Навукоўцы знайшлі самыя старажытныя прыклады муміфікацыі чалавечых целаў. Яны сушыліся дымам
Навукоўцы знайшлі самыя старажытныя сведчанні чалавечай муміфікацыі, узрост якіх складае каля 14 тысяч гадоў. Гэта амаль удвая старэй за ўсе раней вядомыя прыклады. Даследаванне, апублікаванае ў аўтарытэтным часопісе PNAS, засведчыла, што людзі ў Паўднёва-Усходняй Азіі ўжо ў палеаліце мелі складаную практыку падрыхтоўкі целаў памерлых да пахавання, піша CNN.
Фота: Hirofumi Matsumura / Australian National University
Для даследавання былі прааналізаваныя 54 пахаванні, знойдзеныя на 11 археалагічных помніках у паўднёвым Кітаі, паўночным В’етнаме і на інданезійскім востраве Суматра. Асаблівасцю гэтых пахаванняў сталі незвычайныя позы целаў — людзі былі пахаваныя стоячы на кукішках, што выглядала анатамічна немагчымым. Гэта дало падставы меркаваць, што да пахавання целы неяк спецыяльна апрацоўваліся.
Далейшы аналіз костак паказаў прыкметы ўздзеяння на іх цяпла. У многіх выпадках былі заўважаныя абвугленыя ўчасткі на локцях, чэрапе і ніжніх канечнасцях. Пры гэтым увесь шкілет не быў пашкоджаны агнём, таму версію пра крэмацыю даследчыкі выключылі. Пры мікраскапічным вывучэнні высветлілася, што каля 84% костак змянілі сваю мікраструктуру пад уздзеяннем нізкатэмпературнага нагрэву.
На падставе гэтых даных навукоўцы прыйшлі да высновы, што старажытныя людзі выкарыстоўвалі тэхніку падсушвання целаў дымам. Цела змяшчалі ў сагнутай позе над агнём, які гарэў пры нізкай тэмпературы, і дым паступова выдаляў вільгаць з тканак. Пасля гэтага высушаныя парэшткі пераносілі да месца пахавання. Так целы фактычна муміфікаваліся.
Фота: Hirofumi Matsumura / Australian National University
Найстаражытнейшы прыклад быў выяўлены ў Паўночным В’етнаме — гэта костка рукі, узрост якой ацэньваецца прыкладна ў 14 тысяч гадоў. Іншыя пахаванні, датаваныя ад 12 да 4 тысяч гадоў таму, сведчаць, што гэтая практыка працягвалася тысячагоддзямі ў розных рэгіёнах Паўднёва-Усходняй Азіі.
Да гэтага часу самым старажытным прыкладам муміфікацыі лічыліся муміі культуры Чынчора ў Чылі, якім каля 7 тысяч гадоў, і прыклады з Егіпта ўзростам каля 4,5 тысяч гадоў. Новая знаходка амаль удвая старэйшая і паказвае, што тэхнікі апрацоўкі целаў маглі ўзнікнуць значна раней, чым лічылася дагэтуль.
Даследчыкі падкрэсліваюць, што гэтая практыка адлюстроўвае ўнікальнае спалучэнне тэхнікі, традыцый і вераванняў старажытных супольнасцяў Паўднёва-Усходняй Азіі. Цікава, што аналагічны метад — падсушванне целаў дымам — і сёння застаецца часткай традыцыйных абрадаў у Папуа — Новай Гвінеі.
Чытайце таксама:
У Егіпце ўпершыню за стагоддзе зноў знайшлі грабніцу фараона
У Мексіцы ўфолаг паказаў целы «прышэльцаў», якім можа быць 1000 гадоў
Навукоўцы: эўтаназія, магчыма, існавала ў імперыі інкаў