БЕЛ Ł РУС

«Рэйв на заводзе». Зумеры падымаюць продажы беларускіх прадпрыемстваў, здымаючы вірусны кантэнт

24.09.2025 / 08:00

Nashaniva.com

Сваіх старонак у сацсетках, здаецца, сёння не мае толькі лянівы вытворца (ці той, каму не хапіла грошай на піяр-аддзел). Прыйшоўшы на некаторыя заводы і фабрыкі, зумеры дадалі агеньчыку карпаратыўным акаўнтам — яны здымаюць супрацоўнікаў у трэндавых тыктоках і гумараць.

Скрыншот: bela_cola_official / TikTok

Маркетолагі газіроўкі «Бела-Кола» з якімі толькі фарматамі не эксперыментавалі ў сацсетках — ладзілі конкурсы, прапаноўвалі аўтарскі гараскоп, паўтаралі ўсе трэнды з тыктоку, закраналі ў відэамініяцюрах хайповыя тэмы сям’і і стасункаў, але іх відэа стрэльнулі толькі тады, калі ў роліках пачалі здымацца простыя работнікі.

Самае папулярнае відэа ў тыктоку «Бела-Колы» — аўтарская версія прачытання трэку «Сіліконавы гном» Мэйбі Бэйбі — цяпер мае амаль сем мільёнаў праглядаў. У яго цэнтры — супрацоўніца Аксана, якая за пару папярэдніх ролікаў зрабілася сапраўднай зоркай, якую чакаюць у кожным новым сюжэце і непакояцца, калі яна там не з’яўляецца.

Аксана не толькі любіміца публікі, але і душа калектыву, што даказвае гэтае гумарыстычнае відэа, дзе яе здымкі стаяць на застаўках тэлефонаў усіх мужчын завода.

Пачаўся, дарэчы, зорны шлях рабочых «Бела-Колы» з трэнду пад песню «Свага». Тут яны прэзентуюць апошнюю навінку — колу са смакам ванільнага зефіру ад «Першы бабруйскі». Лепш за ўсё шматлікія рэакцыі на ролік сфармулявала адна з каментатарак: «Я так разумею, у нашых брэндаў і служб кшталту МНС нейкае спаборніцтва па крэатыўнасці. Нам падабаецца, працягвайце».

Завод нават паспеў аператыўна адрэагаваць на рэйв у Нацыянальным дзіцячым цэнтры «Зубраня», спалучыўшы яго з песняй Таццяны Буланавай (яе творчасць зараз таксама ў трэндзе, дзякуючы «энергаашчадным» танцорам).

Жабінкаўскі цукровы завод, як і «Бела-Кола», атрымаў у тыктоку найбольш рэакцый, калі паклікаў у кадр супрацоўніка — самім маладым сммшчыкам у якасці акцёраў столькі лайкаў і не снілася.

Mark Formelle арыгінальнічаў у сацсетках тады, калі гэта яшчэ не было так распаўсюджана ў астатніх кампаній. І цяпер у іх досыць моцная smm-стратэгія. Адна з фішак — запрашэнне да калабарацый медыйных беларусаў з розных сфер. Так з’явіўся дуэт з папулярным цяпер тэхна-гуртом Policeinparis — паглядзіце, як мадэлі Mark Formelle разам з музыкамі адпальваюць пад рэмікс на «Песняроў» (адзін з удзельнікаў групы Уладзь Кульбіцкі — унук Мулявіна).

Пра любоў Mark Formelle да выкарыстання ў сваіх прома мужчын-мацакоў, здаецца, ведаюць ужо ўсе. Дарэчы, хто толькі ні запрашаў здымацца да сябе ў прома-роліках бодзібілдзера Дэвіда Ван Лі. Вось, напрыклад, варыянт з яго ўдзелам ад сеткі крам «Міла».

У Mark Formelle жа агулам здараюцца і больш цікавыя супрацы — напрыклад, з мінчуком Змітром Гослінгам, вядомым тым, што ён танчыць на розных станцыях метро (беларус сам называе сябе двайніком акцёра).

У маі гэтага года, паглядзеўшы на іншых калег, тыкток сабе вырашыў завесці Мінскі холадакамбінат №2. Пакуль, праўда, усе яго рэйтынгі трымаюцца выключна на даўно здабытай папулярнасці іх марозіва «Каштан», хаця аўтарка вельмі стараецца.

Намацвае свой стыль у тыктоку і «Камунарка». З апошніх папулярных ролікаў — шакаладка Алёнка, якая танчыць пад рэп-серэнаду аўтарства Ягора Крыда «Мне цябе мала».

Часам у рэкамендацыі тыктоку трапляюць цікавыя і чалавечыя ролікі ад «Інтэграла». 

А на «Амкадоры» паўтарылі дзіўную позу Нікі Мінаж з кліпа, якая нядаўна захапіла сацсеткі.

Але не толькі заводы навучыліся працаваць у сацсетках. Вірусныя відэа робіць, напрыклад, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

З нядаўняга — ратавальнікі таксама паўтаралі танец харэографаў Таццяны Буланавай. За кошт колькасці ўдзельніц і спецформы атрымалася вельмі відовішчна — ролік сабраў больш за мільён праглядаў.

Тут і вельмі шмат пазнавальных ролікаў з правіламі бяспекі. Напрыклад, так у МНС нагадалі вечнае, пра якое ўсё роўна некаторыя забываюць: «запалкі — не цацка для дзяцей».

А такім танцам з серыялы «Уэнсдэй» супрацоўніца МНС паўтарала правілы бяспекі напярэдадні новага купальнага сезона.

Самым жа запатрабаваным фарматам у ратаўнікоў сталі мемныя відэа з жывёламі (асабліва з катамі).

Найбольш папулярны ролік МНС пакуль не перакрочыў планку ў тры мільёны, іх амаль даганяюць памежнікі, якія таксама любяць мемы. Праўда, бачна, як маладую крэатыўную энергію ў ведамстве часам праціскае афіцыйны ідэалагічны кантэнт.

Чытайце таксама:

Блогеркі масава запісваюць відэа ў шалёнай позе на шпільках. Што адбываецца?

«Слодыч» прыдумаў сваё заданне для «Гульні ў кальмара». Высветлілася, што шмат беларусаў даўно так гуляюць

Бабруйчанін праз тыкток запрасіў ахвотных на сельскую дыскатэку ў Глускім раёне. Паглядзіце, што атрымалася

«Ты зачапіла маю радзіму — і гэта подла». Рэперка з Беларусі запісала адказ Інстасамцы. Моладзь цяпер масава здымае пад яго тыктокі

Каментары да артыкула