«Людзям цікавы вясковы дзвіж». Бабруйскі дальнабойшчык расказаў, як ператварыў дваравую дыскатэку пад Глускам у культурны феномен
Сёлета беларускі тыкток узрушыла атмасферная вясковая дыскатэка пад Глускам, арганізатарам якой стаў Рыгор Булка з Бабруйска. Аказалася, што фармат танцаў на свежым паветры — менавіта тое, па чым сумавалі многія беларусы. Выданне «МогилевОнлайн» пабывала ў вёсцы Зелянковічы, каб даведацца, як аддаленая вёска з насельніцтвам менш за 100 чалавек стала месцам прыцягнення сотняў беларусаў.
«Гэта хата — настальгія і памяць»
Для Рыгора Булкі Зелянковічы звязаныя з самымі цёплымі ўспамінамі. Тут прайшлі яго дзяцінства і юнацтва. І хоць сёння гэта амаль вымерлая вёска, малады чалавек прыязджае сюды часта. У спадчыну яму дасталася хата, купленая бацькамі яшчэ ў 1990-х, якую ён стараецца падтрымліваць у парадку.
«Для мяне гэта хата — настальгія і памяць. Хоць яна даволі старая, я яе люблю і прадаваць ніколі не хацеў і не буду», — дзеліцца Рыгор.
У Зелянковічах ён нярэдка прымаў сяброў і нават з простых пасядзелак умеў зрабіць свята. Раней бабруец актыўна працаваў тамадой і з таго часу ў яго пылілася музыка-апаратура, якую ён часам даставаў. Тады двор пры ягонай хаце ператвараўся ў яркую музычную пляцоўку, дзе кожны госць мог весела правесці час. Ідэя рабіць дыскатэкі ў двары хаты рэгулярна ўзнікала сама па сабе ў коле сяброў.
«Зрабіў адзін раз, зрабіў другі — і ўсім так спадабалася, што пачалі пытаць, калі будзе наступная», — успамінае Рыгор Булка.
Па яго словах, спачатку гэта была вечарынка толькі для сваіх, якую ён праводзіў раз у год летам. Простая вясковая дыскатэка на свежым паветры са знаёмымі з дзяцінства песнямі, караоке і яркай святломузыкай.
Спачатку прыходзілі сябры, потым пачалі заходзіць сябры сяброў, а пасля і знаёмыя знаёмых. У гасціннасці Рыгор ніколі не адмаўляў, і хутка пра «вайбавую» вясковую дыскатэку ў Зелянковічах загаварылі ў сацыяльных сетках.
На танцы пад адкрытым небам пачалі прыязджаць людзі з самых розных куткоў Беларусі: Глуска, Бабруйска, Мінска, Мазыра, Слуцка, Старых Дарог, Акцябрскага, Гомеля і многіх беларускіх вёсак.
«Прыязджаюць, каб нават не столькі патанцаваць, колькі паразмаўляць»
Асаблівай канцэпцыі ў мерапрыемства па-ранейшаму не было, але менавіта ў гэтай простасці і была яго магія. Простая «лямпавая» вечарынка з танцамі, душэўнымі размовамі і песнямі стала для гасцей порталам у настальгічныя часы дзяцінства, калі на танцы збіралася ўся вёска. Нікога не бянтэжыла нават цесната: людзі раскладаліся проста каля сваіх аўтамабіляў, ствараючы ўтульныя астраўкі, дзе спявалі, танцавалі і гутарылі ад душы.
Так вечарынка ў Зелянковічах стала сапраўдным хітом, і па просьбе гасцей Рыгор паўтарыў яе чатыры разы.
«Людзям цікавы такі вясковы дзвіж. Прыязджаюць, каб нават не столькі патанцаваць, колькі паразмаўляць. Хтосьці тут знаёміцца, а для кагосьці гэта месца становіцца сустрэчай старых сяброў», — адзначае Рыгор Булка.
Па яго словах, мясцовых на ягоныя вечарынкі заходзіць няшмат, бо Зелянковічы — ужо амаль вымерлая вёска. Аднак паглядзець на танцы моладзі любяць нават мясцовыя бабулі.
«Усе адгукаюцца добра, дзякуюць, што я не забываю дарогу ў родную вёску і прыношу такое свята», — дзеліцца Рыгор і адзначае, што за ўвесь час ніколі не чуў, каб на яго хто-небудзь скардзіўся.
Дамы каля ягонай хаты пустуюць, таму шумнай музыкай турбаваць проста няма каго.
«Калі гэта патрэбна такой колькасці людзей, мы знойдзем магчымасць зрабіць гэта свята»
З ростам папулярнасці прыйшлі і новыя клопаты. Калі на першую дыскатэку прыйшло каля 70 чалавек, то на апошнюю — ужо больш за сотню. Рыгор прызнаецца, што прымаць такую колькасць гасцей ужо складана, і ягоная вечарынка пачала ўсё менш нагадваць камерную дыскатэку ў двары, якой была спачатку. Пытанне бяспекі выйшла на першы план, і стала відавочна, што фармат трэба пашыраць да якога-небудзь афіцыйнага мерапрыемства.
«Цяпер я абмяркоўваю з раённай адміністрацыяй магчымасць арганізацыі маштабных дыскатэк у будучыні. Калі гэта патрэбна такой колькасці людзей, я думаю, мы знойдзем магчымасць зрабіць свята. Буду рабіць гэта сам ці разам з ДК — я гатовы разглядаць розныя варыянты. Галоўнае, каб усё было бяспечна і ў прававым полі», — падзяліўся Рыгор.
Планы на наступны сезон пакуль у распрацоўцы. Магчыма, будучая дыскатэка стане часткай афіцыйнага свята вёскі, а магчыма, што спатрэбіцца аформіць ІП для правядзення такіх масавых вечарынак.
«Мне шмат пішуць з прапановамі зрабіць свята ў іншых месцах. Ёсць ідэя развіваць менавіта сваю пляцоўку ў Зелянковічах, дадаўшы новыя фішкі.
Прызнаюся, я не чакаў такога ажыятажу і пакуль не вызначыўся з кірункам. Калі ўсе пытанні будуць уладкаваныя, тады і займуся падрабязным планаваннем. Упэўнены, што і сябры, і госці падкінуць нямала цікавых ідэй».
Незалежна ад выбранага фармату, Рыгор настроены рашуча. Ён упэўнены, што Зелянковіцкая дыскатэка будзе жыць, і гатовы дамагацца дазволу нават на абласным узроўні, калі спатрэбіцца.
Па словах мужчыны, ён атрымлівае вялікі зарад і задавальненне ад атмасферы свята, якую ўдалося стварыць у двары сваёй хаты. Цяпер ён ставіцца да гэтага як да прыемнага хобі, але не выключае, што ў будучыні гэта можа ператварыцца ў нейкую бізнэс-ідэю.
Вядома ўжо цяпер, што простай камернай дыскатэкай з адкрытымі дзвярыма яго вечарынка не застанецца — занадта шмат ахвотных яе наведаць. Многія госці адзначалі, што нават гатовыя плаціць, каб трапіць на такую душэўную дыскатэку.
«Так, я зараз на гэтым нічога не зарабляю, але, блін, мне гэта падабаецца. Калі ў мяне будзе нешта цікавае ў наступным годзе, і я ўбачу ў гэтым нейкія перспектывы, то адназначна буду думаць. Калі такі вялікі попыт, калі людзям хочацца гэтага свята… Чаму б і не? Пажывём — пабачым», — падзяліўся Рыгор і падкрэсліў, што гатовы кінуць працу міжнароднага дальнабойшчыка, якой займаецца цяпер, калі спатрэбіцца.
Каб перадаць непаўторную атмасферу зелянковіцкіх вечарынак, Рыгор спецыяльна для журналістаў уключыў апаратуру. Знаёмыя хіты 90-х, яркія агні, тэатральны дым, яго зараджальная энергія і харызма — вось рэцэпт ідэальнага лета, які знайшлі для сябе сотні беларусаў у амаль забытай вёсцы.
Чытайце таксама:
«Гэта выпадкова не Ібіца?» Лагер «Зубраня» паказаў, як у ім праходзяць дзіцячыя дыскатэкі
У Барысаве паспрабавалі адрадзіць дыскатэкі для моладзі. Але не па кані корм
У Барысаве прапанавалі правесці дыскатэку ў навушніках. Ці гатовыя гараджане танцаваць у цішыні?