праз некалькі дзён пасля гэтага адбылася падзея, якая засланіла ўсё астатняе і вярнула Голду ў цэнтр увагі. Прэзідэнт Егіпта Анвар Садат здзейсніў беспрэцэдэнтны і гістарычны візіт у Іерусалім, абвясціўшы пра сваю гатоўнасць да міру. Мэір сустрэлася з егіпецкім лідарам. Падчас іх размовы адбыўся знакаміты дыялог: яна спытала ў яго, чаму ён не прыехаў на перамовы гадамі раней, калі яна была прэм'ерам. Садат адказаў, што тады «момант не быў прыдатным».
У верасні 1978 года прэм'ер-міністр Ізраіля Менахем Бегін, прэзідэнт Егіпта Анвар Садат і прэзідэнт ЗША Джымі Картэр падпісалі гістарычныя Кэмп-Дэвідскія пагадненні, якія праклалі шлях да міру. У той час, як Бегін і Садат накіроўваліся ў Осла, каб атрымаць Нобелеўскую прэмію міру 1978 года, Голда Мэір памірала.
8 снежня 1978 года ва ўзросце 80 гадоў яна памерла ад лімфомы, з якой таемна змагалася шмат гадоў. Голда Мэір не дажыла ўсяго некалькі месяцаў да падпісання першай у гісторыі мірнай дамовы паміж Ізраілем і арабскай дзяржавай — дамовы, якая стала прамым вынікам вайны, што каштавала ёй адстаўкі.
Яна памерла там, дзе і жыла: у простай кватэры на ўскраіне Тэль-Авіва. Яна, як і яе пакаленне, цвёрда разумела, што не ў грашах шчасце. Затое яе пакаленне пакінула сваёй нацыі вялікі і моцны дом: дзяржаву Ізраіль, у якой усе яўрэі адчувалі сябе бяспечней, чым у рассеянні, і дзе яны маглі свабодна быць яўрэямі і ведалі, што іх нацыя не згіне.