БЕЛ Ł РУС

Беларуска расказала, як пасля закрыцця мяжы дабіралася ў Польшчу праз Калінінград

20.09.2025 / 20:50

Nashaniva.com

Пасля закрыцця польска-беларускага памежнага пераходу «Тэрэспаль» многія беларусы сталі шукаць іншыя маршруты для паездак у Польшчу ці вяртання ў Беларусь. Адзін з такіх маршрутаў — праз расійскі Калінінград. Беларуска Алена скарысталася ім і падзялілася сваім досведам у відэа, расказаўшы, наколькі гэта было зручна і колькі каштавалі квіткі, піша BG.Media.

Аэрапорт у Калінінградзе. Фота ілюстрацыйнае

«Напэўна, гэта самы абсурдны спосаб перасячэння шэнгенскай мяжы для беларусаў у 2025 годзе. Але нешта ў ім усё ж ёсць!» — дзеліцца беларуска.

Навіна пра закрыццё адзінага памежнага пункту з Польшчай здзівіла Алену:

«Як толькі палякі закрылі памежны пераход з Брэстам, я ў той жа дзень набываю квіткі на самалёт да Калінінграда. У першы дзень абвесткі пра закрыццё польска-беларускай мяжы квіткі каштавалі яшчэ вельмі танна. На жаль, я брала іх толькі ў адзін бок. Падчас усяго палёту я думала: «З Беларусі праз Калінінград у Польшчу… Вы сур’ёзна?»».

@elena_misukevich Подробнее - в моем инстаграм. #шенген #границабеларусьпольша #путешествия ♬ оригинальный звук - Elena Misukevich Trip

Пры гэтым жанчына адзначыла і плюсы такога шляху:

«Як мінімум, гэта было прыгожа, бо зверху можна было пабачыць Балтыйскае мора і знакамітую Куршскую касу. Сеўшы ў Калінінградзе, я адразу ж брала таксі і ехала на аўтавакзал. Там купляю квіток на самы бліжэйшы аўтобус да Гданьска. Добра, што ходзяць яны часта. Кошт такога квітка — €40».

«Праз 45 хвілін мы апынуліся на мяжы Мамонава — Гжэходкі. І за паўтары гадзіны самым ветлівым чынам мы прайшлі мяжу. І вось — вуаля! Мы ўжо ў Польшчы. Канешне, на мяжы мне даводзілася тлумачыць, чаму я лячу ў Партугалію са славацкай візай. Але ўсё ж пасля абеда я была ўжо ў Гданьску. Вырашыла нікуды далей не ляцець імем рэвалюцыі і правяла цудоўны вечар і раніцу ў Гданьску», — падкрэсліла Алена.

А што пра гэта думаюць іншыя беларусы?

Меркаванні падзяліліся: калі адных такі маршрут задаволіў праз танныя цэны, для іншых дарога праз Расію даволі нязручная з пункту гледжання лагістыкі.

Адзін карыстальнік спытаў аўтарку відэа, ці не прасцей ехаць праз літоўска-беларускую мяжу. Некаторыя яго падтрымалі, а іншыя не пагадзіліся:

«Нічога падобнага! Цяпер на мяжы за падсадку ў Літву бяруць па €100—150 з РБ да Вільні і назад — і толькі да Вільні! У той час, як квіток з Мінска да Калінінграда на самалёт каштуе 300—500 рублёў, і не трэба стаяць па дзесяць гадзін!»

«Я так ужо лётала два разы. Дарога туды-назад займае тры дні. Жыву ў Гданьску, гэта самы хуткі спосаб. Праз Літву ехаць нашмат даўжэй, а па цэнах выходзіць аднолькава».

Знайшліся і тыя карыстальнікі, якіх здзівіла, што мяжа з Расіяй адкрытая, а з Беларуссю — закрытая:

«То бок з Расіяй у іх мяжа адкрытая…»

«Вучэнні «Захад 2025» якраз актыўна праходзяць у Калінінградскай вобласці. Да польскай мяжы — можна дайсці пешшу. Але палякі закрываюць пераход з Брэстам, ад якога да месца вучэнняў 300—400 км».

Чытайце таксама:

У адказ на закрыццё Варшавай мяжы беларускія ўлады ўзялі ў закладнікі 1453 польскія фуры

«Простаму беларусу гэта няважна». Боты праводзяць чатыры розныя ўстаноўкі адносна закрыцця мяжы

«Паставілі перад фактам: альбо плацім, альбо застаемся». Група турыстаў з-за закрытай мяжы мела праблемы з вяртаннем дамоў

Ці можна везці з ЕС у Беларусь больш за 60 еўра наяўнымі? Адказалі ў мытні Літвы

Беларуска атрымала польскую візу, але не пачала па ёй ездзіць да закрыцця мяжы. Ці пусцяць яе цяпер у ЕС?

Каментары да артыкула