БЕЛ Ł РУС

Расійскія і лукашэнкаўскія спецслужбы на фоне залёту дронаў у Польшчу правялі інфаатаку. Яе зладжанасць дае падставы думаць, што залёт быў спланаваны

10.09.2025 / 16:22

Nashaniva.com

Міністр лічбавай трансфармацыі Польшчы, віцэ-прэм’ер Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў, што спецслужбы Расіі і Беларусі правялі арганізаваную інфармацыйную атаку ў сацсетках на фоне інцыдэнту з расійскімі беспілотнікамі, якія парушылі паветраную прастору краіны.

Кшыштаф Гаўкоўскі. Фота: Foto Olimpik/NurPhoto via Getty Images

Паводле слоў польскага чыноўніка, падазроная актыўнасць у інтэрнэце пачалася яшчэ да таго, як апошнія дроны перасяклі мяжу з Польшчай.

Кібератак, непасрэдна звязаных з інцыдэнтам, у Польшчы не зафіксавана, але цэнтр кібербяспекі адзначыў значны рост дэзынфармацыйных паведамленняў. Шматлікія акаўнты, якія даўно не выкарыстоўваліся, раптам актывізаваліся і пачалі распаўсюджваць расійскія наратывы адносна мэтаў і прычын з’яўлення беспілотнікаў.

Гаўкоўскі падкрэсліў, што сам факт накіравання дронаў у Польшчу сведчыць пра спланаваную атаку з боку Расіі. Ён заявіў, што гэта бачна не толькі з разведвальных даных, але і па электронных сродках маніторынгу, якія выкарыстоўваліся падчас інцыдэнту.

Міністр таксама назваў галоўныя прыклады дэзынфармацыі і іх абвергнуў:

Ён падкрэсліў, што войскі дзейнічалі зладжана з першых хвілін, а апошнія беспілотнікі ўвайшлі ў Польшчу пасля шостай раніцы.

«Расія накіравала гэтыя беспілотнікі ў Польшчу. Расія нясе за іх адказнасць. Расійская Федэрацыя здзейсніла атаку на Польшчу. Любая іншая інфармацыя ў сацыяльных сетках, а таксама калі яна распаўсюджваецца рознымі СМІ, з'яўляецца хлуслівай», — сказаў Гаўкоўскі, заклікаўшы грамадства і СМІ не паддавацца на фэйкі.

Паводле яго, вынікі польскага аналізу ўжо перададзеныя ў адміністрацыі сацсетак, і Варшава чакае ад гэтых кампаній рэакцыі.

Што да заяваў беларускага Генштаба, які паведаміў, што папярэдзіў Польшчу пра набліжэнне дронаў, Гаўкоўскі заявіў: гэта нельга лічыць сапраўдным папярэджаннем:

«Усё роўна, хто якую інфармацыю падае. Таму што папярэджанні аб тым, што неапазнаныя лятальныя апараты пралятаюць праз пэўную тэрыторыю, рыхтуючыся нанесці ўдар па Польшчы, — гэта зусім не папярэджанні».

Ён адзначыў, што ўпершыню ў гісторыі беспілотнікі праляцелі ў бок Польшчы праз Беларусь — раней такія выпадкі здараліся толькі з боку Украіны і мелі выпадковы характар. А тое, што адбылося цяпер — не супадзенне.

Чытайце таксама:

У Расіі адмаўляюць, што запускалі дроны па Польшчы

Віктар Орбан выказаў салідарнасць з Польшчай у сувязі з атакай дронаў

Польскія вайскоўцы пацвердзілі, што абменьваліся з Беларуссю інфармацыяй аб расійскіх дронах

Туск: Значная частка расійскіх дронаў прыляцела ў Польшчу з Беларусі

У Польшчу заляцелі больш за два дзясяткі расійскіх дронаў, а не 10

Беларусь і Польшча сёння ўначы абменьваліся інфармацыяй пра расійскія беспілотнікі — генштаб Беларусі

Каментары да артыкула