БЕЛ Ł РУС

«У выніку ён сказаў мне: «Хопіць мяне шантажаваць, я хачу палюбавацца гэтымі дрэвамі». Аксана Колб расказала, пра што размаўляла са Статкевічам на мяжы

17.09.2025 / 10:26

Nashaniva.com

Ужо некалькі дзён няма дакладнай інфармацыі пра тое, дзе знаходзіцца палітык Мікалай Статкевіч. 11 верасня ён быў у ліку 52 зняволеных, якіх Аляксандр Лукашэнка выпусціў з турмаў, але адмовіўся пакідаць Беларусь. Экс-рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб расказала Deutsche Welle, пра што некалькі хвілін размаўляла са Статкевічам, калі той знаходзіўся на памежным пераходзе.

У той дзень журналістка Аксана Колб здолела датэлефанавацца да Мікалая Статкевіча, калі ён знаходзіўся на беларуска-літоўскай мяжы, каб угаварыць яго з’ехаць у Літву дзеля жонкі, Марыны Адамовіч. 

«Я спрабавала яго ўгаварыць. За некаторыя рэчы мне цяпер сорамна, бо, я думаю, я рабіла яму балюча, калі спрабавала націснуць на тое, што адчувае Марынa», — распавядае Аксана Колб.

«Ён гэта ведаў, я разумею, як яму было балюча слухаць, ён разумеў. Мы размаўлялі каля дзевяці хвілін».

Па словах Аксаны Колб, палітык расказаў, што ў зняволенні ён перанёс інфаркт, але яго голас гучаў як звычайна.

«Я не пачула ніякіх зменаў, я бачыла на камеры, як ён схуднеў, як згорбіўся. Па голасе зусім нічога. Ён такі ж рашучы, казаў, што «калі я зараз паддамся, калі прыму іх умовы, то ўсё маё жыццё пойдзе пад адхон».

«Сапраўды, ён усё жыццё змагаўся з рэжымам, ён хацеў лепшага для краіны, і для яго сапраўды, сысці з апошняй прыступкі, калі заставалася крыху, для яго непрымальна», — кажа журналістка.

Аксана Колб кажа, што Статкевіч разумеў, што калі ён вернецца ў Беларусь, ён зноў апынецца ў турме.

«І ў канцы ён сказаў: «Хопіць мяне шантажаваць, у мяне мала часу, я хачу падыхаць гэтым паветрам, палюбавацца гэтымі дрэвамі».

Чытайце таксама:

«Вызвалены» Статкевіч знайшоўся ў калоніі Глыбокага

Боты атрымалі новую метадычку пра Статкевіча

Ціханоўская заклікала сусветную супольнасць патрабаваць вызвалення Міколы Статкевіча

Жонка Статкевіча расказала, пра што паспела паразмаўляць з ім

Каментары да артыкула