БЕЛ Ł РУС

У Мінску здаюць жыллё разам з бабуляй. Абвестка выклікала гарачую дыскусію

1.10.2025 / 16:17

Nashaniva.com

Незвычайная абвестка пра арэнду аднапакаёвай кватэры ў Мінску выклікала буру рэакцый. Усяго за 400 рублёў на месяц патэнцыйным кватарантам прапануюць не толькі 33 квадратныя метры, але і суседку — пажылую гаспадыню кватэры. Рэакцыя беларусаў: ад шчырага спачування і абурэння да чорнага гумару і прапаноў дапамогі.

Ілюстрацыйнае фота: Getty Images

Усё пачалося з абвесткі, якую размясціла на адным з вядомых сайтаў рыэлтараў дачка пажылой жанчыны. У ёй гаворыцца, што ў Мінску здаюць аднапакаёвую кватэру плошчай 33 квадратныя метры разам з бабуляй, якая там жыве. Аўтарка запэўнівае, што гэта не праблема:

«Бабуля заўсёды маўчыць, нічым у кватэры не карыстаецца і практычна не ходзіць. Акуратная і чыстая. Я жыву побач і прыходжу два разы на дзень ненадоўга пакарміць бабулю. (…) Можам дамовіцца, каб я прыходзіла, калі вас няма дома».

За такую незвычайную арэнду просяць 400 рублёў на месяц.

@minskoblastnovosti55 В Минске сдают однушку вместе с бабушкой #минск #минскаяобласть #минсксейчас #недвижимость #беларусь ♬ Horror atmosphere piano & SE. - Kohrogi

Хваля абурэння і спачування

Абвестка імгненна стала віруснай і выклікала шквал эмоцый. Найбольшую падтрымку атрымалі каментары, прасякнутыя спачуваннем да пажылой жанчыны. Самы папулярны з іх, які сабраў 20 тысяч лайкаў, быў вельмі лаканічным:

«Бедная бабуля. На старасці гадоў яе ў арэнду здалі».

Многія падзялілі гэтае меркаванне, выказваючыся больш рэзка:

«Словамі не апісаць, наколькі гэта жахліва. Бедная бабуля» (8,1 тысячы лайкаў) і «З такімі сваякамі і ворагаў не трэба» (3,6 тысячы лайкаў).

Іншыя дадаюць: «Бабуля яшчэ не памерла, а ўжо кватэру здаюць…. Усё, што трэба ведаць пра арэндадаўцаў Мінска», «Вельмі нецярплівая дачка ў бабулі». «А дачку сумленне наогул не мучыць???? Шукае сядзелак, ды яшчэ і з даплатай за 400 р. Здзек з абодвух бакоў!!!!»

Не абышлося і без чорнага гумару, які, тым не менш, падкрэсліваў абсурднасць сітуацыі. Другі па папулярнасці каментар (12,7 тысячы лайкаў) гучыць так:

«А бабулю без кватэры можна зняць?»

Нязручныя пытанні і спробы абароны

Натуральна, у карыстальнікаў узніклі лагічныя пытанні да дачкі, якая размясціла абвестку. Часцей за ўсё гучала думка: чаму не забраць маму да сябе?

«Чаму да сябе не забрала? Яна ж маўчыць і не ходзіць амаль, не знойдзецца 2 метры для ложка ў кватэры? Сорам і ганьба», — піша адзін з каментатараў (2,5 тысячы лайкаў).

Іншыя развілі гэтую ідэю, адзначыўшы, што з пункту гледжання фінансавай выгады гэта было б лагічней:

«Жэсць. (…) Не, каб да сябе чалавека забраць і ў два разы даражэй хату здаць…».

«Чаму тады не ўзяць яе сабе дадому, раз яна не хадзячая, так можна кватэру даражэй здаваць, і гэтыя грошы прынясуць больш карысці, я ж не сцвярджаю, як там справы ідуць, проста пакуль гэта выглядае як быццам чалавека трымаюць як гадаванца, дык яшчэ і хочуць грошы на гэтым хоць якія зрубіць», — заўважае яшчэ адзін.

Аднак знайшліся і тыя, хто паспрабаваў стаць на бок дачкі, заўважыўшы, што не ўсё так адназначна:

«Можа, у яе кватэра маленькая? І прабачце мне, яна сваёй мамы не кінула, глядзіць яе. А што яшчэ трэба? Бацькі бацькамі, але быць з ёй 24/7 гэта нязручна. У дачкі таксама павінна быць сваё жыццё. І ў гэтым няма нічога такога».

«Бывае, што старыя ні ў якую не хочуць пакідаць сваю, звыклую ім хату, кватэру. Новае месца забойчае для іх раўнавагі, псіхікі», — дадае яшчэ адзін беларус.

Канкрэтныя прапановы і асцярогі

Сярод каментатараў ёсць і тыя, хто заўважае, што «трэба бясплатна здаваць», бо «гэта дагляд бабкі». «Так, яшчэ і даплачвай!» — дадае іншы.

А ёсць і канкрэтныя прапановы дапамогі. Адна з жанчын напісала:

«Можна я бабулю забяру да сябе ў Пінск? Буду карміць і даглядаць. А ў кватэры будзе жыць мая дачка-студэнтка, вучыцца ў медкаледжы. Паверце, я ляжачую маму даглядала 6 гадоў, практыку вялікую маю».

Гэтую прапанову многія падтрымалі, адзначыўшы: «Гэта найлепшы варыянт для бабулі, у першую чаргу ёй трэба зносіны ці хаця б увага».

Іншы карыстальнік скептычна паставіўся да такой прапановы, заўважыўшы:

«Ды мяркуючы па ўсім, такія арэндадаўцы ўдавяцца. Бо першапачаткова яны б проста нанялі сядзелку з бясплатным пражываннем».

Асобны блок дыскусіі быў прысвечаны фізічнаму стану бабулі і ўмовам яе ўтрымання. Карыстальнікі выказалі сур'ёзную занепакоенасць:

«Ляжачая і не гаворыць, кормяць толькі 2 разы на дзень. А як яна і куды ў прыбіральню ходзіць? Уяўляю, які пах у кватэры стаіць. Раз прыходзяць толькі 2 разы на дзень, напэўна ў яе ёсць ужо вялікія праблемы са скурай. А потым яна адмучыцца, дык следчыя яшчэ і разбірацца будуць, ці сама. Спадзяюся, яе сваякам лёс адплаціць той жа манетай у старасці».

«Парушэнне правоў чалавека»

Некаторыя каментатары былі больш катэгарычнымі, заўважаючы:

«А чаму ў турму не садзяць такіх арэндадаўцаў?» (больш за 1600 лайкаў)

Праўда, на гэта аўтару патлумачылі, што такі варыянт не паспрыяе становішчу бабулі: «Ага, давайце яе пасадзім у турму, а бабулю пакінем са сваёй кватэрай!»

Іншыя палічылі, што сітуацыяй павінны зацікавіцца афіцыйныя органы:

«Тут сацыяльныя службы павінны задумацца і пачаць дзейнічаць. Міліцыя, агоў!.. Гэта не хатні гвалт?» — напісаў адзін з каментатараў.

У адказ яму патлумачылі, што справа не столькі ў гвалце, колькі ў парушэнні базавых правоў чалавека:

«Гэта не хатні гвалт, гэта проста парушэнне правоў чалавека, бо прабачце, а яе хтосьці спытаў, ці хоча яна каб да яе кагосьці падсялялі? Я не ведаю, як яна ставілася да сваіх дзяцей у іх дзяцінстве, але нават калі там усё дрэнна, гэта не дае права так у старасці здзекавацца з чалавека».

А можа, не ўсё так дрэнна?

Сярод агульнага абурэння прагучалі і альтэрнатыўныя меркаванні. Некаторыя не ўбачылі ў прапанове нічога крымінальнага, разглядаючы яе як арэнду ложка-месца. А хтосьці нават знайшоў у гэтым пэўную рамантыку:

«Па-першае, не бабулю здаюць у арэнду, а проста арэнда ложка-месца. Па-другое, чаму б і не, калі бабуля вельмі спакойная, харошая, добрая, якая разумее. Вельмі нават цікава будзе разам жыць. І сумна не будзе, калі бабуля адэкватная».

«Я б зняла кватэру, кожны дзень мы б з ёй размаўлялі, я б заварвала ёй гарбату і мы разам адгадвалі сканворды. Чаму я буду не звяртаць на яе ўвагі, калі можна проста ўтульна праводзіць час разам».

Урэшце, знайшліся і тыя, хто заклікаў устрымацца ад асуджэння, бо ніхто не ведае сапраўднага стану рэчаў:

«А можа бабуля сама не супраць. Дый хай сума не вялікая, але ўсё пойдзе на догляд яе ж, дый калі побач хтосьці, будзе спакайней. У выпадку чаго можа дачцэ патэлефанаваць. Не ведаю, у любым разе ніхто не ведае сапраўднай прычыны, ды і асуджэнне — Грэх».

Чытайце таксама:

«Прыйду ў госці, вып’ю віна ці схаджу з табой у бар». Гродзенка ў сацсетках прапанавала стаць «сяброўкай на гадзіну»

«Забярыце дадому з разбітай галавой». Беларуска паскардзілася, што сыну не выклікалі хуткую ў школе

Рыэлтар: У параўнанні з мінулым годам арэнда жылля падаражэла на 20—30%

Каментары да артыкула