БЕЛ Ł РУС

Лідары арабскіх краін адмовіліся ехаць на саміт да Пуціна

10.10.2025 / 15:44

Nashaniva.com

Планаваны ў Маскве расійска-арабскі саміт, які Уладзімір Пуцін анансаваў яшчэ ў маі і на які запрашаў усіх кіраўнікоў краін Лігі арабскіх дзяржаў, у выніку не адбудзецца. Як паведамляе Bloomberg, многія ключавыя лідары адмовіліся ехаць, а таму сустрэчу давялося адмяніць.

Наследны прынц Саудаўскай Аравіі, фактычны кіраўнік гэтай дзяржавы Мухамед ібн Салман Аль Сауд. Фота: Chesnot/Getty Images

Мерапрыемства павінна было прайсці 15 кастрычніка і стаць адным з галоўных знешнепалітычных крокаў Крамля. Пуцін разлічваў паказаць Захаду, у тым ліку Дональду Трампу, што Расія мае ўплыў і падтрымку ў арабскім свеце.

Аднак з 22 кіраўнікоў дзяржаў запрашэнне прынялі толькі некалькі — у тым ліку новы прэзідэнт Сірыі Ахмед аш-Шараа і кіраўнік Лігі арабскіх дзяржаў Ахмед Абуль Гейт. Тым часам галоўныя фігуры рэгіёну — наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бен-Сальман, прэзідэнт ААЭ Мухамед ібн Заід Аль Нахаян і прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі — не пацвердзілі ўдзел.

У Крамлі заявілі, што саміт адкладаецца нібыта праз пачатак «урэгулявання сітуацыі ў Газе па плане Трампа». Паводле афіцыйнай версіі, многім кіраўнікам «цяжка асабіста прыехаць у Маскву ў цяперашніх умовах».

Нягледзячы на расчараванне, у Расіі спадзяюцца правесці сустрэчу пазней. Але эксперты адзначаюць, што ўплыў Масквы на Блізкім Усходзе слабее — пасля падзення сірыйскага рэжыму Башара Асада і ўцёкаў яго ў Расію.

Палітолагі лічаць, што Пуцін хацеў прадэманстраваць, быццам Расія — частка «сусветнай большасці», але без падтрымкі арабскіх дзяржаў гэта выглядае сумнеўна. 

Чытайце таксама:

Ізраіль афіцыйна пагадзіўся на перамір'е ў Газе. Вызваленне закладнікаў можа пачацца ў панядзелак

Суд у Гаазе прызнаў вінаватым у ваенных злачынствах у Дарфуры колішняга лідара суданскага апалчэння

У Сірыі праходзяць першыя выбары пасля звяржэння Асада

ХАМАС прыняў асноўныя палажэнні плана Трампа і пагадзіўся адпусціць усіх закладнікаў

Каментары да артыкула