У Польшчы зноў падымалі авіяцыю для барацьбы з дронамі і закрывалі Люблінскі аэрапорт
13 верасня Польшча часова закрывала паветраную прастору над аэрапортам Любліна праз пагрозу ўдару беспілотных лятальных апаратаў. Паводле паведамлення выдання Onet.pl, гэтае рашэнне было звязана з атакамі дронаў у рэгіёнах Украіны, якія мяжуюць з Польшчай.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Evgeniy Maloletka
Перад тым у Валынскай вобласці Украіны была аб’яўлена паветраная трывога з-за атак дронаў. Польскае аператыўнае камандаванне войскаў паведаміла, што прынятыя ўсе неабходныя меры.
Згодна з паведамленнем, у паветранай прасторы дзейнічалі польскія і саюзніцкія самалёты, а наземныя сістэмы супрацьпаветранай абароны і радыёлакацыйнай разведкі былі прыведзены ў максімальную баявую гатоўнасць. Мэты дзеянняў — прафілактыка і абарона паветранай прасторы і грамадзян, асабліва ў раёнах, блізкіх да зон пагрозы.
Прэс-сакратар аператыўнага камандавання падпалкоўнік Яцак Гарышэўскі падкрэсліў, што ў той момант не было факту парушэння паветранай прасторы, а дзеянні былі выключна прафілактычнымі.
Пазней Урадавы цэнтр бяспекі даслаў насельніцтву Люблінскага ваяводства папярэджанні пра пагрозу паветранай атакі і заклікаў выконваць інструкцыі адпведных службаў. У гарадах Холм і Свіднік былі ўключаныя сігналы паветранай трывогі.
Да 19:35 па мінскім часе наземныя сістэмы супрацьпаветранай абароны і радыёлакацыйнай разведкі вярнуліся да звычайнага рэжыму працы, а паветраная прастора над аэрапортам Любліна была зноў адкрытая.
«Палёты польскай і саюзніцкай авіяцыі ў нашай паветранай прасторы завершаныя», — адзначылі ў Аперацыйным камандаванні.
«Стан пагрозы адменены. Дзякую ўсім, хто быў задзейнічаны ў аперацыі ў паветры і на зямлі. Застаемся пільнымі», — напісаў у сацсетцы X прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Чытайце таксама:
У паветранай прасторы Румыніі перахапілі расійскі дрон
ЗША паабяцалі абараняць «кожны дзюйм» тэрыторыі НАТА
«Жывём тут як у танку». Беларусы з памежжа расказалі, як перажываюць закрытую мяжу і вучэнні