У «Беларуснафце» расказалі, як вырашаюць праблему чэргаў на АЗС
17 кастрычніка падчас нарады з урадам Аляксандр Лукашэнка даручыў навесці «жалезны парадак» з чэргамі на запраўках да панядзелка. Пасля гэтага кампанія «Беларуснафта» расказала, якія меры яна прымае для вырашэння сітуацыі.
Як паведамілі ў «Беларуснафце», у перыяды павышанага трафіку на запраўках будзе працаваць дадатковы персанал, каб пазбегнуць затораў. Калі аўтамабіль займае калонку занадта доўга, аператары паведамяць пра гэта кіроўцу— у тым ліку праз гучнагаварыцель.
У кампаніі падкрэсліваюць, што калектывы АЗС сочаць за захаваннем культуры паводзін і дысцыпліны на тэрыторыі заправак і стараюцца зрабіць так, каб «кожны кліент застаўся задаволены — незалежна ад таго, прыйшоў ён заліць паліва ці проста выпіць кавы».
Акрамя таго, кіроўцаў будуць актыўней інфармаваць пра сучасныя спосабы аплаты паліва і тавараў. Цяпер на запраўках паставілі каля 140 тэрміналаў самаабслугоўвання, і іх колькасць плануюць павялічыць.
Таксама кліентам нагадваюць пра мабільны дадатак «Беларуснафты», праз які можна хутка аплаціць паліва і іншыя паслугі без чаргі.
Чытайце таксама:
Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»
«Разабралі будаўнічыя агароджы за ноч»: мінчане 20 гадоў змагаюцца за міні-парк супраць АЗС