У Мінску уласнік гістарычнага будынка давёў яго да ручкі
Пракуратура Цэнтральнага раёна Мінска знайшла парушэнні ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Канстатуецца, што юрыдычная асоба, якая з’яўляецца ўласнікам будынка — матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, доўгі час не прымала належных мер для захавання аб’екта, дапусціўшы яго псаванне і неабгрунтаваныя пераўтварэнні.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Генеральная пракуратура
Пры аглядзе будынка пракурорскія работнікі адзначылі вельмі кепскі стан аб’екта: пашкоджаныя архітэктурныя элементы, інжынерныя камунікацыі і фасад. На даху расла расліннасць, у выніку чаго быў парушаны гідраізаляцыйны слой. Унутры будынка бачныя сляды вільгаці і цвілі з-за пранікання вады падчас ападкаў.
Усё гэта сведчыць пра невыкананне ўласнікам ахоўных абавязкаў адносна аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны.
Як вынік, пракурор раёна накіраваў дырэктару юрыдычнай асобы прадстаўленне з патрабаваннем ліквідаваць парушэнні і прычыны, якія іх выклікалі, а таксама ўзяць выкананне гэтага акта пад кантроль.
Што гэта за будынак, у паведамленні пракуратуры не ўдакладняецца.
Чытайце таксама:
Віцебскі музей папоўніў свае зборы пры дапамозе мытнікаў
Археолагі настойваюць, каб у Беларусі забаранілі металашукальнікі