У Арэнбургу зноў загарэўся атакаваны дронамі завод «Газпрама»
У Арэнбургу 20 кастрычніка зноў успыхнуў пажар на газаперапрацоўчым заводзе «Газпрама», які напярэдадні быў пашкоджаны падчас атакі дронаў. Як паведамляюць мясцовыя жыхары і СМІ, на месца здарэння выехалі пажарныя падраздзяленні МНС. Прычына паўторнага ўзгарання пакуль невядомая. У сацсетках з’явіліся відэа, дзе відаць вялізны слуп агню, паведамляе The Moscow Times.
Фота з сацсетак
Паводле ранейшых паведамленняў, у выніку атакі беспілотнікаў 19 кастрычніка на прадпрыемстве загарэўся адзін з цэхаў і былі зробленыя пашкоджанні. Губернатар вобласці Яўгеній Солнцаў паведаміў, што завод быў часткова выведзены з ладу. У Генштабе Узброеных сіл Украіны заявілі, што ўдар прыйшоўся па адной з установак па перапрацоўцы і ачыстцы газу.
Паводле крыніц выдання «Коммерсант», завод часова спыніў працу часткі вытворчых магутнасцяў і прыём сыравіны з казахстанскага радовішча Карачаганак. Міністэрства энергетыкі Казахстана пацвердзіла, што атрымала паведамленне ад «Газпрама» пра «аварыйную сітуацыю пасля атакі дронаў».
Арэнбургскі газаперапрацоўчы завод з’яўляецца часткай найбуйнейшага ў свеце газахімічнага комплексу, які перапрацоўвае каля 37,5 мільярда кубаметраў газу штогод. Гэта адзінае прадпрыемства ў Расіі, якое вырабляе адарант — рэчыва, што надае газу характэрны пах для выяўлення ўцечак. Да 2025 года завод таксама ўдзельнічаў у пастаўках газу ў Еўропу праз тэрыторыю Украіны.
Асноўная функцыя прадпрыемства — раздзяленне прыроднага газу на кампаненты. Метан паступае па трубаправодах спажыўцам, прапана-бутанавая сумесь выкарыстоўваецца як аўтамабільнае і бытавое паліва, а этан — як сыравіна ў хімічнай прамысловасці. Акрамя таго, завод тэхналагічна звязаны з геліевай вытворчасцю, прадукцыя якой выкарыстоўваецца ў электроніцы і атамнай энергетыцы.
Чытайце таксама:
Газаперапрацоўчы завод у Арэнбургу спыніў прыём сыравіны з Казахстана пасля ўдару дронамі
У Запарожскай вобласці загінуў ваенкар «РИА-Новости» Іван Зуеў