БЕЛ Ł РУС

У Кітаі аўстралійскі фільм пусцілі ў пракат змененым з дапамогай штучнага інтэлекту. Гей-пару ператварылі ў гетэрасексуальную

25.09.2025 / 11:54

Nashaniva.com

З дапамогай штучнага інтэлекту ў аўстралійскім фільме «Разам» твар аднаго з мужчын у гей-пары проста замянілі на жаночы. Такая падмена выклікала хвалю абурэння ў кінаколах.

Дэйв Франка і Элісан Бры на прэм'еры фільма «Together» («Разам»), у якім яны выканалі галоўныя ролі. Лос-Анджэлес, 23 ліпеня 2025 года. Фота: Monica Schipper / Getty Images

Як піша BBC, 12 верасня ў Кітаі прайшлі папярэднія паказы аўстралійскага фільма «Разам» (Together). Гэта быў абмежаваны старт перад шырокім пракатам, які мусіў адбыцца 19 верасня. Але ўжо пасля гэтых паказаў гледачы заўважылі, што некаторыя сцэны ў версіі для кітайскага пракату адрозніваюцца ад арыгінала.

Стужка — містычны бодзі-хорар аўстралійскага рэжысёра Майкла Шэнкса з Дэйвам Франка і Элісан Бры ў галоўных ролях. Яна распавядае пра пару, якая пераязджае ў сельскую мясцовасць і сутыкаецца з таямнічай сілай, што ўплывае на іх целы і адносіны. Прэм’ера адбылася на фестывалі Sundance у студзені, у ЗША і Аўстраліі фільм выйшаў у ліпені, атрымаўшы добрыя водгукі (90% на сайце кінааглядаў Rotten Tomatoes).

Але як толькі ў Кітаі пачаліся папярэднія паказы, гледачы заўважылі, што сцэны з сэксуальнымі і аголенымі эпізодамі былі падкарэктаваныя. У інтэрнэце распаўсюдзіліся скрыншоты, якія параўноўвалі арыгінальную версію з кітайскай.

Злева — кадр з фільма «Разам». Справа — той жа кадр, перамаляваны штучным інтэлектам

Твар аднаго з мужчын у гей-пары быў заменены на жаночы, каб стварыць уражанне гетэрасексуальных адносін. Таксама былі выдалены ўсе згадкі пра аднаполае каханне. Акрамя таго, цэнзары змянілі і іншыя сцэны: напрыклад, каб схаваць аголенае цела, яны дадалі пару ад гарачай вады.

ADAM AND STEVE TO ADAM AND EVE

Here’s a use of AI I bet you never thought of! The horror film “Together” featured a gay couple in a peripheral role (see below) that got magicked into a straight couple in the Chinese edition.

No spoilers, but this definitely makes the film make… pic.twitter.com/bsxw5019uj

— Angelica ⚛️ (@AngelicaOung) September 17, 2025

Рэакцыя ў кітайскіх сацыяльных сетках была вельмі негатыўнай. На папулярнай платформе Douban карыстальнікі пісалі: «Гэта ўжо не проста пытанне купюр — гэта скажэнне і падмена сэнсу».

Іншыя каментатары заўважалі: «Гэта проста скандал у свеце кіно… Калі вы настолькі неталерантныя, то і не трэба было купляць фільм для пракату. Гэта абсалютная непавага да чужой мастацкай творчасці».

Сусветны дыстрыб’ютар фільма, кампанія Neon, асудзіў гэтыя змены, заявіўшы, што не «ўхваляў гэтага несанкцыянаванага рэдагавання (…) і патрабуе спыніць распаўсюд» змененай версіі.

Як паведамляе Bloomberg, незразумела, хто зрабіў мантаж — ці гэта быў прэвентыўны акт самацэнзуры з боку мясцовых дыстрыб'ютараў ці прамы загад рэгулятараў.

Аднак з-за крытыкі, што распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках, кітайскі дыстрыб'ютар фільма прыпыніў яго шырокі пракат за дзень да запланаванай прэм'еры, спаслаўшыся на «змены ў плане распаўсюджвання фільма».

Гэты выпадак — не першы, калі ў Кітаі выкарыстоўваюць штучны інтэлект для цэнзуры. Напрыклад, у фільме «Опенгеймер» на аголеную гераіню Флорэнс П'ю «надзелі» чорную сукенку, згенераваную ШІ.

Цэнзура ЛГБТ-кантэнту з'яўляецца звычайнай практыкай у краіне, дзе аднаполыя шлюбы не прызнаюцца, а сама тэма застаецца табуяванай. Нягледзячы на дэкрыміналізацыю гомасэксуальнасці ў 1997 годзе, у апошнія гады ўлады Кітая ўзмацняюць ціск на ЛГБТ-супольнасць. Напрыклад, з лютага былі арыштаваныя як мінімум 30 аўтарак гей-эратычных твораў, амаль усе яны — жанчыны ва ўзросце каля 20 гадоў.

Чытайце таксама:

У Кітаі тэлебачанне цэнзуруе карцінкі з людзьмі без масак на Чэмпіянаце свету па футболе

У Кітаі адрэдагавалі апошні фільм пра Бонда

Нешта не сыходзіцца: Кітай можа хлусіць свету пра свой рэальны вайсковы бюджэт

Каментары да артыкула