Пад Баранавічамі вырасцілі 25 груш на галінцы даўжынёй у 25 сантыметраў
Жыхар Баранавіцкага раёна вырасціў сапраўдны рэкордны ўраджай груш. У сваім садзе пенсіянер Роберт Пялінак з аграгарадка Русіна атрымаў неверагодны вынік — 25 груш на адной галіне даўжынёй усяго 25 сантыметраў, піша мясцовае выданне «Наш край».
Як расказаў сам гаспадар, які больш за 50 гадоў жыве ў Русіне і ўсё жыццё працаваў землеўпарадчыкам, усё атрымалася дзякуючы прышчэпцы. Груша, якая ўжо пачынала засыхаць, дала новыя парасткі, і ён вырашыў не выдаляць іх, а прышчапіць галінкі ад іншых груш, у тым ліку ад дрэва свайго знаёмага.
Калі вясной грушы зацвілі, ударыў мароз, узгадвае пенсіянер. Але гэтую галінку холад абышоў бокам. Яна ўся была ў цвеце — нібы букет бэзу! А потым з кожнай кветачкі атрымалася завязь.
Палову завязі давялося выдаліць, бо столькі пладоў маленькая галінка не вытрымала б. А каб зберагчы астатнія грушы, гаспадар змясціў іх у сетку для раўнамернага паспявання і падпёр галінку, каб яна не зламалася.
Ураджай ужо сабралі: грушы даспяваюць і наліваюцца сокам. Найбуйнейшая з іх важыць 325 грамаў, а каля 30% усіх пладоў — па тры сотні грамаў.
Чытайце таксама:
Жыхар Браслаўскага раёна вырасціў кавун вагой 17 кілаграмаў
У беларускія крамы завезлі ююбу. Што гэта такое?
Адным перад суседзямі сорамна, другія радуюцца кавунам памерам з персік. Беларусы паказваюць ураджай