БЕЛ Ł РУС

Прынц Эндру адмовіўся ад тытула герцага Ёркскага. Яму зноў вылезла бокам справа Эпштэйна

18.10.2025 / 18:22

Nashaniva.com

Прынц Эндру, брат караля Вялікабрытаніі Карла III, адмовіўся ад тытулу герцага Ёркскага і іншых каралеўскіх знакаў ушанавання пасля таго, як яго сувязь з асуджаным сексуальным злачынцам Джэфры Эпштэйнам зноў трапіла ў цэнтр увагі грамадскасці. Пра гэта рашэнне Эндру абвясціў 17 кастрычніка, і яно было зроблена з дазволу караля.

Прынц Эндру. Фота: Aaron Chown/Pool Photo via AP

У заяве, размешчанай на сайце Букінгемскага палаца, прынц Эндру адзначыў, што пастаянныя абвінавачванні супраць яго «адцягваюць увагу ад працы Яго Вялікасці і каралеўскай сям’і».

Прынц падкрэсліў, што катэгарычна адмаўляе ўсе абвінавачванні, але адчувае неабходнасць зрабіць крок назад і больш не карыстацца сваім тытуламі і знакамі пашаны.

Гэта абвяшчэнне з’явілася перад публікацыяй паслясмяротных успамінаў Вірджыніі Робертс Джуфрэ, якая скончыла жыццё самагубствам у красавіку. Джуфрэ сцвярджала, што Эпштэйн выкарыстаў яе, калі ёй было 17 гадоў, і што яна мела сэксуальныя кантакты з прынцым Эндру. У 2021 годзе яна падала на яго ў суд, а ў 2022 годзе справа была ўрэгуляваная за нераскрытую суму.

У 2019 годзе Эндру ўжо сутыкнуўся з шырокай крытыкай за інтэрв’ю Бі-бі-сі, у якім прынц спрабаваў апраўдацца, але пры гэтым не выглядала, што ён спачувае ахвярам Эпштэйна. Праз некалькі дзён ён адмовіўся ад сваіх публічных абавязкаў у каралеўскай сям’і.

Нягледзячы на тое, што прынц адмовіўся ад тытулу герцага Ёркскага і іншых ушанаванняў, прынцам ён застаецца. Ягоная былая жонка Сара Фергюсан таксама перастане карыстацца тытулам княгіні Ёркскай, але дочкі Беатрыс і Юджынія працягваюць быць прынцэсамі.

Чытайце таксама:

Улады ЗША прызналі, што «спісу кліентаў» Джэфры Эпштэйна не існуе

Стывен Хокінг браў удзел у сэксуальных оргіях? Што за «спісы Эпштэйна» і хто ў іх трапіў

Карл ІІІ выгнаў прынца Эндру з Букінгемскага палаца

Брытанскі прынц Эндру выблытаўся са справы аб сэксуальным гвалце. Ён зрабіў пазоўніцы «істотнае ахвяраванне»

Лізавета ІІ пазбавіла свайго сына Эндру чыноў і тытулаў. Яго вінавацяць у згвалтаванні

Каментары да артыкула