БЕЛ Ł РУС

Салігорскі «Шахцёр» афіцыйна прызналі банкрутам

14.10.2025 / 22:44

Nashaniva.com

У выніку праведзенага аналізу фінансавага стану і плацежаздольнасці клуба зроблена выснова, што «Шахцёр» не здольны выканаць свае грашовыя абавязанні перад крэдыторамі. Адпаведнае рашэнне Эканамічнага суда Мінскай вобласці 14 кастрычніка апублікавана на афіцыйным сайце Міністэрства эканомікі, піша football.by.

Агульны памер крэдыторскай запазычанасці ЗАТ «Футбольны клуб «Шахцёр» склаў 16 770 045 рублёў. Тым часам актывы клуба (аб’екты нерухомасці, транспартныя сродкі і іншае) ацэненыя толькі ў 10 957 729 рублёў.

На падставе гэтага суд прыйшоў да высновы, што даўжнік з’яўляецца неплацежаздольным і не мае магчымасці выканаць грашовыя абавязанні перад крэдыторамі, а таму падлягае прызнанню банкрутам і ліквідацыі ў парадку, прадугледжаным законам.

Пасля прыняцця рашэння прызнаць «Шахцёр» банкрутам, Эканамічны суд Мінскай вобласці адкрыў у дачыненні да клуба ліквідацыйную працэдуру, якая працягнецца да 1 чэрвеня 2026 года.

У 2022 годзе «Шахцёр» у чацвёрты раз стаў чэмпіёнам Беларусі па футболе, аднак пазней быў пазбаўлены гэтага тытула праз ўдзел у арганізацыі дамоўных матчаў і стымуляванне іншых клубаў вышэйшай лігі. Па выніках сезона-2024 «Шахцёр» пакінуў элітны дывізіён і пасля гэтага не заявіўся ні ў адзін з турніраў пад эгідай АБФФ.

У чэрвені 2025 года клуб распачаў працэдуру банкруцтва.

Чытайце таксама:

Трохразовы чэмпіён Беларусі па футболе падаў на банкруцтва

Футбольны клуб з Салігорска будзе гуляць у другой лізе пад новай назвай

Футбольны салігорскі «Шахцёр» упершыню ў гісторыі вылецеў з вышэйшай лігі. Як так выйшла?

Экс-дырэктар салігорскага «Шахцёра» атрымаў 6 гадоў калоніі, спецыяліст па працы з фанатамі — 7 гадоў

Салігорскі «Шахцёр» аштрафавалі і адхілілі ад еўракубкаў

Вынеслі прысуд былому спартыўнаму дырэктару «Шахцёра». Яго адпусцілі ў зале суда

Каментары да артыкула