Што народ думае пра «Малочную справу»? Вось выказванні людзей
Інфармацыя аб пачатку суда над фігурантамі гучнай «малочнай справы» выклікала шырокае абмеркаванне ў тыктоку.
Ігар Брыло, памочнік Аляксандра Лукашэнкі і былы міністр сельскай гаспадаркі, сярод арыштаваных па малочнай справе
Пад адным з ролікаў «Нашай Нівы», прысвечаных «малочнай справе», сабралася амаль 900 каментарыяў.
Самым папулярным (звыш 2390 лайкаў) стаў каментарый: «Пасядзяць па годзе, па УДВ (умоўна-датэрміновае вызваленне) выйдуць і будуць дырэктарамі калгасаў…»
«Калі яшчэ пасадзяць. Такіх не садзяць, а перасаджваюць з аднаго крэсла ў іншае. Гэта калі рабацяга што сцягне, вось яго пасадзяць», — адказваюць аўтару.
Многія каментатары лічаць, што фігуранты «малочнай справы» «адкупяцца», «усіх адмажуць», «І нічога ім не будзе. Толькі простых рабацяг за каністру саляркі і мех зерня садзяць як небяспечных злачынцаў».
«Скітаў — бандыт з 90-х»
На другім месцы па папулярнасці (амаль 400 лайкаў) каментарый: «Скітаў, які змяніў прозвішча, — бандыт з 90-х. Увесь Барысаў пра гэта ведаў, а ўлады, аказалася, што не».
Шмат лайкаў атрымаў і каментарый наступнага зместу: «Скітаў — рэкецір з 90-х».
Іншы карыстальнік дадае: «Брыло раней таксама з бандытамі круціўся. Яны яго і вучылі ў інстытуце».
Іншыя ведаюць, што прозвішча галоўнага фігуранта справы па бацьку — Элькінд: «Пасля 90‑х ён узяў прозвішча маці — Скітаў».
Яшчэ адзін дзеліцца ўспамінамі: «Дакладна, дакладна, я з ягонай вёскі, ведаю ўсю сям'ю. Бацька іх стварыў саўгас «Гвардыя», саўгас-мільянер быў, вёска квітнела, шмат добрага для людзей зрабіў, у нас нават пральня ў вёсцы была, людзей не крыўдзіў, дамы будаваў, наогул, можна доўга працягваць. Памёр дырэктар — і панеслася: саўгас расцягнулі, разрабавалі новыя дырэктары, і зараз засталіся толькі ўспаміны. (…) Наогул не разумею, чаму ён памяняў прозвішча, саромецца такога прозвішча — гэта здрада памяці бацькі. Элькінд — прозвішча іх бацькі, Віктар Маркавіч Элькінд».
«Добры быў чалавек. І як кіраўнік таксама. Саўгас квітнеў, былі працоўныя месцы», — дадае яшчэ адзін.
Канфіскаваць
Прапанова «Канфіскаванае аддаць на лекаванне хворых дзяцей» набрала амаль 370 лайкаў.
Але многія не вераць у такое выкарыстанне гэтых грошай.
«Пойдзе ў даход аднаго чалавека», «Ага, абавязкова, не смяшыце», «Эх, рассмяшыў», «У даход дэпутатам», — заўважаюць у адказ.
«З кім не падзяліўся?»
«Хто ж іх заклаў? З кім не падзяліліся?» — гэты каментарый стаў чацвёртым па колькасці лайкаў (звыш 300 лайкаў).
«З самым галоўным», — адказвае нехта.
Адна з карыстальніц, мяркуючы з каментарыя, расіянка, здзіўляецца:
«Я думала, у Беларусі такога ўжо няма, как у нас. Выяўляецца, і там карупцыя цвіце яркім цветам!».
«Але ўсё раскрываецца! І ўсіх караюць! Незалежна ад асобаў!» — адказвае ёй іншы чалавек.
«Не ўсіх, а толькі таго, хто не дзеліцца», — удакладняе іншы.
«Куды глядзіць прэзідэнт?»
«Усё б нічога, калі б прызначэнне на пасады гэтых крышталёва сумленных людзей не ўзгадняў сам Лукашэнка. Атрымліваецца, гэта найлепшыя?» — заўважае іншы і набрае 180 лайкаў.
«Куды глядзіць прэзідэнт?» — пытаецца адзін з каментатараў.
«А хто ж іх паставіў?», «Перажывае: адны злодзеі, а пасадзіць няма каго — усе свае», — адказваюць яму.
«А Рыгоравіч у курсе?» — цікавіцца нехта.
«Сёння прагартае тыкток і будзе ў курсе», — жартуе іншы.
«Рыгоравіч, зразумела, у курсе. Усе яны адной маззю мазаныя», — лічыць трэці.
Чытайце таксама:
«Грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах