БЕЛ Ł РУС

Ва ўкраінскі палон трапілі яшчэ трое грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расіі. Усе яны былі судзімыя

17.09.2025 / 15:51

Nashaniva.com

Ва Украіне спіс беларускіх палонных павялічыўся яшчэ на тры чалавекі. Цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 13 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расіі. Як паведамілі «Радыё Свабода» ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», які вядзе Каардынацыйны штаб Украіны па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, іх усіх узялі ў палон у канцы лета — пачатку восені на данецкім кірунку.

Рэклама службы ў расійскім войску на прыпынку ў Цверы

Імёны новых ваеннапалонных беларусаў:

Віктар Азямблоўскі. Фота з базы «Белпола»

Віктар Азямблоўскі падпісаў кантракт з расійскай арміяй 15 траўня 2025 года. Мае 25‑гадовага сына, з жонкай разышоўся.

Згодна з інфармацыяй аб’яднання былых сілавікоў BelPol, Азямблоўскі мае вялікую працоўную біяграфію, але часцей за ўсё ён нідзе не затрымліваўся больш як на год. Пачаў працаваць у 2003 годзе, маючы 26 гадоў. Першае месца працы — упраўленне адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска. Пасля працаваў на больш як 13 прадпрыемствах будаўнічага і камунальнага профілю, а таксама на Мінскім заводзе колавых цягачоў.

Найдаўжэй — 5 гадоў — ён працаваў на прадпрыемстве «Адзінаццаць», якое падпарадкоўваецца Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Беларусі. Яно знаходзіцца ў Ваўкавыску Гродзенскай вобласці і выпускае вялікі асартымент прадукцыі — мэблю, электратэхнічныя тавары, спецыяльнае адзенне і прадукты харчавання. Менавіта на гэтым прадпрыемстве ў 2017 годзе скончылася ягоная працоўная біяграфія, і, паводле звестак на 2021 год, больш нідзе ён не працаваў.

Судзімы за крадзяжы, нявыплату аліментаў, ухіленне ад адбывання пакарання і за парушэнне правіл знаходжання ў папраўчых установах.

Уладзіслаў Карлоўскі. Фота з базы «Белпола»

Уладзіслаў Карлоўскі падпісаў кантракт з расійскай арміяй у ліпені 2025 года.

У 2018 годзе вучыўся ў Дзяржынску ў абласным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі.

Паводле звестак BelPol, у 2021 годзе ён нідзе не працаваў.

Яго судзілі за шмат эпізодаў збыту псіхатропаў у складзе арганізаванай групы.

Руслан Купрацэвіч. Фота з базы «Белпола»

Руслан Купрацэвіч, як і Карлоўскі, таксама пачаў ваяваць супраць Украіны на баку Расіі сёлета ў ліпені.

Яны разам служылі ў 136‑й асобнай мотастралковай брыгадзе Сухапутных войскаў, якая дыслакуецца ў Дагестане і якой камандуе дагестанец.

Руслан Купрацэвіч асуджаны за крадзяжы.

Дарэчы, гэта першы вядомы выпадак, калі беларусаў залічылі ў адну брыгаду.

Чытайце таксама:

Стала вядома яшчэ пра аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расіі і трапіў у палон

Каго больш палонных: украінцаў ці расіян?

Прайшоў другі этап расійска-ўкраінскага абмену ваеннапалоннымі. Абмянялі і аднаго беларуса

Зяленскі: Расія адмаўляецца абменьваць беларускіх палонных ці палітвязняў

Украіна перадала Расіі яшчэ аднаго палоннага беларуса

Каментары да артыкула