Аранжавы рэйд, або Як украінцы ездзілі ў Мінск здымаць Лукашэнку
Дваццаць гадоў таму пяцёра украінцаў з моладзевай арганізацыі «Нацыянальны альянс» вырашылі падтрымаць сваіх беларускіх пабрацімаў і ўзялі ўдзел у «Чарнобыльскім шляху — 2005». Ігар Гузь, адзін з удзельнікаў той паездкі, цяпер народны дэпутат Украіны. У артыкуле, напісаным для «Нашай Нівы», ён аднаўляе храналогію тых падзей. Успаміны ён прысвяціў удзельніку той вылазкі, свайму сябру Сашку Машлаю «Готу», які загінуў на расійска-ўкраінскай вайне.
Ад рэдактара
Сярэдзіна нулявых гадоў, пра якія пойдзе гаворка ва ўспамінах, што друкуюцца ніжэй — вельмі супярэчлівы для беларускага дэмакратычнага руху перыяд. У ім было месца як рамантызму, так і сутыкненню з суровымі рэаліямі, як надзеям, так і расчараванням.
Прыйшоўшы да ўлады ў выніку дэмакратычных выбараў у 1994 годзе, Аляксандр Лукашэнка адразу дзейнічаў максімальна хутка і рашуча для дасягнення сваёй ключавой мэты — зламання дэмакратычных механізмаў і канцэнтрацыі ў сваіх руках абсалютнай улады. І гэта яму бліскуча ўдалося: хоць частка грамадства спрабавала аказваць супраціў, сілаў для таго, каб перашкодзіць скочванню краіны ў аўтарытарызм, не хапіла.
І калі ў першыя два гады апазіцыі яшчэ можна было спрабаваць супрацьстаяць Лукашэнку з выкарыстаннем парламенцкіх формаў змагання, то пасля канстытуцыйнага перавароту лістапада 1996 года парламент у Беларусі стаў толькі бутафорыяй. Апазіцыі для таго, каб неяк уплываць на сітуацыю, заставалася толькі вуліца, але і тут магчымасці ўсё больш змяншаліся — Лукашэнка паслядоўна выстройваў сваю сістэму ўсеагульнага кантролю над грамадскай актыўнасцю, абкатваючы яе на практыцы і пры патрэбе ўдасканальваючы, выпраўляючы недахопы і затыкаючы дзіркі. Усё, што магло патэнцыйна пагражаць асновам рэжыму, імкнуліся ці знішчыць яшчэ ў зародку, ці ўзяць пад нагляд і кантроль: той самы «прэвентыўны аўтарытарызм», пра які шмат пісаў заўчасна памерлы палітолаг Віталь Сіліцкі.
Да сярэдзіны нулявых увесь той бяздушны і бязлітасны механізм задушэння народных пратэстаў, які ва ўсёй красе раскрыўся ў 2020‑м і наступных гадах, быў ужо цалкам сфармаваны, адладжаны і гатовы да выкарыстання.
Іншая рэч — што разгортваць яго на поўную моц у той час не было патрэбы, паколькі народныя пратэсты не мелі той моцы, якая пагражала б самому існаванню рэжыму. Вулічныя пратэсты рэгулярна ладзіліся групамі самаахвярных актывістаў, але былі, як правіла, нешматлюднымі.
Гэта не азначала, што ўсе беларусы былі за Лукашэнку і ягоную палітыку. Аднак сама атмасфера ў краіне грамадскай актыўнасці не спрыяла, бо нават у многіх прынцыповых апанентаў рэжыму не было адчування, што вулічнымі акцыямі можна хоць нешта ва ўжо зацэментаванай сістэме змяніць. Здабыць жа праблемы можна было яшчэ і як.
Для масавых пратэстаў на сацыяльнай глебе час таксама тады не прыйшоў, бо нулявыя гады — акурат той перыяд, калі напоўніцу працавала лукашэнкаўская стратэгія ў адносінах з Расіяй пад вобразнай назвай «нафта ў абмен на пацалункі».
У той жа час падзеі, якія адбываліся ў свеце, надавалі беларускай апазіцыі аптымізму, бо акурат першая палова нулявых адзначылася шэрагам паспяховых народных выступленняў супраць аўтарытарных ці схільных да аўтарытарызму рэжымаў на постсавецкай прасторы, якія сталі ўмоўна называць «каляровымі рэвалюцыямі». У 2000 годзе ў Сербіі зрынулі Слабадана Мілошавіча. У лістападзе 2003 года адбылася «Рэвалюцыя руж» у Грузіі. У лістападзе 2004 — студзені 2005‑га «Аранжавая рэвалюцыя» перамагла ва Украіне, а ў сакавіку 2005‑га «Цюльпанавая рэвалюцыя» адбылася ў Кыргызстане.
Беларусы, якія марылі пра змены ва ўласнай краіне, не толькі ўважліва сачылі за гэтымі падзеямі, але таксама ім суперажывалі — яшчэ, натуральна, не ведаючы, што гэтыя народныя выступленні ў будучыні стануць крыніцай не толькі велізарнага натхнення, але і прывядуць нават іх непасрэдных удзельнікаў да вялікага расчаравання.
Але тады здавалася, што калі такая рэвалюцыйная хваля па рэгіёне ўжо пайшла і нібыта набыла такую моц, што яе не спыніць і не стрымаць, то Беларусь яна таксама не абміне. Тым больш што ўсе гэтыя паспяховыя змены ўлады праз народныя выступленні, пачынаючы з «Бульдозернай рэвалюцыі» ў Югаславіі, якая зрынула рэжым Слабадана Мілошавіча яшчэ ў 2000 годзе, зараджаліся на фоне пратэстаў супраць спробаў фальсіфікацыі мясцовымі рэжымамі вынікаў выбараў, а ў Беларусі акурат на 2006 год планавалася прэзідэнцкая выбарчая кампанія.
На фоне гэтых міжнародных падзей і ў прадчуванні хуткага старту шматабяцальнай электаральнай кампаніі вулічная актыўнасць беларускай апазіцыі актывізавалася. У яе авангардзе ішоў створаны ў 1997 годзе Малады Фронт, у якім акурат тады стала выходзіць на першыя ролі новая генерацыя лідараў, у тым ліку харызматычны Зміцер Дашкевіч.
Верылі тады ў перспектывы хуткай беларускай рэвалюцыі не толькі беларусы, але і іх ідэйныя аднадумцы ў іншых краінах. І не толькі верылі ды падтрымлівалі маральна, але і прыязджалі падтрымаць у барацьбе асабіста. Пра адзін з такіх эпізодаў са сваёй маладосці акурат і згадвае ва ўспамінах, якія друкуюцца ніжэй, украінскі палітык, дэпутат Вярхоўнай Рады і сустаршыня дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь!» Ігар Гузь.
Рэдактар
Ігар Гузь. Аранжавы рэйд, або Як украінцы ездзілі ў Мінск здымаць Лукашэнку
Па-першае, трэба вярнуць чытача ў атмасферу пачатку 2005 года. Перамагла Аранжавая рэвалюцыя, Віктар Юшчанка толькі распачаў выкананне абавязкаў прэзідэнта Украіны. У паветры — дух свабоды і перамогі. У грамадскім і палітычным жыцці ствараюцца дзясяткі новых арганізацый і інстытутаў.
Адна з іх — усеўкраінская моладзевая грамадская арганізацыя «Нацыянальны альянс», заснаваная ў Дзень Герояў Крут 29 студзеня 2005 года.
Адным з кірункаў дзейнасці арганізацыі была абрана беларуская лінія: дапамога апазіцыйным структурам у перамозе над рэжымам Лукашэнкі. Ключавым ініцыятарам гэтага працэсу быў член арганізацыі, беларус Ігар Шчакарэвіч «Сябар», які апынуўся ва Украіне пасля палітычна матываванага крымінальнага пераследу на радзіме.
Зміцер Дашкевіч (у будучыні палітзняволены), Ігар Гузь і Барыс Гарэцкі (цяперашні намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў)
Рыхтуючыся да паездкі, мы ўжо ведалі пра папярэдні досвед украінцаў з УНСА ў падзеях 1996 года, калі падчас таго ж «Чарнобыльскага шляху» нашы суайчыннікі далучыліся да найбольшай на той час пратэставай акцыі з колькасцю больш за 50 тысяч чалавек. Менавіта на 1996 год прыйшоўся пік супраціву Лукашэнку. На жаль, частка УНСАўцаў атрымала рэальныя тэрміны зняволення.
А я сам меў досвед 2003 года, калі разам з лідарамі УНСА Русланам Зайчанкам і Ігарам Мазурам наведаў з’езд найбольшай апазіцыйнай беларускай моладзевай арганізацыі «Малады Фронт».
У Мінск паехалі пяцёра: я, «Гот» Аляксандр Машлай з Роўна, «Грэмлін» Андрэй Грымалюк з Івана-Франкоўска і двое лучан — «Рамэа» Аляксей Панасюк і «Бойка» Андрэй Бокач. Шосты калега, на той час кіраўнік кіеўскага аддзялення Нацыянальнага альянсу «Хакер» Аляксей Плотнікаў, не паспеў на цягнік і застаўся ў Кіеве.
Паездка цягніком прайшла без прыгод, і ўжо ў Мінску нас сустрэлі сябры з «Маладога Фронту». Адным з нашых заданняў быў падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж «Нацыянальным альянсам» і «Маладым Фронтам». Гэта здарылася на наступны дзень у офісе адной з беларускіх апазіцыйных партый, пасля чаго для мясцовых СМІ была арганізаваная прэс-канферэнцыя.
На наступны дзень мы ўжо былі сярод удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху». Трэба адзначыць, што, акрамя беларусаў, мы каардынаваліся з расійскім апазіцыйным моладзевым аб’яднаннем «Абарона», сярод лідараў якога былі Алег Казлоўскі і Ілья Яшын. Апошні ў 2024 годзе стаў удзельнікам вядомага палітычнага абмену паміж амерыканцамі і расіянамі.
Акцыя пратэсту сабрала каля 500 удзельнікаў. Можна параўнаць гэтую лічбу з 50 000 у 1996 годзе. Сярод удзельнікаў пераважна была моладзь, хоць прыйшлі і прадстаўнікі апазіцыі старэйшага ўзросту. Як заўсёды, акцыю ўлада забараніла, а раён правядзення акружылі розныя падраздзяленні міліцыі, перш за ўсё АМАП.
Пасля выступаў арганізатараў, сярод якіх вылучаўся лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, слова далі мне і прадстаўнікам «Абароны». Далей мы вынулі спецыяльна прывезеныя з Кіева жоўта-блакітныя і аранжавыя сцягі і паспрабавалі арганізаваць шэсце цэнтральным праспектам Мінска.
Але праз некалькі хвілін АМАП жорстка разагнаў працэсію, а найбольш актыўных удзельнікаў загналі ў аўтобусы. На маю спробу пачаць дыскусію пра дэмакратычныя нормы, прадставіўшыся дэпутатам Луцкай гарадской рады, атрымаў удар нагой у галаву. Разбілі губу, пайшла кроў. Тое ж самае адбылося і з іншымі хлопцамі. Найбольш пацярпеў Зміцер, які ўжо ў аўтобусе чыніў сур’ёзны супраціў, адбіваючыся ад міліцыянтаў.
Нас прывезлі ў раённы аддзел міліцыі. Усё як ва Украіне (а я меў досвед удзелу ў акцыі «Украіна без Кучмы» 9 сакавіка 2001 года ў Кіеве): вобшук, пабоі, канфіскацыя рэчаў, пагрозы і ціск. Далей нас павезлі ў вядомае на ўсю краіну «Акрэсціна»— комплекс месцаў пазбаўлення волі ў Мінску, што складаўся з прыёмніка-раздзяляльніка для непаўналетніх (дом № 38), часовага ізалятара (№ 36а) і цэнтру ўтрымання парушальнікаў (№ 36).
Цікава, што чатырох украінцаў затрымалі на плошчы, а пяты, Аляксей Панасюк, адышоў зашыць парваныя штаны, і пра ягоны лёс мы не ведалі. На наша здзіўленне, у камеры, куды нас кінулі, ужо чакаў дружа «Рамэа» і яшчэ адзін выпадковы чалавек з вуліцы, якога таксама затрымалі «для кампаніі».
Далей суд. Мы вырашылі адмовіцца гаварыць па-руску і патрабаваць перакладчыка. Фармальна мы мелі рацыю, а беларускі суд да гэтага не быў гатовы. Перакладчыка шукалі некалькі гадзін. Пасля доўгіх перапалак адзін з нас атрымаў 9 сутак, тры па дзесяць, а Андрэй Бокач — пятнаццаць (быў найбольш вострым на язык падчас пасяджэння).
Пасля прысуду нас паасобку выклікалі на «сумоўе» з прадстаўнікамі беларускага КДБ. Там мы даведаліся, што справу хацелі перакваліфікаваць на крымінальную. Толькі пасля вяртання ў Кіеў мы ўбачылі некалькі відэарэпартажаў на беларускім дзяржаўным ТБ, дзе нас раўнялі з унсаўцамі і паказвалі нібыта канфіскаваную зброю. Лукашэнка спрабаваў ізаляваць беларусаў ад палітычнага ўплыву ўкраінцаў — удзельнікаў Аранжавай рэвалюцыі.
У камеры мы дамовіліся трымаць галадоўку на вадзе. І сапраўды, на працягу ўсяго тэрміну ў Акрэсціна ніхто з нас не з’еў і лыжкі ежы — пілі толькі сокі і ваду. У першыя дні было вельмі холадна: канец красавіка, Вялікдзень, а мы апынуліся за кратамі ў лёгкім адзенні. Замярзалі, пакуль у Мінск не прыехаў эмісар «Нацыянальнага альянсу» дружа «Поўнач» Уладзімір Антанюк і не перадаў спальнікі і кнігі. Як зараз памятаю, там прачытаў зборнік прац Яраслава Стэцька «Кіеў супраць Масквы».
Кожны дзень пачыналі з гімна Украіны. Наш спеў чулі ўсе навокал. Не спявалі, а крычалі. Успамінаецца, як украінскі консул Васіль Сярдэга прынёс нам кошык асвечаных ласункаў, але мы адмовіліся і перадалі яго нашым беларускім братам. Аднаму з нашых, «Грэмліну», стала дрэнна з-за язвы страўніка, але на прапанову спыніць галадоўку ён адказаў адмовай і трываў да канца.
У гэты час нашыя пабрацімы ва Украіне пачалі рашучыя дзеянні. Арганізавалі акцыю «Блакада»: фактычна паралізавалі працу пасольства Беларусі ў Кіеве, абгарнулі яго тэрыторыю калючым дротам, разбілі кругласутачнае намётавае мястэчка, штодня праводзілі мітынгі, прыцягваючы саюзнікаў з грамадскага і палітычнага асяроддзя.
Трэба аддаць належнае ўкраінскаму МЗС, якім тады кіраваў Барыс Тарасюк. Яны ўключыліся ў наша выратаванне. Асабліва на нашу падтрымку неаднаразова выступаў у медыя Валянцін Налівайчанка, які ў той час выказваў афіцыйную пазіцыю ведамства. МЗС Украіны накіраваў у Мінск тры ноты. Пераломнай стала публічная заява Віктара Юшчанкі, які заклікаў Лукашэнку вызваліць нас. І гэта падзейнічала.
Цікава, што расіян выпусцілі літаральна за некалькі дзён. Нас вызвалілі пасля дзесяці дзён за кратамі, а Аляксея Панасюка — пасля дзевяці. Павезлі да мяжы на мікрааўтобусе ўкраінскага пасольства. Падчас руху нас суправаджалі аўтамабілі спецслужбаў, якія паставілі ультыматум, каб мы не праводзілі прэс-канферэнцый у Беларусі.
Калі я трапіў у ванну ўжо ў Кіеве — сам сябе не пазнаў: скура і косці. Нас інструктавалі, як правільна выходзіць з галадоўкі: лёгкія супы, мінімум ежы. Але мы, маладыя і гарачыя, у першы ж вечар купілі вялікі торт і некалькі палачак каўбасы. Як у нас не стаў страўнік пасля гэтага — загадка.
Пасля вызвалення мы правялі прэс-канферэнцыю каля сцен пасольства Беларусі, а таксама сустрэліся з Барысам Тарасюком у МЗС. Мінула дзевяць гадоў — і я ўжо працаваў з ім плячо ў плячо ў камітэце па замежных справах парламента.
Кожнаму ўдзельніку беларускага ваяжу быў забаронены ўезд у Беларусь на пяць гадоў. А ў 2016 годзе мне яшчэ раз забаранілі ўезд — ужо як народнаму дэпутату.
Пасля гэтага «Нацыянальны альянс» максімальна ўцягнуўся ў «беларускае пытанне»: дзясяткі акцый, вышкалаў, супрацоўніцтва з сотнямі апазіцыйных актывістаў. У 2006 годзе падчас «Плошчы» затрымлівалі нашых актывістаў. А ўжо ў 2013 годзе ў Беларусі пад ціск трапіла маладзейшае пакаленне арганізацыі. Таксама мы садзейнічалі стварэнню атрада беларускіх добраахвотнікаў «Пагоня» у 2014 годзе і падтрымлівалі разгортванне Палка Каліноўскага ўжо ў 2022-м.
Два ўдзельнікі той паездкі бралі ўдзел у расійска-украінскай вайне — Андрэй Грымалюк і Аляксандр Машлай. На жаль, Сашко загінуў…
І хаця рэжым Лукашэнкі працягвае піць кроў беларускага народа, я лічу ўсе нашы дзеянні на падтрымку беларускага апазіцыйнага руху не дарэмнымі і апраўданымі.
Чытайце таксама:
Украінскі дэпутат, які апекаваўся беларусамі-добраахвотнікамі, трыумфальна пераабраўся ў Раду
«Маладому фронту» — 27 гадоў. Што рабіла і каго выхавала апазіцыйная «кузня кадраў»
Гісторыя беларускі, якая закахалася ва ўкраінскага вайскоўца і ездзіць да яго на фронт
Жонка загінулага ва Украіне беларуса-добраахвотніка Васіля Парфянкова пайшла на вайсковую службу