БЕЛ Ł РУС

НАТА паабяцала выкарыстоўваць для абароны ад Расіі ўсе сродкі

23.09.2025 / 17:26

Nashaniva.com

Паводле паведамлення альянсу, за апошнія паўтары тыдні расійскія дроны і знішчальнікі некалькі разоў парушалі паветраную прастору трох краін НАТА. У адказ у Брусэлі заявілі, што Масква дэманструе «ўсё больш безадказныя паводзіны», якія могуць прывесці да эскалацыі і пагрозы жыццю людзей.

Фота: AP Photo / Geert Vanden Wijngaert

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ і новы прадстаўнік ЗША ў Радзе Бяспекі ААН Майк Уолц падкрэслілі: альянс будзе абараняць «кожны дзюйм» сваёй тэрыторыі і выкарыстае для гэтага ўсе неабходныя вайсковыя і невайсковыя інструменты.

На гэтым фоне прадстаўнікі ўладаў Польшчы, Літвы, Чэхіі і Германіі заявілі пра гатоўнасць збіваць любыя расійскія аб’екты, што ўварвуцца ў іх паветраную прастору. Сем краін ЕС на ўсходнім флангу НАТА абмяркоўваюць ідэю пабудовы «сцяны ад дронаў» на мяжы з Расіяй.

У Даніі, дзе 22 верасня былі зафіксаваныя невядомыя беспілотнікі, давялося закрыць аэрапорты. Прэм’ер-міністр Метэ Фрэдэрыксен назвала гэта сур’ёзнай атакай на крытычную інфраструктуру і дапусціла, што за ёй можа стаяць Масква.

Ужо двойчы за апошнія дні краіны НАТА склікалі кансультацыі па артыкуле 4 статута, які прымяняецца пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасці або бяспецы саюзнікаў. Гэта вельмі рэдкая працэдура — за ўсю гісторыю НАТА яе выкарыстоўвалі толькі дзевяць разоў, з іх тры — падчас вайны ва Украіне.

«Расія павінна тэрмінова спыніць небяспечныя паводзіны, — заявіў Майк Уолц у першым публічным выступленні пасля прызначэння ў пятніцу пастаянным прадстаўніком ЗША ў Радзе Бяспекі ААН. — Злучаныя Штаты стаяць на баку нашых саюзнікаў па НАТА… і будуць абараняць кожны дзюйм тэрыторыі НАТА».

Чытайце таксама:

Аэрапорты Даніі і Нарвегіі прыпынялі працу праз з'яўленне вялікіх дронаў

Зяленскі прапанаваў Польшчы і Румыніі знайсці супольнае рашэнне для барацьбы з расійскімі дронамі

Расійскія знішчальнікі парушылі паветраную прастору Эстоніі

«Ён мяне падвёў». У апошні дзень візіту ў Брытанію Трамп абмеркаваў са Стармерам ціск на Пуціна

Каментары да артыкула