Дваіх дэпартавалі, двое з'ехалі самі. У Польшчы расказалі пра беларусаў, затрыманых пасля канцэрта Каржа
Памежная служба Польшчы расказала пра лёс 63 замежнікаў, затрыманых на канцэрце беларускага рэпера Макса Каржа, які адбыўся 9 жніўня ў Варшаве. Сярод іх 57 грамадзян Украіны і шасцёра грамадзян Беларусі.
Паліцыя каля стадыёна, дзе праходзіў канцэрт Макса Каржа. Фота: policja.gov.pl
Дваіх беларусаў выдварылі з Польшчы. Яшчэ двое пакінулі краіну самі. Акрамя таго, Памежная служба распачала справу аб абавязку да вяртання ў краіну паходжання ў дачыненні да аднаго грамадзяніна Беларусі. І яшчэ аднаго ўнесла ў спіс асоб, якім забаронены ўезд у Шэнгенскую зону, піша MOST са спасылкай на агенцтва PAP.
Усяго падчас канцэрта Каржа затрымалі 63 іншаземцаў. 14 з іх дэпартавалі, 13 пакінулі Польшчу добраахвотна. У дачыненні да трох замежнікаў Памежная служба распачала справы па абавязку да вяртання, і 33 забаронены ўезд у краіны Шэнгенскай зоны.
Канцэрт беларускага рэпера Макса Каржа адбыўся 9 жніўня на стадыёне PGE Narodowy у Варшаве. Падчас мерапрыемства некаторыя гледачы парушылі грамадскі парадак, выскачыўшы з трыбун на поле стадыёна. Адзін з удзельнікаў дэманстраваў сцяг УПА, які ў польскім грамадстве выклікае асацыяцыі з этнічнымі чысткамі, што адбыліся ў 1943 годзе.
Гэта выклікала гучны скандал, у адказ на які ўлады вырашылі выдварыць з краіны ўсіх замежнікаў, якія парушылі парадак падчас канцэрта.
Чытайце таксама:
Макс Корж пацвердзіў, што прычына адмены канцэрта ў Алматы — паводзіны фанатаў у Варшаве
Наркотыкі, піратэхніка, падробка білетаў: за што затрымлівалі беларусаў на канцэрце Каржа