Дар‘я Шманай: Адчуваю сябе масквічкай
Масква ёй цалкам пасуе, мошчы Матроны — любімае месца ў расійскай сталіцы, у расіян і беларусаў — «адзіны культурны код». Рэдкай шаблоннасці інтэрв'ю дала расійскаму журналу «Евразимут» дарадца-пасланнік пасольства Рэспублікі Беларусь у РФ Дар'я Шманай. Выбралі тое нямногае, што хоць нешта гаворыць пра самую знакамітую дзяўчыну з лукашэнкаўскага кавуновага батальёна.
Фота: «Евразимут»
Аўтары спыталі Шманай, ці адчувае тая ўжо сябе масквічкай?
— Хутчэй так. Усё ж такі я тут ужо амаль 6 гадоў. Я пераехала ў Маскву ў пачатку 2020 года, у складаны перыяд, калі свет сутыкнуўся з пандэміяй каранавіруса і ў Расіі быў уведзены лакдаўн. Мне вельмі падабаецца Масква. Яна цудоўная ў любы час года, пастаянна развіваецца ў гарадскім асяроддзі. Я заўсёды любіла гэты горад, нават калі прыязджала сюды па працы. Адчуваю сябе тут вельмі камфортна. Масква мяне прыняла, хоць, як мне здаецца, з Масквой не бывае паўтонаў: яе можна або любіць, або ненавідзець. Я яе люблю, таму і прывыкла. Рытм жыцця ў Маскве супадае з маім асабістым рытмам, — адказала Шманай.
У яе таксама спыталі, што агульнага паміж нашымі краінамі, ці можна сказаць, што ў нас адзін культурны код?
— Безумоўна. У нас агульная мова, гісторыя, культурны код. Калі казаць пра адрозненні паміж краінамі, то яны, вядома, існуюць у геаграфіі, інфраструктуры, сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў. Але паміж сталіцамі я не бачу адрозненняў, за выключэннем, мабыць, рытму, тэмпу жыцця. У Маскве паток раніцай нясе цябе на працу, увечары — дадому. У Мінску жыццё больш размеркаванае, упарадкаванае, людзі няспешныя, спакойны дарожны рух. Калі я доўга знаходжуся ў Мінску па працы або асабістых справах, трохі сумую па маскоўскай дынаміцы, таму што ўжо прывыкла да яе. Як ні круці, Масква — гэта мегаполіс, а Мінск — дом, дзе цябе заўсёды чакаюць, — адказала Шманай.
На пытанне пра любімае месца ў расійскай сталіцы дарадца пасольства сказала, што гэта «Пакроўскі манастыр, дзе спачываюць мошчы Матроны Маскоўскай».
— Часам у вар’яцкім рытме надыходзіць выгаранне, бывае складана знайсці крыніцу сіл, таму што не ўсё атрымліваецца, і не заўсёды бывае лёгка. Бываюць перыяды адчаю і смутку, як ва ўсіх. У Пакроўскі манастыр я стараюся прыходзіць кожны месяц. Неабавязкова стаяць у велізарнай чарзе да іконы або мошчаў. Можна проста прайсціся па тэрыторыі, яна вельмі прыгожая, проста пасядзець на лаўцы, напоўніцца гэтай атмасферай, — расказала Шманай.
Дар'я Шманай і Наталля Эйсмант
32-гадовая Дар'я Шманай — удзельніца знакамітага кавуновага батальёна Лукашэнкі, яго асабістая памочніца, «Каралева Вясны — 2013», цяпер працуе ў беларускім пасольстве ў Маскве, але па-ранейшаму ў важных паездках суправаджае Лукашэнку.
Чытайце таксама:
Дзяўчаты, якія ездзілі з Лукашэнкам у ААЭ дзесяць гадоў таму — хто яны?
Дар'я Шманай прыехала на пахаванне Макея з сумкай ад «Іў Сэн Ларан»
Дар'я Шманай атрымала афіцыйнае прызначэнне
Шманай таксама купіла апартаменты коштам каля $150 тысяч. Яе суседка — легендарная Галіна Жураўкова