«Я думаю, Пуцін хоча завяршыць вайну». Трамп сустрэўся ў Белым доме з Зяленскім
17 кастрычніка 2025 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыняў у Белым доме прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Каментуючы сустрэчу, ён выказаў упэўненасць у жаданні прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным міру, назваў прэзідэнта Венгрыі Віктара Орбана «вельмі добрым лідарам» і крануўся пытання «Тамагаўкаў».
Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo/Alex Brandon
Трамп перад пачаткам сустрэчы паведаміў журналістам, што падчас яе ён мае намер абмеркаваць сваю двухгадзінную размову з Уладзімірам Пуціным, якая адбылася напярэдадні. Паводле яго слоў, «Пуцін хоча спыніць вайну».
«Я думаю, Пуцін хоча завяршыць вайну. Я гаварыў з ім учора дзве гадзіны. Мы абмеркавалі шмат дэталяў, ён хоча гэта завяршыць. Зяленскі хоча гэта завяршыць, нам трэба гэта зрабіць», — заявіў Трамп.
Ён таксама адзначыў, што паміж Пуціным і Зяленскім ёсць «нейкая нянавісць».
«Паміж імі вельмі, вельмі вялікая нелюбоў. Але мы павінны дамагчыся міру, каб ён працягваўся доўга. На Блізкім Усходзе сітуацыя была нашмат горшай, у ёй было задзейнічана каля 15 краін, але мы змаглі гэта зрабіць. І я думаю, што і з Украінай і Расеяй мы можам чагосьці дамагчыся», — сказаў Трамп.
Прэзідэнт ЗША таксама пацвердзіў, што сустрэча паміж прадстаўнікамі ЗША і Расіі пройдзе ў Венгрыі і будзе двухбаковай, але ён застанецца «на сувязі з Зяленскім». Трамп растлумачыў, што месцам сустрэчы абраная Венгрыя, таму што гэта «бяспечная краіна», і ён «паважае прэм’ер-міністра Віктара Орбана», назваўшы яго «вельмі добрым лідарам з пункту гледжання таго, як ён праводзіць палітыку».
Адказваючы на пытанне пра магчымасць перадачы Украіне дальнабойных ракет, Трамп адзначыў, што гэтая тэма будзе абмеркаваная, хоць і «з’яўляецца эскалацыяй». Ён таксама пажартаваў, пахваліўшы Зяленскага за яго «вельмі стыльны пінжак».
Зяленскі, у сваю чаргу, выказаў упэўненасць, што Трамп здольны дапамагчы завяршыць расійска-украінскую вайну, падкрэсліўшы, што «Расія не мае асаблівых поспехаў на фронце».
«У Трампа ёсць вялікія шанцы спыніць вайну. Ён ужо паказаў, як можа дамагчыся спынення агню на Блізкім Усходзе. Спадзяюся, што і цяпер ён зможа зрабіць тое самае. Гэта вялікая магчымасць для Украіны», — сказаў Зяленскі.
Украінскі лідар таксама заявіў, што Кіеў гатовы да перамоваў у любым фармаце, але адзначыў: «На Пуціна трэба націснуць».
Чытайце таксама:
Спецпасланнік Пуціна прапанаваў злучыць Расію і ЗША «тунэлем Пуціна — Трампа»
Зяленскі сустрэўся з вытворцам «Тамагаўкаў»
Трамп перапыніў сустрэчу на Алясцы пасля доўгай лекцыі Пуціна пра Рурыка і Яраслава Мудрага