Малдова высылае супрацоўніка беларускага пасольства
Супрацоўнік амбасады Беларусі ў Кішынёве абвешчаны персонай нон грата. Пра гэта паведаміла выданне IPN са спасылкай на свае крыніцы, але афіцыйнага пацвярджэння пакуль няма.
Пасольства Беларусі ў Малдове. Фота: IPN
Супрацоўнік пасольства Беларусі ў Малдове быў абвешчаны персонай нон грата ўладамі Кішынёва, паведамілі крыніцы IPN, аднак ніякай афіцыйнай заявы з боку ўладаў не было.
У Міністэрстве замежных спраў выданню не пацвердзілі і не абверглі інфармацыю.
Якія прычыны леглі ў аснову рашэння, не паведамляецца.
Нагадаем, раней выданне Reform.news высветліла, што ў амбасадзе Беларусі ў Малдове працуе штатны афіцэр КДБ Уладзімір Зубкоў. Ці высылаюць менавіта гэтага супрацоўніка — невядома.
Інфармацыя пра дэпартацыю з'явілася пасля таго, як стала вядома пра выкрытую ў Еўропе беларускую шпіёнскую сетку. Былы намеснік кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Рэспублікі Малдова (SIS) Аляксандру Балан быў затрыманы ў Румыніі за працу на КДБ Беларусі.
Польшча таксама арыштавала беларускага шпіёна і выслала беларускага дыпламата, які «падтрымліваў агрэсіўныя дзеянні беларускага ўрада супраць Польшчы», паведаміў прэм’ер-міністр Дональд Туск, не падаючы іншых падрабязнасцяў.
Таксама Міністэрства замежных спраў Чэхіі паведаміла ў панядзелак пра дэпартацыю беларускага дыпламата, які падазраецца ў шпіянажы.