БЕЛ Ł РУС

Кампанія-аднарог з беларускімі каранямі заплаціць мільёны даляраў за злоўжыванне асабістымі данымі

26.09.2025 / 21:40

Nashaniva.com

Google і Flo Health пагадзіліся выплаціць агулам $56 млн, каб урэгуляваць калектыўны пазоў, паведамляе Devby.io. Іх абвінавачвалі ў зборы адчувальных медыцынскіх даных мільёнаў жанчын і выкарыстанні іх для таргетынгу рэкламы з парушэннем прыватнасці карыстальніц.

Умовы міравога пагаднення былі прадстаўлены 23 верасня вечарам у Федэральным судзе Сан-Францыска. Цяпер яны павінны атрымаць ухваленне суддзі Джэймса Доната.

Згодна з дакументамі, Google выплаціць $48 мільёнаў, а Flo — $8 мільёнаў. Кампанія Flurry, якая больш не існуе, а раней займалася мабільнай аналітыкай, яшчэ ў сакавіку ўрэгулявала прэтэнзіі на $3,5 мільёны.

Чацвёрты адказчык — Meta — ад здзелкі адмовілася і дайшла ў суд, а 4 жніўня пасля двухтыднёвага разбору была прызнаная вінаватай. Кампанія збіраецца падаць апеляцыю, а слуханне па вызначэнні сумы шкоды прызначанае на 30 верасня.

Google пайшла на здзелку за два тыдні да пачатку працэсу, Flo — ужо бліжэй да яго канца. Пры гэтым абедзве кампаніі не прызнаюць сябе вінаватымі.

Карыстальніцы сцвярджалі, што ў перыяд з лістапада 2016 года да лютага 2019 года Flo дзялілася асабістымі звесткамі пра менструацыі і цяжарнасці з іншымі адказчыкамі, хоць абяцала захоўваць усё ў таямніцы. Пазоўнікі спасылаліся на закон Каліфорніі аб недатыкальнасці прыватнага жыцця. Па ім за кожнае парушэнне можа прызначацца штраф у $5 тысяч, што ў тэорыі магло абярнуцца шматмільярднымі выплатамі.

Flo — гэта IT-кампанія, якую стварылі беларусы. Яна дабілася поспеху, распрацаваўшы папулярны дадатак для жаночага здароўя. Галоўны офіс кампаніі цяпер месціцца ў Вільні, штаб-кватэра — у Лондане, прадстаўніцтвы — у Нідэрландах і ЗША. Мінскі офіс цяпер закрыты.

Flo — другая кампанія-аднарог з беларускімі каранямі. Першай у 2021 годзе стала PandaDoc.

Чытайце таксама:

«Фандрайзінг — як спатканні… для нізкіх мужчын». Дзмітрый Гурскі, кіраўнік Flo Health, расказаў пра досвед прыцягнення інвестыцый

Бізнэсмен Юрый Гурскі страціў кантроль над кампаніяй Flo Health

«Трэба купляць латарэйны білет». Стваральнік кампаніі Flo падзяліўся сакрэтам поспеху

Каментары да артыкула