БЕЛ Ł РУС

На мяжы з Польшчай сабралася чарга з 1700 грузавікоў

15.09.2025 / 22:23

Nashaniva.com

Па стане на 15 верасня ў электроннай чарзе на выезд у Польшчу праз пункт пропуску «Казловічы» зарэгістравана каля 1,7 тысячы грузавых аўтамабіляў. Пры гэтым больш за тысячу з іх маюць польскія нумары. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Уладзімір Арлоўскі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Першы інфармацыйны».

Фота ілюстрацыйнае

Уладзімір Арлоўскі адзначыў, што закрыццё Польшчай усіх памежных пераходаў, як пасажырскіх, так і грузавых, стала нечаканым як для перавозчыкаў, так і для звычайных людзей, якія планавалі свае паездкі.

Фізічныя асобы пачалі шукаць альтэрнатывы — ехаць праз Літву ці карыстацца авіяпералётамі. Але з грузамі сітуацыя складанейшая: лагістыку нельга перабудаваць за два-тры дні. У выніку частка грузаў, якія ішлі па чыгунцы, «захрасла» ў дарозе, а аўтатранспарт таксама застыў у чаканні.

Цяпер таварапаток фактычна прыпыніўся і незразумела, будзе закрыццё часовым ці працягнецца надоўга.

Па словах Уладзіміра Арлоўскага, беларускія мытныя і памежныя службы гатовыя за лічаныя гадзіны аднавіць працу ў любым пункце пропуску на мяжы з Еўрасаюзам — як на польскім, так і на літоўскім ці латвійскім кірунках. 

Чытайце таксама:

МЗС Польшчы пра закрыццё мяжы: Думаем перш за ўсё пра дзяржаўную бяспеку, а не пра эканамічную выгаду або выдаткі

Латвія пакуль не збіраецца закрываць мяжу з Беларуссю

«З раніцы наш аўтобус быў дзясятым у чарзе». Што адбывацца на беларуска-латвійскай мяжы

«Жывём тут як у танку». Беларусы з памежжа расказалі, як перажываюць закрытую мяжу і вучэнні

Перанакіраваць паток грузавікоў з закрытай польскай мяжы будзе складана. Вось у чым праблема

Каментары да артыкула