Лукашэнку па начах сніцца саўгас «Гарадзец»
Вяртаючыся ў Мінск пасля сустрэчы з Пуціным у Маскве, Лукашэнка па дарозе спыніўся на Магілёўшчыне, дзе наведаў ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» у Шклоўскім раёне. У 1987‑1994 гадох ён быў дырэктарам гэтага сельгаспрадпрыемства, якое тады называлася саўгасам «Гарадзец».
Скрыншот з відэа
«Я чаму прыехаў, калі шчыра казаць? Кладуся спаць ноччу — сон мне. Пастаянна мне Гарадзец сніцца. І сніцца, што я непасрэдна зноў працую ў «Гарадцы». А потым яшчэ ў сне думаю: Госпадзе, што я ў кагосьці нешта прашу? Я ж прэзідэнт. У мяне гэта ўжо каша. «Гарадзец» гэты не адпускае.
Думаю, ну трэба заехаць. У мінулым годзе неяк не атрымалася, у першай палове гэтага года. А тут думаю: добра, з Масквы буду ляцець, прызямліўся, заеду, пагляджу. Можа быць, сніцца не будзе», — гаварыў Лукашэнка перад сабраным натоўпам мясцовых жыхароў.
Сярод іншага ён панаракаў на тое, што людзі цяпер не тыя, з ранейшымі было прасцей:
«Вядома, да нас было пакаленне, якое ваявала, наша пакаленне — яно ў бядзе вырасла, у горы. Пасля вайны — там ніхто не глядзеў, каб… Вось, моладзь: а ці можна, Аляксандр Рыгоравіч, нам даваць падтрымку за другое народжанае дзіця? Я кажу: ды Бог з вамі. Гэта можна, але дзе ўзяць грошы для гэтага? Што, у пенсіянераў адабраць грошы? Дык яны ў нас не багатыя. За другое дзіця плаціць… Хто плаціў за шостага ў тыя часы?
Вось такая свядомасць у людзей. І я так вось па-старадаўняму задаю пытанне: няўжо нашаму пакаленню трэба вось гэтыя нейкія цяжкасці — не дай бог вайна — каб мы пасля гэтага навучыліся шанаваць жыццё?»
Пры гэтым цяперашнім станам сваёй былой гаспадаркі Лукашэнка зусім не задаволены. Яму вельмі не спадабалася, як захоўваюць запчасткі на машынным двары. І сёння «Гарадзец», маўляў — не самая горшая, але адна з найгоршых гаспадарак: «Гэта ганьба для прэзідэнта… Да такога стану давялі».
Лукашэнка даў даручэнне мясцовым уладам і кіраўніцтву свайго Кіраўніцтва справамі да вясны навесці «ідэальны парадак».
Чытайце таксама:
Лукашэнка пра тэматыку перамоваў з Пуціным: Думалі, як выжыць
Лукашэнка назваў сябе трампістам
Фоты з Масквы даюць пабачыць Пуціна і Лукашэнку без грыму
Лукашэнка хоча на грошы, якія засталіся ад будаўніцтва АЭС, пабудаваць яшчэ адзін блок