БЕЛ Ł РУС

Пратэстоўцы ў Катманду падпалілі рэзідэнцыю прэзідэнта і прэм'ера

9.09.2025 / 12:49

Nashaniva.com

Пратэстоўцы падпалілі гатэль Hilton, рэзідэнцыю прэм’ера, прэзідэнта і будынак парламента ў Непале. У гэтай азіяцкай краіне ўчора ўспыхнулі масавыя пратэсты з-за блакіроўкі двух дзясяткаў месенджараў. Пратэсты назвалі рэвалюцыяй зумераў.

Скрыншот відэа 

5 верасня мясцовыя ўлады заблакавалі YouTube, X (былы Twitter), Reddit, LinkedIn, WhatsApp, Facebook, Instagram. Урад запатрабаваў, каб усе платформы прызначылі ў краіне афіцыйных прадстаўнікоў, але не ўсе сацсеткі паспелі гэта зрабіць.

Учора тысячы маладых людзей выйшлі на вуліцы сталіцы краіны Катманду і зладзілі пратэсты. Сярэдні ўзрост пратэстоўцаў, паводле даных непальскіх СМІ, 15—25 гадоў.

Для разгону дэманстрантаў ужывалі слезацечны газ і адкрывалі агонь — у выніку загінулі 19 чалавек, больш за 500 пацярпелі, у тым ліку 28 паліцэйскіх.

На фоне пратэстаў быў часова закрыты аэрапорт у сталіцы Непала — Катманду, а ўсе рэйсы адменены.

Сёння ўрад заявіў, што не будзе блакаваць месенджары, а прэм’ер Непала Шарма Олі падаў у адстаўку. Усяго за некалькі гадзін да сваёй адстаўкі Олі заклікаў пратэстоўцаў да міру і стрыманасці, упрошваючы шукаць рашэнні шляхам дыялогу. Тым не менш, кіраўніка ўрада папрасіў пакінуць пасаду галоўнакамандуючы арміяй генерал Ашок Радж Сігдэль.

Арміі краіны давялося тэрмінова на верталётах эвакуяваць міністраў з аэрапорта.

Чытайце таксама:

У Непале людзі масава выйшлі пратэставаць супраць забароны сацсетак, паліцыя расстраляла дэманстрацыю

У Непале адмянілі забарону на сацсеткі пасля масавых пратэстаў зумераў, у ходзе якіх загінулі 19 чалавек

Прэм'ер-міністр Непала падаў у адстаўку

Каментары да артыкула