БЕЛ Ł РУС

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся

11.09.2025 / 14:15

Nashaniva.com

У Беларусі пасля чарговага візіту амерыканскай дэлегацыі вызваленыя 38 палітвязні і 14 грамадзян іншых краін. Вызваленых адразу дэпартавалі ў Літву. Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч адмовіўся выязджаць. НЕ вызваленыя ні Алесь Бяляцкі, ні Марыя Калеснікава, ні Павал Севярынец, ні Андрэй Пачобут, але сярод вызваленых нямала вядомых людзей. Сярод выпушчаных на свабоду — у тым ліку вялікая група былых журналістаў «Белсата».

Мікалай Статкевіч у турэмнай робе сядзіць у нейтральнай зоне паміж Беларуссю і Літвой. Скрыншот з анлайн-камеры Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа першым паведаміў, што з-за кратаў Беларусь вызваліла 52 палітычных зняволеных: як беларусаў, так і грамадзян заходніх краін, у тым ліку шэсць грамадзян Літвы.

Паводле яго слоў, сярод вызваленых — «дзеячы апазіцыі, журналісты, удзельнікі пратэстаў і грамадзяне замежных дзяржаў».

«Тое, што адбылося, — гэта велізарны дыпламатычны поспех для Амерыкі і ўсіх нас», — сказаў Наўседа.

Паводле Белта, усяго памілаваны 14 замежных грамадзян: 6 з іх — грамадзяне Літвы, па двое — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі.

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант пацвердзіла інфармацыю пра 52 вызваленых чалавек. Паводле яе слоў, Лукашэнка памілаваў вязняў, «зыходзячы з прынцыпаў гуманізму», «улічваўся таксама ўзрост асуджаных, стан здароўя, пытанні ўз'яднання сем'яў».

Яна дадала, што ўсе памілаваныя сёння пакінулі тэрыторыю Беларусі. Аднак у рэальнасці, як выявіцца, гэта было не так.

Палітвязняў прывезлі на мяжу калонай аўтобусаў — праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа. 

Першым чалавекам, пра вызваленне якога стала сёння вядома, — Алена Раманаўскене з санаторыя «Беларусь» у Друскеніках. Рэч у тым, што яна як грамадзянка Літвы адразу перасекла мяжу, тады як беларусам ставілі візы проста на граніцы.

Алену Раманаўскене сустракаў асабіста міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Фота МЗС Літвы

Яна была загадчыцай маркетынгавай службы санаторыя. Яе абвінавачвалі ў шпіянажы і асудзілі на 6 гадоў.

Гучнай навіною стала тое, што Мікола Статкевіч на свабодзе. Кандыдата ў прэзідэнты — 2010 утрымлівалі ў рэжыме інкамунікада ў глыбоцкай калоніі для рэцыдывістаў. Ён быў арыштаваны яшчэ да выбараў — 2020.

Але пазней з’явілася інфармацыя, што Статкевіч стаіць на нейтральнай паласе паміж Беларуссю і Літвой і адмаўляецца дэпартавацца.

Мікалай Статкевіч у турэмнай робе сядзіць у нейтральнай зоне паміж Беларуссю і Літвой. Скрыншот з анлайн-камеры Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі

Мікола Статкевіч. Архіўнае фота

69-гадовага экс-кандыдата ў прэзідэнты апошнія 2 гады і 7 месяцаў трымалі ў рэжыме інкамунікада ў турме Глыбокага, ад яго не было ні слова, ні вестачкі.

Таксама вызвалілі філосафа Уладзіміра Мацкевіча, які з 2021 года адбываў прысуджаны яму 5-гадовы тэрмін.

Сярод вызваленых — анархіст Мікола Дзядок, асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму.

Вызвалены таксама Ігар Лосік — заснавальнік канала «Беларусь галаўнога мозгу», адзін з самых таленавітых блогераў краіны, правёў за кратамі больш за 5 гадоў. А прысудзілі яму ўвогуле 15 гадоў. Ігар перажыў сямейную драму — у 2022-м арыштавалі яго жонку Дар’ю. Падчас зняволення яна вырашыла развесціся з Ігарам.

Вызвалілі і рэдактарку «Белсата» Ірыну Слаўнікаву. Яна правяла за кратамі амаль чатыры гады. Дастаць яе з закладнікаў удалося толькі за паўгода да вызвалення.

На волі — вядомы гродзенскі журналіст Павел Мажэйка. Яго затрымалі 30 жніўня 2022 года і асудзілі на 6 гадоў пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Сярод вызваленых палітвязняў — 73-гадовы прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук. Яго асудзілі 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

Вызвалены вядомы актывіст Зміцер Дашкевіч. 

У спісах вызваленых блогер Дзмітрый Казлоў, Шэры кот. Ён адбываў пакаранне ў калоніі для рэцыдывістаў у Мазыры.

Вядомы актывіст Павел Вінаградаў на свабодзе. 

Вызвалена гомельская журналістка Ларыса Шчыракова.

Гродзенская пенсіянерка Галіна Дзербыш з групы Міколы Аўтуховіча таксама вызваленая.

На свабодзе гомельскі журналіст Яўген Меркіс.

У спісе памілаваных Сяргей Спарыш, паплечнік Міколы Статкевіча. 

На свабодзе палітык Дзмітрый Кучук, лідар Партыі зялёных.

Рэдактар маладзечанскай Рэгіянальнай газеты Аляксандр Манцэвіч вызвалены.

Вызвалена брэсцкая журналістка Алена Цімашчук

На свабодзе евангельскі прапаведнік Мікалай Хіла.

Адпусцілі журналіста Паўла Падабеда.

Відэааператар Вячаслаў Лазараў выйшаў на свабоду з магілёўскай калоніі.

Вызвалілі палітвязня Яўгена Афнагеля, каардынатара «Еўрапейскай Беларусі».

На свабодзе Ілля Дубскі з Асіповічаў.

Вызваліўся 63-гадовы інжынер Андрэй Крылоў з Ваўкавыска.

Павел Нікіценка прыехаў на мяжу з бабруйскай калоніі. Работнік разлікова-даведкавага цэнтра з Віцебска атрымаў чатыры з паловай гады зняволення.

Сярод вызваленых Віталь Бандарук з Камянецкага раёна.

Якаў Шафарэнка з Брэста быў асуджаны за «масавыя беспарадкі». Цяпер ён на свабодзе.

Мінчук Яўген Сямёнаў сядзеў па шэрагу палітычных артыкулаў, а таксама за ўхіленне ад хатняй хіміі па наркатычным 328 артыкуле.

Глеб Гладкоўскі быў затрыманы ў Брэсце за каментары пра загінулага кадэбіста. Ён вядомы арганізатар аэраздымак квадракоптарамі.

Cвятаслаў Шубіч быў у шклоўскай калоніі. Ён асуджаны па палітычных артыкулах, а таксама па наркатычным.

Андрэй Сцепанькоў з Рагачоўскага раёна быў асуджаны па 10 палітычных артыкулах.

Андрэй Хвескавец з Пінска быў удзельнікам паслявыбарчых падзей у сваім горадзе.

НЕ вызваленыя ні Алесь Бяляцкі, ні Марыя Калеснікава, ні Павал Севярынец, ні Андрэй Пачобут.

Поўны спіс палітвязняў і замежных грамадзян, вызваленых у Беларусі 11 верасня 2025 года

1. Статкевіч Мікалай Віктаравіч, 12.08.1956 г. н.

2. Мацкевіч Уладзімір Уладзіміравіч, 14.05.1956 г. н.

3. Фядыніч Генадзь Фёдаравіч, 31.07.1957 г. н.

4. Ярашук Аляксандр Ільііч, 16.11.1951 г. н.

5. Дзядок Мікалай Аляксандравіч, 03.08.1988 г. н.

6. Кучук Дзмітрый Леанідавіч, 20.03.1974 г. н.

7. Дашкевіч Зміцер Вячаслававіч, 20.07.1981 г. н.

8. Афнагель Яўген Юр'евіч, 07.02.1979 г. н.

9. Вінаградаў Павел Юр'евіч, 24.04.1988 г. н.

10. Вінярскі Максім Аляксандравіч, 28.07.1981 г. н.

11. Войніч Андрэй Сяргеевіч, 15.04.1981 г. н.

12. Спарыш Сяргей Сяргеевіч, 11.07.1986 г. н.

13. Дзербыш Галіна Іванаўна, 05.08.1961 г. н.

14. Лосік Ігар Аляксандравіч, 20.05.1992 г. н.

15. Мажэйка Павел Іванавіч, 25.05.1978 г. н.

16. Манцэвіч Аляксандр Барысавіч, 05.08.1958 г. н.

17. Цімашчук Алена Пятроўна, 26.06.1993 г. н.

18. Слаўнікава Ірына Аляксандраўна, 12.07.1970 г. н.

19. Шчыракова Ларыса Фёдараўна, 13.04.1973 г. н.

20. Падабед Павел Васільевіч, 13.05.1979 г. н.

21. Лазараў Вячаслаў Дзмітрыевіч, 29.08.1976 г. н.

22. Меркіс Яўген Аляксандравіч, 08.11.1986 г. н.

23. Хіло Мікалай Мікалаевіч, 17.10.1983 г. н.

24. Дубскі Ілля Сяргеевіч, 23.03.1997 г. н.

25. Крылоў Андрэй Максімавіч, 15.10.1962 г. н.

26. Казлоў Дзмітрый Алегавіч, 26.04.1988 г. н.

27. Нікіценка Павел Міхайлавіч, 04.03.1987 г. н.

28. Бандарук Віталь Сяргеевіч, 18.02.1975 г. н.

29. Шафарэнка Якаў Аляксандравіч, 26.04.2000 г. н.

30. Сямёнаў Яўген Вітальевіч, 04.03.1986 г. н.

31. Гладкоўскі Глеб Уладзіміравіч, 06.05.1985 г. н.

32. Шубіч Святаслаў Юр'евіч, 16.10.1991 г. н.

33. Сцепанькоў Андрэй Леанідавіч, 05.12.1980 г. н.

34. Хвескавец Андрэй Сяргеевіч, 27.12.1997 г. н.

35. Сіленка Аляксей Дзмітрыевіч, 22.07.1989 г. н.

36. Цяпцееў Ігар Аляксеевіч, 29.07.1986 г. н.

37. Уласенка Віктар Валер'евіч, 05.05.1987 г. н.

38. Рызапур Цімур Набі аглы, 14.03.1983 г. н.

Замежныя грамадзяне

Вялікабрытанія:

39. Фенер Юлія Міхайлаўна, 15.02.1973 г. н.

Літва:

40. Раманаўскене Алена, 31.12.1964 г. н.

41. Чарняцевас Эдуардас, 27.06.1987 г. н.

42. Кавальчук Дзмітрый, 12.03.1987 г. н.

43. Рымкус Томас, 03.10.1980 г. н.

44. Сакалоўская Данута, 10.03.1975 г. н.

45. Рыхцэр Генадзь, 29.04.1970 г. н.

Латвія:

46. Шумас Іварс, 17.11.1989 г. н.

47. Асарс Эмілс, 18.09.2001 г. н.

Польшча:

48. Заневіч Кшыштаф, 06.08.1986 г. н.

49. Езутак Томаш Яцак, 12.09.1979 г. н.

Германія:

50. Фос Карстэн, 21.03.1964 г. н.

51. Шміт Вальдэмар, 06.12.1982 г. н.

Францыя:

52. Расандэр Манюэль, 22.02.1979 г. н.

Сёння, 11 верасня, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўніком Трампа Джонам Коўлам. На сустрэчы Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць пытанне «закладнікаў» і заключыць «вялікую здзелку».

Пасля сустрэчы з Лукашэнкам Джон Коўл таксама заявіў, што ЗША хочуць вярнуць пасольства ў Мінск. І гэта, паводле яго слоў, «пытанне найбліжэйшай будучыні». Таксама ён абвясціў, што ЗША здымаюць санкцыі з «Белавіі».

Мінулы раз пасля сустрэчы з Кітам Келагам 21 чэрвеня былі вызваленыя 14 палітвязняў на чале з Сяргеем Ціханоўскім.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула