БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Мадагаскара заявіў пра спробу вайсковага перавароту

12.10.2025 / 18:22

Nashaniva.com

Прэзідэнт Мадагаскара Андры Радзуэліна заявіў, што ў краіне адбываецца спроба незаконнага і неканстытуцыйнага захопу ўлады. Праз некалькі гадзін пасля таго вайсковае падраздзяленне CAPSAT (карпус кадравых і адміністрацыйна-тэхнічных службаў) аб’явіла, што пераняла кіраванне ваенным камандаваннем і цяпер кантралюе ўсе ўзброеныя сілы — сухапутныя, паветраныя і марскія. Гэтае падраздзяленне раней адыграла ключавую ролю ў палітычным крызісе 2009 года, які прывёў Андры Радзуэліну да ўлады, піша Бі-бі-сі.

Падчас пратэстаў у Антананарыву. Фота: Rafalia Henitsoa/Anadolu via Getty Images

Пратэсты на Мадагаскары пачаліся 25 верасня. Спачатку людзі выйшлі супраць адключэнняў вады і электрычнасці, але хутка дэманстрацыі перараслі ў шырэйшае незадавальненне ўрадам Радзуэліны з-за высокага ўзроўню беспрацоўя, карупцыі і росту цэнаў. У суботу некаторыя салдаты пакінулі казармы на ўскраінах сталіцы краіны Антананарыву і далучыліся да пратэстоўцаў перад гарадской радай.

CAPSAT асудзіла выкарыстанне сілы сілавымі структурамі падчас разгону апошніх пратэстаў у Антананарыву. Адначасова адміністрацыя прэзідэнта заявіла, што Андры Радзуэліна і новы прэм’ер-міністр Руфін Зафісамба — генерал арміі, прызначаны напярэдадні — кантралююць сітуацыю.

Згодна з данымі ААН, з пачатку пратэстаў у Мадагаскары загінулі 22 чалавекі, але прэзідэнт краіны назваў гэтыя лічбы «памылковымі» і сцвярджае, што загінулі 12 чалавек, якіх ён ахарактарызаваў як «марадзёраў і вандалаў».

У заяве Радзуэліны гаворыцца, што спроба захопу ўлады з’яўляецца поўным парушэннем Канстытуцыі і дэмакратычных прынцыпаў. Ён заклікаў усе ключавыя сілы краіны аб’яднацца для абароны канстытуцыйнага парадку і нацыянальнага суверэнітэту.

CAPSAT абвясціла аб прызначэнні генерала Дэмасфена Пікуласа новым начальнікам штаба. У нядзелю раніцай паступілі паведамленні пра перастрэлкі ў лагеры CAPSAT падчас перамоў з жандармерыяй. Падрабязнасцяў пакуль няма.

Чытайце таксама:

Францыя вяртае Мадагаскару чэрап мясцовага караля, якому адсеклі галаву 128 гадоў таму

Былы прэзідэнт Бразіліі Балсанару асуджаны на 27 гадоў турмы за падрыхтоўку ваеннага перавароту

«Яны горшыя за французаў, мы трапілі з агню ды ў полымя». Як «Вагнер» праваліўся ў Малі

Каментары да артыкула