БЕЛ Ł РУС

Перанакіраваць паток грузавікоў з закрытай польскай мяжы будзе складана. Вось у чым праблема

12.09.2025 / 17:23

Nashaniva.com

Паток грузавікоў з Казловічаў перанакіраваць на Літву і Латвію складана не толькі таму, што там праязджала больш фур, чым праз тры астатнія пункты пропуску разам узятыя. Ёсць і юрыдычныя бар’еры.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Наша Ніва

Яшчэ з 18 лютага 2023 года існуюць абмежаванні на заезд польскіх грузавікоў у Беларусь. За выключэннем аўтавозаў і негабарытных грузавікоў, астатнія маюць права заязджаць на тэрыторыю Беларусі толькі праз беларуска-польскі ўчастак мяжы.

Ад 3 ліпеня 2023 года дадаліся яшчэ і абмежаванні для прычэпаў і паўпрычэпаў з польскай рэгістрацыяй.

Праз гэтую акалічнасць бізнэс, які быў вымушаны перанакіраваць грузы на іншыя межы, сутыкнуўся з праблемамі.

«Польскія перавозчыкі, з якімі працавалі раней, сказалі, што не могуць везці груз праз Літву або Латвію, бо гэта забаронена», — расказаў «Нашай Ніве» імпарцёр, які раней дастаўляў тавар праз «Казловічы».

З яго слоў, цяпер знайсці замену даволі складана, бо ўвесь пул перавозчыкаў, з якімі ён працаваў, быў польскім.

«Цяпер невядома, што рабіць. Спрабаваць шукаць нейкіх перавозчыкаў з Літвы або пачакаць, калі стане ясна, як надоўга мяжа можа заставацца закрытай», — кажа бізнэсмен.

Таксама суразмоўца кажа, што спадзяецца на тое, што беларускі бок у сувязі з сітуацыяй, якая склалася, скасуе гэтыя абмежаванні для польскіх перавозчыкаў.

Нагадаем, што калі праз «Казловічы» за апошнія суткі перад закрыццём праязджала па 600—800 грузавікоў, то праз два пункты пропуску на мяжы з Літвой і адзін з Латвіяй — усяго 200—250 грузавікоў.

Чытайце таксама:

Літва дазволіла машынам з беларускімі нумарамі, якія вяртаюцца ў Беларусь, перасякаць сваю мяжу

Кіраўнік МУС Літвы расказаў, у якім выпадку закрыюць мяжу з Беларуссю

Да закрыцця польскай мяжы туды не паспелі заехаць некалькі транспартных сродкаў

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю

Што будзе з беларусамі, якія паспеюць да закрыцця мяжы з Польшчай прайсці кантроль толькі ў адзін бок?

Каментары да артыкула