БЕЛ Ł РУС

«Думаў, мяжу закрыюць толькі на ўезд». Беларус расказаў, як вяртаўся на аўтамабілі з Еўрасаюза

16.09.2025 / 18:12

Nashaniva.com

З 12 верасня Польшча цалкам закрыла мяжу з Беларуссю. Гэта ўскладніла лагістыку і кампаніям, якія перавозяць грузы або адпраўляюць турыстаў у аўтобусныя туры, і звычайным падарожнікам. Панервавацца давялося і тым, хто ў гэтыя дні вяртаецца з адпачынку на ўласным аўтамабілі. Выданне Office Life пагутарыла з адным з такіх беларусаў, у якога зваротная дарога апынулася прыкметна даўжэйшай, чым чакалася.

Чарга з легкавікоў на выезд з Літвы ў Беларусь. Фота: Office Life

З 16 жніўня 2024 года пункт пропуску «Брэст» на польска-беларускай мяжы стаў адзіным, дзе паміж Беларуссю і ЕС бесперашкодна прапускаюць машыны з беларускімі нумарамі. Літва з гэтай даты закрыла ўезд такім аўтамабілям, за выключэннем тых, гаспадары якіх маюць ДНЖ у гэтай краіне. Забарона дзейнічае і з боку Латвіі.

Праўда, на перыяд закрыцця мяжы паміж Беларуссю і Польшчай літоўскі бок часова дазволіў праязджаць аўтамабілям з беларускімі нумарамі. Але гаворка ідзе толькі пра вяртанне ў Беларусь.

Беларус Аляксандр у пачатку верасня заехаў у Польшчу на сваёй машыне праз пункт пропуску «Брэст». Навіна пра закрыццё польскай мяжы заспела яго ў гарах Чэхіі.

«На той момант я падумаў, што выпусціць то павінны. Мяжу калі і закрыюць, то, хутчэй за ўсё, на ўезд. Толькі засяліўся ў гатэль, наперадзе пяць дзён адпачынку, таму вырашыў не дзёргацца», — расказвае суразмоўца.

Калі 12 верасня стала зразумела, што мяжу закрылі і на ўезд, і на выезд, Аляксандр пачаў маніторыць чаты. Там на наступны дзень і даведаўся з паведамленняў, што з'явілася магчымасць праехаць праз Літву.

Спачатку не было зразумела, ці можна праехаць менавіта праз літоўскую тэрыторыю, але потым нехта ў чаце атрымаў афіцыйны адказ, што сапраўды можна ехаць транзітам на мяжу з Беларуссю для тых, хто заехаў праз Польшчу.

«У мяне па плане адпачынак быў да 14 або 15 верасня. Вырашыў паехаць у панядзелак, 15-га. Падумалі, што ўсе паедуць у нядзелю назад, — кажа Аляксандр. — І калі меркаваць па чатах, у суботу і нядзелю практычна не было чэргаў на выезд. Раніцай у панядзелак, калі я выязджаў з Варшавы, таксама пісалі пра сем-дзесяць машын. Але калі пад'ехаў да літоўскай мяжы да гадзіны чацвёртай, там ужо сабралася чарга на выезд з 80 машын, што для «Каменнага Лога» нямала».

Аляксандр адзначае, што пасля таго, як ён пад'ехаў да мяжы, туды адразу запусцілі каля 30 машын — чарга прыкметна зменшылася. Але пасля давялося пастаяць яшчэ некалькі гадзін: на літоўскую мяжу ўдалося заехаць у раёне восьмай гадзіны вечара.

«Памежнік спытаў, у нас ДНЖ ці візы, бо з ДНЖ можна без пытанняў ехаць на беларускіх нумарах, а вось з візамі — толькі транзітам і калі заехаў праз Польшчу. Больш нічога не пыталіся, усе разумеюць сітуацыю. У выніку літоўскую мяжу праехаў хвілін праз 20».

Па словах Аляксандра, да вечара панядзелка на выезд з Літвы чарга павялічылася: перад літоўскім шлагбаўмам у «Медніках» (з беларускага боку — «Каменны Лог») стаяла больш за сотню машын.

Суразмоўца адзначае, што ў асноўным аўтамабілі на літоўскай мяжы былі на беларускіх нумарах, а на нумарах ЕС — літаральна з дзясятак машын.

Пасля яшчэ пару гадзін пайшло на чаргу і праходжанне беларускай мяжы. А ў цэлым, па словах Аляксандра, сама працэдура перасячэння мяжы ў выніку аказалася даволі будзённай.

Чытайце таксама:

Расійскі пасол: Польшча яшчэ будзе апраўдвацца за закрыццё мяжы

Польшча не адкрые мяжу і пасля сканчэння вучэнняў «Захад»

На мяжы з Польшчай сабралася чарга з 1700 грузавікоў

МЗС Польшчы пра закрыццё мяжы: Думаем перш за ўсё пра дзяржаўную бяспеку, а не пра эканамічную выгаду або выдаткі

«З раніцы наш аўтобус быў дзясятым у чарзе». Што адбывацца на беларуска-латвійскай мяжы

«Жывём тут як у танку». Беларусы з памежжа расказалі, як перажываюць закрытую мяжу і вучэнні

Каментары да артыкула