БЕЛ Ł РУС

У Століне да юбілею горада адкрылі сквер без травы і дрэваў, але з металічным сталом

18.09.2025 / 12:10

Ф. Раўбіч

Сёлета горад адзначае 470‑годдзе з моманту першага пісьмовага ўспаміну. Кіраўніцтва раёна вырашыла адзначыць юбілей, зрабіўшы вельмі сумнеўны падарунак гараджанам. 

Чорны металічны стол і крэслы пасярод сквера без травы і дрэваў. Спінкі крэслаў вышэйшыя за высаджаныя кволыя дубцы. Фота: тэлеграм канал «Столінскі раён». 

Адкрыццё сквера 470‑годдзя Століна па вуліцы Церашковай было прымеркавана да так званага Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасня.

Сквер адкрывалі ў аўральным рэжыме, быццам ніхто не быў гатовы да юбілею горада і ён нечакана зваліўся на галовы чыноўнікам. За дзень да адкрыцця, 16 верасня, на тэрыторыі будучага сквера яшчэ ва ўсю працавалі людзі, засыпаючы і раўняючы грунт і высаджваючы пад метр саджанцы.

За дзень да афіцыйнага адкрыцця сквера яшчэ ва ўсю ішло будаўніцтва. Фота: тэлеграм канал «Столінскі раён». 

На наступны дзень сквер адкрывалі ў завершаным выглядзе: без якіх-небудзь прыкмет травы, якая не магла прарасці за ноч, і без дрэў, замест якіх высадзілі кволыя нізенькія дубцы.

Па цэнтры сквера пляцоўка з шэрай бетоннай пліткі, да якой з розных бакоў падыходзяць роўныя дарожкі. Уздоўж дарожак расстаўлены абавязковы атрыбут беларускага добраўпарадкавання — каваныя лавы са сметніцамі.

Металічны каравай на металічным ручніку. Фота: тэлеграм канал «Столінскі раён». 

Галоўным акцэнтам сквера стаў чорны металічны стол з амаль дзясяткам такіх жа чорных металічных крэслаў. Стол накрыты чорным металічным ручніком, на якім стаіць металічны каравай — гэтая кампазіцыя, відаць, мусіла расказаць пра гасціннасць краю.

Памятны камень побач з месцам, дзе была закладзена капсула часу. Фота: тэлеграм канал «Столінскі раён». 

Шыльда на памятным камені з выявай Манькавіцкай сядзібы. Фота: тэлеграм канал «Столінскі раён».

«Тут разам злучыліся гісторыя, культура і традыцыі палешукоў. Гэта гісторыя горада, памяць аб Вялікай Перамозе, легенды пра паходжанне назвы, а таксама вобраз нашых людзей — працавітых, гасцінных і тых, хто дбае пра будучыню горада», — патлумачыў канцэпцыю на адкрыцці сквера старшыня Столінскага райвыканкама Аляксандр Пачко.

Металічны ручнік мае вострыя небяспечныя вуглы. Фота: тэлеграм канал «Столінскі раён». 

Металічны ручнік, які звісае са стала, мае вострыя вуглы, якімі можна разадраць адзенне і ногі — пра такія «дробязі» аўтары яўна не задумваліся.

Акрамя гэтага ў скверы закладзена капсула часу і пастаўлены вялікі камень з шыльдай пра закладку сквера. Шыльда ўпрыгожана выявай знішчанага ў вайну палаца Радзівілаў у суседніх Манькавічах.

Камень з планам горада. Фота: тэлеграм канал «Столінскі раён». 

Пад ногі паклалі вялікі круглы знак з чорнага каменю, з якога цяпер паўсюль робяць надмагіллі, на якім выгравіраваны план горада з яго славутасцямі, герб горада, уязны знак і вечны агонь.

Варта адзначыць, што ўсе надпісы выкананы па-беларуску і нават без памылак, але гэта не ратуе сквер. 

Чытайце таксама:

Архітэктар назваў тое, што зрабілі ў Нясвіжы, «карным упарадкаваннем»

Жыхары вёскі пад Баранавічамі папрасілі ў чыноўнікаў заасфальтаваць дарогу. Тыя геніяльна вырашылі праблему

Каментары да артыкула