БЕЛ Ł РУС

Ізраіль унёс у чорны спіс сотні крыптакашалькоў, меркавана, звязаных з іранскімі спецслужбамі. Заблакаваныя $1,5 мільёна

21.09.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Ізраільскае Міністэрства абароны афіцыйна прызнала 187 крыптакашалькоў маёмасцю або інструментамі фінансавання Корпуса вартавых іранскай рэвалюцыі (КВІР). 39 з іх ужо заблакаваныя разам з $1,5 мільёна, якія на іх захоўваліся.

Ілюстрацыйная выява, згенераваная нейрасеткай

Міністэрства абароны Ізраіля на пачатку верасня выпусціла загад, згодна з якім 187 USDT-кашалькоў, пераважна ў сетцы Tron, прызналі звязанымі з КВІР. Гэта практычна арыенціроўка для біржаў і фінтэх-пасярэднікаў, каб не праводзіць транзакцыі з гэтымі адрасамі і падрыхтаваць канфіскацыю сродкаў з іх.

Elliptic паведамляе, што праз гэтыя 187 адрасоў сумарна прайшлі каля 1,5 мільёна USDT. Разам з тым не ўсе транзакцыі можна адназначна прыпісаць КВІР, бо частка адрасоў можа належаць крыптасэрвісам і быць часткай іх інфраструктуры.

У выніку 39 з гэтых кашалькоў былі ўнесены ў чорны спіс і на іх фактычна замарозілі каля 1,5 мільёна USDT, якія заставаліся на гэтых адрасах. Магчыма, і некаторыя іншыя кашалькі будуць замарожаныя неўзабаве.

Спіс, кажуць эксперты, патрэбны найперш для маніторынгу і спынення руху сродкаў, якія праходзілі праз гэтыя кашалькі. І гэта сігнал фінансавым арганізацыям пра тое, што Ізраіль плануе і надалей блакаваць крыптавалютныя сродкі Ірана.

Гэта не першая акцыя Ізраіля супраць крыптавалютных актываў Ірана. У чэрвені хакерская група Predatory Sparrow, меркавана звязаная з Ізраілем, узяла на сябе адказнасць за атаку на найбуйнейшую іранскую біржу Nobitex. Яны вывелі і знішчылі каля $90 мільёнаў у розных крыптаактывах. Аналітыкі і міжнародныя СМІ адзначалі, што Nobitex раней ужывалася як канал для аперацый, звязаных з КВІР.

А ў гэтым месяцы Міністэрства юстыцыі ЗША паведаміла пра канфіскацыю $585 тысяч у USDT з крыптакашалька іранскага грамадзяніна Махамада Абедзіна. Яго звязваюць з вытворчасцю навігацыйных сістэм для праграмы беспілотнікаў КВІР, уключна з «Шахедамі». 

Крок Ізраіля з’яўляецца часткай больш шырокай каардынаванай палітыкі: спалучэнне адміністрацыйных чорных спісаў, тэхнічнай блакіроўкі і грамадзянскіх канфіскацый у юрысдыкцыі ЗША.

Чытайце таксама:

Нідэрланды, як і Ірландыя, Славенія і Іспанія, прыгразілі байкатаваць «Еўрабачанне-2026», калі ў ім будзе ўдзельнічаць Ізраіль

Трамп блізкі да таго, каб абвясціць пра спыненне яшчэ адной вайны

Урад ЗША пачынае татальную праверку ўсіх 55 мільёнаў уладальнікаў амерыканскіх віз

Каментары да артыкула