БЕЛ Ł РУС

Казінае малако зробіць для вас тое, чаго больш нішто не зробіць

10.09.2025 / 21:16

Nashaniva.com

Вялікая канцэнтрацыя ў казіным малацэ некалькіх важных вітамінаў і правітаміну В5 абумоўлівае яго карысныя ўласцівасці.

Фота: Adriano Bacchella / REDA / Universal Images Group via Getty Images 

Як адзначаюць дэрматолагі ў інтэрв'ю выданню FITBook.de, дзякуючы ўнікальным тлушчам у сваім складзе казінае малако валодае магутным амаладжальным эфектам і дапамагае прадухіліць заўчаснае старэнне.

Малочныя тлушчы таксама супакойваюць і разгладжваюць скуру. Акрамя гэтага, у казіным малацэ значна больш вітамінаў, чым у каровіным — асабліва шмат вітаміну А, а таксама вітамінаў С, B і Е.

Вітамін А дзейнічае як антыаксідант, умацоўвае клеткі скуры і абараняе яе ад шкоднага ўплыву навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, ён рэгулюе імунітэт і можа падтрымліваць натуральную ахоўную функцыю скуры.

Па словах экспертаў, карысць на гэтым не заканчваецца. Вітамін Е абараняе скуру ад свабодных радыкалаў і можа істотна дапамагчы ў прафілактыцы раку скуры. Да таго ж, вітамін Е насычае вільгаццю рагавы слой эпідэрмісу і ўмацоўвае ахоўны бар'ер, робячы скуру мяккай і эластычнай.

Казінае малако выкарыстоўваецца нават у медыцыне. Правітамін В5 (таксама вядомы як пантэнол), які ўтрымліваецца ў казіным малацэ, мае супрацьзапаленчы і гаючы для ран эфект. Ён спрыяе глыбокаму ўвільгатненню, дзякуючы чаму сухія і патрэсканыя ўчасткі хутчэй аднаўляюцца.

Таму казінае малако выдатна пасуе для догляду за раздражнёнай скурай і нават можа дапамагчы пры нейрадэрміце. Правітамін В5 стымулюе абнаўленне клетак, што паскарае гаенне і знікненне сімптомаў праблем скуры.

Фота: Getty Images

Як правільна выкарыстоўваць казінае малако?

Спецыялісты запэўніваюць — каб адчуць усю сілу прыроды, можна выкарыстоўваць казінае малако ў чыстым выглядзе. Проста наносьце яго на твар ватным дыскам раніцай і ўвечары ў якасці ачышчальнага сродку. Акрамя таго, існуе шмат крэмаў, ласьёнаў і геляў для душа, якія ўтрымліваюць экстракты казінага малака.

Важная парада: пры куплі касметыкі звяртайце ўвагу, каб прадукты былі pH-нейтральнымі — гэта дапаможа пазбегнуць з'яўлення высыпанняў.

Дэрматолагі, аднак, рэкамендуюць выкарыстоўваць казінае малако толькі для сухой скуры, бо ёсць рызыка перагрузіць тлустую скуру ліпідамі (тлушчамі), што пагоршыць яе стан. Скура перастае дыхаць, што можа прывесці да з'яўлення вугроў.

Фота: Monty Rakusen / Getty images

Застаецца яшчэ адзін варыянт — класічны: піць малако. Перавага ў тым, што казінае малако змяшчае менш алергенаў, чым каровінае, і багатае на лінолевую кіслату. Гэта не толькі здымае запаленні, але і паляпшае стан скуры знутры, бо насычае арганізм карыснымі рэчывамі.

Але калі вы купляеце казінае малако ў людзей, не забывайцеся яго кіпяціць: рэч у тым, што праз яго можа перадавацца энцэфаліт, які козы чапляюць ад кляшчоў.

Чытайце таксама:

Чатыры вітаміны для сухой скуры

Малако: піць дзеля здароўя ці адмовіцца з-за шкоды? Навукоўцы даюць адказ

Здаровая скура, прыгожая фігура і барацьба з халестэрынам. Прычыны, чаму варта як мага часцей есці яйкі ўсмятку

Ці варта траціць грошы на харчовыя дабаўкі?

Каментары да артыкула