БЕЛ Ł РУС

«Канапа за 6 тысяч ператварылася ў разваліну». Беларусы крытыкуюць якасць мэблі «Пінскдрэў»

23.09.2025 / 16:42

Nashaniva.com

Беларуска падзялілася ў тыктоку відэа, у якім паскардзілася на канапу «Рычманд» ад «Пінскдрэва». Мэбля каштавала каля 6 тысяч рублёў, але ўжо праз дзевяць месяцаў пачала рассыпацца: правалілася спальная частка, вырваўся шнур, стала ламацца драўляная дошка. Жанчына адзначыла, што канапа выкарыстоўваецца нячаста, таму хуткая паломка яе абурыла. У краме паабяцалі замяніць тавар, піша BGMedia.

Скрыншот з відэа

Пад гэтым допісам разгарэлася дыскусія. Большасць карыстальнікаў пагадзіліся, што «Пінскдрэў» у апошнія гады значна страціў у якасці:

«У мяне таксама была кутняя канапа. Праз два гады давялося выкінуць, таму што рамантаваць яе ніхто не ўзяўся»;

«Купляў дзецям ложкі. Павёўся на брэнд, маўляў якасць. А аказалася, што ў «Амі-мэбля» робяць не горш, ды і ў два разы танней»;

«Таксама купіла кутнюю канапу ў «Пінскдрэве». Пасля шасці месяцаў выкарыстання не канапа, а не зразумела што. Мы толькі на ёй сядзім, калі глядзім тэлевізар. І гэта вельмі рэдка».

@elena_sienkiewicz #мебель Пинск древ#бракиликачество ♬ оригинальный звук - Елена

Былыя супрацоўнікі фабрыкі таксама пацвярджаюць: нават дарагія мадэлі цяпер робяцца на аснове ДСП, таму служаць нядоўга.

Многія беларусы прызнаюцца, што ўжо даўно купляюць мэблю ў прыватнікаў ці ў іншых вытворцаў: і танней, і надзейней. Прыводзяць прыклады — «Саўлукоў» з Віцебска ці «Амі-мэбля». Людзі кажуць: «У Амі за такія грошы можна ўзяць шэсць канапаў і мяняць кожны год — усё адно будзе выгадней».

Некаторыя каментатары, праўда, абараняюць «Пінскдрэў», прыгадваючы старую мэблю, якая служыць дзесяцігоддзямі:

«У бацькоў канапа стаіць ужо 20 гадоў, да гэтага часу як новая. Але, напэўна, тыя часы прайшлі»;

«У нас кутняя канапа «Пінскдрэў» 14 гадоў, выкарыстоўваецца для сну, усё выдатна».

У цэлым абмеркаванні засведчылі, што калісьці паважаны брэнд «Пінскдрэва» цяпер страчвае давер. 

Чытайце таксама:

У эміграцыі памёр былы гаспадар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч

Хто перапрадае беларускі лес у Еўрасаюз і ці замяшаны тут «Пінскдрэў»

У Целяханах прадаюць завод, на якім выпускаліся беларускія лыжы

«Склалі на ўскрайку лесу — і цішыня». Лукашэнка запатрабаваў здабываць прыбытак з бураломаў

Каментары да артыкула