БЕЛ Ł РУС

Як вучыць дзяцей карыстацца штучным інтэлектам?

27.10.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Штучны інтэлект ужо стаў часткай нашага жыцця, але школьная сістэма не паспявае за гэтымі зменамі. Што рабіць бацькам у такой сітуацыі? І што небяспечней за ШІ? Сваім досведам і думкамі на гэты конт у выпуску ТОКу падзяліўся фізік, кандыдат навук, былы дырэктар Ліцэя БДУ Ігар Варакса.

«Паколькі зараз у школах гэтаму не вучаць, трэба вучыць акурат практыкам крытычнага мыслення», — адзначае Ігар Варакса. Ён распавядае, што сам арганізаваў для сваіх дзяцей невялікі тэматычны курс, каб пазнаёміць іх з магчымасцямі штучнага інтэлекту. Ён паказваў ім розныя сістэмы: ад тэкставых чатаў да генерацыі відэа, аўдыя і музыкі. У выніку гэты ўрок меў і нечаканы эфект:

«Вельмі засмуцілася адна з дачок, сярэдняя, якая пабачыла гэта. А яна любіць памаляваць, і яе гэта вельмі засмуціла: «А які сэнс цяпер нам, мне вось гэтым займацца?»

«З іншага боку, ты паказваеш, як гэта працуе, паказваеш вынікі, вучыш. На жаль, пакуль у школьных праграмах такога няма, і таму даводзіцца браць такую сітуацыю ў свае рукі», — працягвае былы дырэктар Ліцэя БДУ.

Ён прыводзіць прыклад Эстоніі, дзе ў школах укараняецца курс па крытычным мысленні. Ён упэўнены, што з цягам часу школы і ў іншых кранах да гэтага прыйдуць.

Але гэта не вырашыць праблему сацыяльных сетак, якія, па словах Вараксы, працуюць як скрыўленае люстэрка. Іх мэта — максімальна доўга ўтрымліваць карыстальніка на платформе, каб паказаць яму больш рэкламы. А што найлепш утрымлівае ўвагу? Як паказвае практыка, гэта кантэнт, які выклікае моцныя эмоцыі, часцей за ўсё — абурэнне. Таму алгарытмы яго падсоўваюць.

Варакса прыводзіць у прыклад даследаванне, праведзенае падчас выбараў у некалькіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Польшчы і Румыніі. Даследчыкі стварылі некалькі выпадковых профіляў у TikTok і прааналізавалі, які палітычны кантэнт ім паказвае алгарытм.

Вынік быў ашаламляльным: незалежна ад таго, якім быў профіль (нейтральным, левым ці правым), суадносіны палітычных ролікаў правай накіраванасці да ўсіх астатніх складалі прыкладна чатыры да аднаго.

Ілюстрацыйная выява. Фота: pixabay

«Калі ты не маеш уплыву на алгарытм, а ён мае ўплыў на рэальныя выбары людзей, то гэта вялікая праблема, — падкрэслівае Варакса. — І ніхто з карыстальнікаў не аддае сабе справаздачу, што насамрэч гэта не ён выбірае, а стужка, якую мы матаем, глядзім, што там, новы фільмік, ніжэй, яшчэ, яшчэ, — гэта ўсё не наш выбар, гэта нам прапануецца».

«Чым далей гэта ўсё развіваецца, і тыя самыя сацыяльныя сеткі, і ШІ, усё менш гэта дае кантролю чалавеку над тым, што ён робіць. Таму я якраз думаю, што гэта праблема, якая будзе з намі на працягу бліжэйшых гадоў, калі не дзесяцігоддзяў», — адзначае Варакса.

Свае словы ён пацвярджае трывожнымі данымі міжнародных даследаванняў. Вынікі PISA (Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў) апошніх пяці-шасці гадоў дэманструюць трэнд на пагаршэнне ведаў школьнікаў па ўсім свеце. Гэта разварот гістарычнай тэндэнцыі.

«Мы маем трэнды, якія адварочваюць назад усё тое, да чаго мы, чалавецтва, ішлі, — тлумачыць Ігар Варакса. — Дзеці, калі праходзілі праз школу, мелі больш высокі IQ, чым іх бацькі. І гэты трэнд быў на працягу ўсяго XX стагоддзя, і нават да пачатку XXI стагоддзя».

Але цяпер сітуацыя развіваецца ў адваротны бок. Пры тэсціраванні аналагічных узроставых груп паказчыкі пачалі зніжацца.

«Мы бачым столькі даных, якія ўжо кажуць, што мы дзесьці не туды звярнулі. І гэта не тычыцца нейкай асобнай краіны, трэба шукаць выйсце, — канстатуе Варакса. — На жаль, пакуль гэтыя даследаванні — адзінае, што ёсць, а сістэмных рашэнняў няма».

Чытайце таксама:

Штучны інтэлект здольны падабраць вам ідэальнага партнёра. Сумна? Затое надзейна

Штучны інтэлект можа прывесці да вымірання чалавецтва, папярэджваюць эксперты

Даследчыкі: штучны інтэлект пашырае разрыў паміж «зоркамі» і астатнімі

Каментары да артыкула